Веру ў моц святой Агаты
У першыя дні лютага – на Грамніцы, ва ўспамін св. Блажэя і св. Агаты – у касцёлах нашай краіны бласлаўляюць свечкі, а таксама хлеб, соль і ваду, якія сімвалізуюць Божую абарону людзей і маёмасці ад стыхійных бедстваў і розных хвароб.
“Св. Агату, якую ў Касцёле ўспамінаюць 5 лютага, часта называюць «вогненнай святой». На працягу стагоддзяў яна з’яўляецца адной з самых шанаваных хрысціянскіх святых. Вернікі просяць заступніцтва св. Агаты падчас буры, шторму, небяспекі пажару, вывяржэння вулкана, землятрусу ці ўраганнага ветру, – распавядае а. Аркадзь Куляха OCD, пробашч парафіi Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гудагаі (Астравецкі дэканат). Маладая дзяўчына жыла ў ІІІ стагоддзі на Сіцыліі. Прыняўшы хрысціянства, ахвяравала Богу дзявоцтва і адмовілася пакланяцца язычніцкім багам. За гэта яе зачынілі ў публічным доме, а затым падверглі катаванням, між іншым, адрэзалі грудзі. Памерла ў жорсткіх пакутах на распаленым вуголлі. У іканаграфіі св. Агата адлюстроўваецца ў доўгай сукенцы, з абцугамі.
Атрыбуты святой – хлеб, хата ў полымі, карона ў руках, пакутніцкая пальма, адсечаныя грудзі на чашы, паходня, запаленая свечка як сімвал Хрыста. З’яўляецца апякункай маці, якія кормяць грудзьмі, медсясцёр, пекараў і хворых на рак грудзей. Імя Агата (з грэч. agathós) азначае «добрая»”.
Ва ўспамін св. Агаты ў касцёлах бласлаўляюць хлеб, соль і ваду, якія вернікі па традыцыі старанна захоўваюць да наступнага года. “Людзі сведчаць, што соль тушыць агонь, а таксама ачышчае ваду ў калодзежы. Асвячоныя кавалачкі хлеба кладуць у дамах, гаспадарчых будынках, на дачах, у транспартныя сродкі і сельскагаспадарчую тэхніку, каб такім чынам прасіць Бога ахоўваць ад пажару і іншых няшчасцяў, – распавядае а. Аркадзь. – У сельскай мясцовасці падчас навальніцы абыходзяць дамы з выявай св. Агаты, каб абараніць жыллё ад удараў маланкі. Вяскоўцы даюць асвячоны хлеб і соль жывёле, каб засцерагчы яе ад хваробы. Бацькі часта перадаюць хлеб св. Агаты дзецям, якія пакідаюць родны дом, калі, напрыклад, едуць на вучобу ці ідуць у армію. Яго бяруць з сабою таксама ў бальніцу ці ў падарожжа, каб палегчыць разлуку, бо туга па доме, нібы агонь, спальвае сэрцы, і св. Агата павінна дапамагчы патушыць гэты пажар”.
Святар дадае, што хлеб, асвячоны ва ўспамін св. Агаты, – гэта не нейкі магічны прадмет, але сакраменталій, які мае мэтай наблізіць чалавека да Бога.
“Сакраменталіі не дзейнічаюць самі па сабе, – тлумачыць а. Аркадзь, – яны з’яўляюцца знакам блізкасці Бога і кіруюць нашы думкі да Яго непасрэдна альбо праз заступніцтва святога апекуна ды заахвочваюць даверыць сябе Госпаду, як гэта рабілі святыя. Наша сапраўдная сіла – гэта Бог!”. Па словах святара, асвячоныя рэчы трэба захоўваць з пашанай, і калі яны непрыгодныя для выкарыстання або замяняюцца, іх трэба годна знішчыць (напрыклад, ваду – выліць пад дрэва або ў вазу з кветкамі, хлеб – спаліць ці закапаць у зямлю).
Таццяна, Гродна
У дзяцінстве хлеб на свята св. Агаты заўсёды асвячала мая бабуля. Пазней ужо мама гэта рабіла і дзялілася з намі, сваімі дзецьмі. Сёння я асвячаю хлеб сама і дзялюся з іншымі.
Калі мае дзеці былі малыя, я клала маленькі кавалак асвячонага хлеба ў калыску пад матрасік. Для любой мамы самае важнае – яе дзіця, таму я імкнулася, каб яно было ў бяспецы, аддаючы пад апеку св. Агаты.
Зараз хлеб мы заўсёды кладзём у сумку, якую бярэм з сабой у дарогу, бо часта ездзім да мамы. Яшчэ адзін кавалачак пакідаем на кухні ў шафе. Штогод стараюся хлеб “абнавіць”.
Яўгенія, Ашмяны
Я памятаю з дзяцінства, што “святы” хлеб заўсёды бралі з сабой у дарогу: у школу, у падарожжа. Вось у радзільню я ехала нараджаць, і ў сумку абавязкова паклала.
Алеся, Ліда
Нашу хлеб св. Агаты з сабой – “перадалося” ад мамы. Яна заўсёды мне яго з сабой клала і казала: “Калі што, то памаліся, ён асвячоны, можаш і адкусіць”.
Памятаю, выпадак быў. У суседзяў пажар здарыўся: загарэлася летняя кухня. Забудова там вельмі шчыльная, і суседні гараж размяшчаўся вельмі блізка, за плотам менш за метр. Дык яго гаспадыня выбегла з хлебам, асвячоным у дзень св. Агаты, і каля гаража малілася. Полымя не перакінулася, усё засталося цэлае. Хоць летняя кухня згарэла.
А асвячоны хлеб я не выкідваю, збіраю. Потым закопваю.
Марыя, Рубяжэвічы (Мінская вобласць)
15 гадоў таму ў нашых суседзяў узняўся пажар. Гарэў хлеў, і агонь быў у наш бок. Існавала небяспека, што загарыцца і наш хлеў. Мне сказалі ўзяць хлеб св. Агаты, аббегчы палаючы хлеў тры разы і кінуць хлеб у цэнтр агню. Я так і зрабіла. Полымя на вачах выпрасталася слупам уверх, і пажар патушылі. Нашы пабудовы не пацярпелі, хоць вельмі блізка знаходзіліся адна ад адной, і было лета, спякота, суш. Гэта сапраўдны цуд! Увесь натоўп людзей гэта бачыў. Я вельмі веру ў моц св. Агаты.
Наталля, Гродна
Памятаю з дзяцінства, як мама прыносіла з касцёла хлеб св. Агаты, рэзала яго на маленькія кавалкі. Давала нам скаштаваць, зрабіўшы знак крыжа, і раздавала кожнаму ў кішэню. Брат мой, здаецца, з’ядаў гэты хлеб амаль адразу.
У той жа дзень мы даставалі з кішэні хлеб, асвячоны ў мінулым годзе. Мама яго размочвала і давала курачкам.
У юбілейным 2025 годзе з удзячнасцю азірнёмся на мінулае і з надзеяй паглядзім у будучыню. Св. Агата вучыць нас, што сапраўдная сіла заключаецца ў веры і даверы да Бога. Няхай гэты святы час стане часам духоўнага аднаўлення і ўмацавання нашых сувязей з Госпадам і адзін з адным.
Паводле “Слова Жыцця”, Вольга Сяліцкая