Skip to main content

Ці з’яўляецца Звеставанне Пана святам Марыі?

zvestavanne PanaСтаражытная літургія Касцёла падкрэслівае, што існуюць два “fiat”, якія ў гэты дзень змянілі чалавечую гісторыю. Першае прамаўляе Божы Сын, які кажа: “Вось іду [...] каб выканаць волю Тваю” (параўн. Гбр 10, 7), – гэта Яго згода на Уцелаўленне. Другое “fiat” – згода Марыі.

Урачыстасць Звеставання Пана адзначаецца ў Касцёле 25 сакавіка.

У Звеставанні сустракаюцца Божая і чалавечая волі. У адказе, які Марыя дае Богу, мы бачым сапраўдную веліч чалавека. Дзяўчына з Галілеі разбурае шаблон граху, ужо, здавалася б, упісаны ў структуру свету, і гаворыць: “Хачу служыць майму Пану”.

Сама назва ўрачыстасці непасрэдна ўказвае на тое, што галоўнай тэмай гэтага дня з’яўляецца Езус. На першым плане знаходзіцца не “тое, што Марыі”, а “тое, што Панскае”. Збаўца стаіць у цэнтры, Марыя – толькі Слуга, якая адчыняе Яму брамы ў жыццё свету. Але Яе роля ўсё ж неацэнная.

Богу патрабавалася Марыя, каб Езус мог нас адкупіць.

З “fiat” Марыі пачалася новая эра, у якой Бог знаходзіцца сярод нас. Сёння святая гісторыя свету рухаецца наперад новымі звеставаннямі, якія ідуць за тым першым і ў якіх кожны, як тады Марыя, адказвае Богу поўным даверу “так”. Таму “fiat” – найважнейшае з хрысціянскіх слоў. У ім ёсць штосьці з боскага “fiat”, якое стварала свет: “Няхай станецца святло. І сталася...” (Быц 1, 3), – i штосьці з богачалавечага “так” – згоды ў Садзе выпіць келіх Мукі. Чалавек паўтарае тое найсвяцейшае слова і атрымлівае ўдзел у стварэнні гісторыі збаўлення…

Звеставанне Марыі – першаўзор нашых сустрэч з Богам. Калі перакласці іх на мову сэрца, можна коратка сказаць, што Бог прыходзіць да чалавека, гаворыць: “Люблю цябе” – і працягвае руку. Як мы адрэагуем?

На любоў трэба адказаць любоўю. Звеставанне вучыць, што трэба ўсклікнуць, як Марыя: “Люблю Цябе!” – і прыняць працягнутую руку Бога. Тады любоў стане таксама даверам і ў нашых сэрцах паселяцца тры найвялікшыя цноты: вера, надзея і любоў.

Станем жа, як Марыя, прыладай у Божых планах!

Паводле “Слова Жыцця”, кс. Юрый Марціновіч

Рэдагавана: 25 Сакавіка 2025