Skip to main content

Жыццё замест смерці

abort25 сакавіка ў чарговы раз будзем мець магчымасць на 9 месяцаў узяць на сябе абавязак духоўнага ўсынаўлення зачатага дзіцяці. “Я заклікаю ўсіх вернікаў і ўсіх людзей добрай волі не вагаючыся змагацца за жыццё. Вазьміце ў рукі брашурку з малітвай і прамоўце разам з тысячамі іншых малітву, што, як мы верым, выратуе дзіця, якое знаходзіцца ва ўлонні маці і якому пагражае небяспека аборту”, – заклікае а. Пётр Франштэга OCD, сакратар Рады па справах сям’і пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.

Малітва духоўнага ўсынаўлення зачатага дзіцяці паўстала пасля фацімскіх аб’яўленняў. Невядомы аўтар з Руху блакітнай арміі Маці Божай Фацімскай, які дзейнічае на захадзе Еўропы і ў ЗША, ідэю малітвы ў інтэнцыі жыцця дзіцяці, якому пагражае аборт, выказаў у малітве “Пане Езу...”. Брашуру з гэтай малітвай знайшоў на бабінцы каталіцкай катэдры ў Лондане доктар Павел Мільцарэк, выкладчык хрысціянскай філасофіі ва Універсітэце кардынала Стэфана Вышынскага ў Варшаве (Польшча). Тэкст малітвы і сваё абавязацельства яе прыняць апублікаваў у 1987 годзе ў студзеньскім нумары “Рыцара Беззаганнай”. Айцы паўліны разам са студэнцкай моладдзю ў Варшаве ўжо 2 лютага 1987 года арганізавалі першыя рэкалекцыі і прысягі духоўнага ўсынаўлення ненароджанага дзіцяці. У сакавіку 1987 года з дазволу Варшаўскай мітрапалітальнай курыі быў выдадзены буклет з малітвай і складзены асноўныя друкаваныя выданні аб духоўным усынаўленні. Дзякуючы настойлівасці і заангажаванасці гэтая ідэя стала распаўсюджвацца па ўсёй Польшчы. Сёння яна вядома ў многіх краінах Еўропы і на іншых кантынентах: у Амерыцы, Азіі, Аўстраліі.

– Як даўно паўстала ініцыятыва духоўнага ўсынаўлення ненароджанага дзіцяці?

– У Беларусі гэтая форма малітвы стала распаўсюджвацца ў 90-х гадах мінулага стагоддзя. У 2010 годзе па ініцыятыве Рады па справах сям’і пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі былі надрукаваны брашуры з малітвай на беларускай мове і плакаты, якія заклікаюць да духоўнага ўсынаўлення ненароджанага дзіцяці. І так з года ў год ужо ў 15-ты раз мы друкуем усё больш і больш асобнікаў, радуючыся таму, што павялічваецца колькасць людзей, якія моляцца за зачатае жыццё, што знаходзіцца пад пагрозай аборту…

– На чым палягае сэнс духоўнага ўсынаўлення?

– Гаворка ідзе пра духоўны клопат пра зачатае дзіця, якое жыве ва ўлонні сваёй мамы, але няма ніякай гарантыі, што яно народзіцца, што з’явіцца на свет. Чаму няма гарантыі? Яго бацькі думаюць пра аборт. А паколькі цяжарнасць доўжыцца 9 месяцаў, то чалавек, які бярэ на сябе абавязак духоўнага ўсынаўлення, моліцца на працягу 9 месяцаў з намерам выратаваць гэтае дзіця. Моліцца кожны дзень, прамаўляючы малітву і адзін дзесятак Ружанца.

– Я не даведаюся, ці дзіцятка нарадзілася, калі малюся з гэтым намерам?

– Чалавек, які распачынае малітву, не ведае, за якое дзіця моліцца, і не выбірае нікога канкрэтнага, пакідаючы такое рашэнне Пану Богу. Ён лепш за ўсіх разумее, хто ў гэты момант мае патрэбу ў падтрымцы.

– У чым каштоўнасць заступніцкай малітвы?

– Мы створаны, каб валодаць зямлёй, каб удзельнічаць у цудзе стварэння свету. І гаворка ідзе не толькі аб нейкім фізічным дзеянні або выкананні якіх-небудзь учынкаў, але і аб духоўнай, унутранай сферы, якой з’яўляецца малітва. Апостал Якуб гаворыць: “Маліцеся адзін за аднаго, бо шмат можа шчырая малітва справядлівага” (параўн. Як 5, 16). Клопат адзін пра аднаго розным чынам – гэта мэта, якую ставіць перад намі Творца. Яе рэалізацыя прыносіць шмат карысці і таму, хто бярэ на сябе клопат пра іншага чалавека.

– Чаму варта заангажавацца ў духоўнае ўсынаўленне ненароджанага дзіцяці?

– Варта, таму што такім чынам мы вырываем дзіця з лап смерці. Таму найважнейшы эфект – жыццё замест смерці. Другі эфект гэтай настойлівай малітвы – змены, што адбываюцца ў чалавеку, які моліцца: матывацыя штодня прамаўляць адзін дзесятак Ружанца прымушае паглыбляць сваю сувязь з Богам, а вера ўмацоўваецца.

Малітва духоўнага ўсынаўлення таксама мае вялікае значэнне для людзей, якія пакутуюць у выніку здзейсненага аборту. Чалавек, што бярэ на сябе такі абавязак, падтрымлівае бацькоў зачатага дзіцяці, якія схіляюцца да аборту, і дапамагае ім выбіраць дабро. Малітва, мэта якой – выпрасіць жыццё, – гэта таксама просьба аб бласлаўленні на ўсё жыццё для дзіцяці, якое знаходзіцца пад апекай.

Паводле “Слова Жыцця”, Кацярына Паўлоўская, Ангеліна Пакачайла

Рэдагавана: 24 Сакавіка 2025