Skip to main content

Папа дае поўны адпуст з нагоды юбілею сясцёр назарэтанак

02 siostry 1У сувязі з 150-годдзем Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта папа Францішак удзяліў асаблівую ласку юбілейнага адпусту на ўвесь год. Святкаванне гэтага юбілею ўпісваецца ў Святы 2025 год, які хутка будзе адзначацца ў Паўсюдным Касцёле.

Юбілейны адпуст

Апостальская Пэнітэнцыярыя на моцы нададзеных ёй паўнамоцтваў папам Францішкам з нагоды святкавання юбілею заснавання Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта ласкава надала вернікам магчымасць атрымання поўнага адпусту (індульгенцыю) на звычайных умовах (споведзь, Камунія і малітва ў інтэнцыях Святога Айца). Для яго атрымання неабходна выканаць адзін з наступных крытэрыяў:

1) прачытаць малітву да святой Сям’і;

2) наведаць юбілейныя касцёлы (Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гродне, Перамянення Пана ў Навагрудку), манаскія капліцы, адгаворваючы індывідуальную або супольную форму малітвы;

3) прыняць удзел у арганізаваных сёстрамі назарэтанкамі юбілейных малітвах і літургічных цэлебрацыях, якія адбываюцца па-за святынямі (напрыклад, у парафіяльным касцёле) ці ў юбілейнай пілігрымцы.

Пажылыя, хворыя і тыя, хто за імі даглядае, а таксама ўсе, хто па сур’ёзных прычынах не ў стане выйсці з дому, могуць атрымаць поўны адпуст, маючы агіду да кожнага граху з намерам выправіцца як мага хутчэй. Неабходна выканаць тры звычайныя ўмовы, духоўна далучыцца да юбілейных цэлебрацый і малітваў, ахвяруючы міласэрнаму Богу свой боль ці нязручнасці жыцця.

Юбілейны адпуст вернікі могуць атрымаць з 1 снежня 2024 года па 30 лістапада 2025 года.

Кангрэгацыя Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта

Назарэтанкі – гэта жаночая манаская кангрэгацыя, заснаваная ў Рыме (Італія) у 1875 годзе манахіняй з Польшчы бл. Францішкай Сядліскай. 1 верасня 1896 года папа Леў XIII зацвердзіў канстытуцыю Кангрэгацыі.

У 1908 годзе сёстры назарэтанкі распачалі сваё служэнне ў Гродне, тым самым даўшы пачатак гісторыі Кангрэгацыі на тэрыторыі сучаснай Беларусі. 1 жніўня 1943 года духоўныя дочкі бл. Францішкі Сядліскай – 11 манахінь на чале з настаяцельніцай Марыяй Стэлай – былі расстраляныя гітлераўцамі ў Батароўскім лесе пад Навагрудкам. Яны ахвяравалі сваё жыццё за сем’і і святара, разам з якімі працавалі і маліліся. У 2000 годзе адбылася беатыфікацыя навагрудскіх мучаніц, якую здзейсніў папа Ян Павел ІІ.

“Калі я думаю пра гэты цуд міласэрнасці Божае, што наш малы Назарэт, апошні ў Касцёле Божым, Пан Бог абраў для такой справы, што захацеў даручыць нам такую важную справу ў сваім Валадарстве, што даў нам гэта і паклікаў для гэтага Кангрэгацыю, я не ў стане апісаць, якую ўдзячнасць і замілаванне адчуваю да гэтага Пана Любові. Ён мае тысячы душ куды лепшых, больш здольных, больш дасканалых і ўпэўненых у Яго любові. Але выбраў нас, найбяднейшых, найслабейшых, найменшых, каб паказаць сілу і магутнасць Сваёй любові”.

Фрагмент з ліста бл. Францішкі Сядліскай, заснавальніцы Кангрэгацыі, да М. Рафаэлы Любавіцкай
Рым, 30.06.1886 г.

Сёння сёстры назарэтанкі нясуць паслугу таксама ў іншых краінах свету: Італіі, Польшчы, Францыі, Іспаніі, Англіі, Ізраілі, ЗША, Філіпінах, Аўстраліі, Украіне, Казахстане, Расіі і Афрыцы. Асноўная іх дзейнасць – служэнне сям’і праз катэхізацыю, арганізацыя малітоўных сустрэч і рэкалекцый для сем’яў, служэнне ў прытулках для сірот, доме для адзінокіх маці, бальніцах, школах, дзіцячых садках, правядзенне фармацыйных сустрэч для моладзі. Дэвіз кангрэгацыі – “Хай будзе воля Твая”.


03 2018 06 28 rththystr 14 1


“Мы молім Бога, які 150 гадоў таму паклікаў бл. Марыю ад Пана Езуса Добрага Пастыра, Францішку Седліскую, да заснавання супольнасці сясцёр, каб яны пашыралі Яго Валадарства паміж сабою і сярод іншых, асабліва ў сем’ях, каб Яго бласлаўленне вяло нас на гэтую справу таксама і сёння, каб мы, верныя сваёй харызме, неслі дух Назарэта ў кожнае сэрца і дом”, – адзначаюць сёстры назарэтанкі.

Святкуючы 150-гадовы юбілей, Кангрэгацыя сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта звяртаецца да вернікаў з заахвочваннем: “Сардэчна просім маліцца, каб гэты час стаў для нас сапраўдным часам навяртання і аднаўлення нашай любові да Бога, каб мы з большай адданасцю і жарам адкрывалі сэнс свайго прысвячэння і місіі служэння сям’і і настойліва шукалі новыя шляхі да рэалізацыі харызмы ў сучасным свеце. Запрашаем таксама разам з намі выказаць удзячнасць за ўсе дары і ласкі, якія былі ўдзелам Кангрэгацыі на працягу ўсіх гэтых гадоў, за дар паклікання нашых сясцёр, за іх жыццё і служэнне. Будзьма разам любіць Бога, які штодня выказвае нам міласэрнсць і хоча праз нас узбагачаць свет духам Назарэта”.

Малітва да Святой Сям’і

Найсвяцейшая Сям’я, блаславi i сцеражы ўсе сем’i свету. Захавай iх злучанымі ў непарыўным саюзе любовi, вернымі атрыманым ласкам i абавязкам свайго паклiкання. Учынi, каб яны жылi паводле запаведзяў Божых, каб iх жыцце было адлюстраваннем Твайго жыцця на зямлi i дазволiла iм некалі радавацца Тваiм шчасцем у небе. Амэн.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

 

Рэдагавана: 08 Снежня 2024