На VIII Сусветны дзень бедных, які адзначаецца ў Каталіцкім Касцёле ў год, прысвечаны малітве, перад самым пачаткам Звычайнага юбілею 2025, папа Францішак абраў асаблівы дэвіз: “Малітва беднага дасягае Бога” (параўн. Сір 21, 5).
Сусветны дзень бедных адзначаецца сёлета ў Касцёле 17 лістапада.
Падкрэсліваючы гэтую праўду, у пасланні на Сусветны дзень бедных Святы Айцец адзначае, што ў рэшце рэшт людзі, якія ў патрэбе, маюць прывілеяванае месца ў сэрцы Пана. Ён заўсёды будзе для іх справядлівы і міласэрны. Аднак папа Францішак дадае, што такое асаблівае становішча датычыць кожнага з нас, бо перад Найвышэйшым “усе мы бедныя і ў патрэбе. Усе мы жабракі, бо без Бога былі б нічым” (4).
Ад Пана людзі атрымалі дармовае жыццё. І такі погляд на рэчы супрацьпастаўляецца ментальнасці свету, паводле якой лічыцца, што мы павінны здабыць сабе існаванне, часта нават коштам шкоды для іншых. Як заўважае Пантыфік, трэба пераадолець гэтую небяспечную ілюзію: “Насілле, выкліканае войнамі, выразна паказвае, якія ганарыстыя тыя, хто лічыць сябе магутнымі перад людзьмі, у той час як у вачах Бога яны жабракі. Як жа шмат новых бедных нараджае тая злая палітыка, якая праводзіцца з дапамогай зброі, як жа шмат нявінных ахвяр! Аднак мы не можам адступіць. Вучні Пана ведаюць, што кожны з гэтых «малых» мае аблічча Божага Сына, а наша салідарнасць і знак хрысціянскай любові мусяць дасягнуць кожнага з іх” (4).
Менавіта адсюль папскае пасланне: каб асабліва ў Год малітвы навучыцца падтрымліваць бедных духоўна – звяртаючыся да Бога так, як яны, і разам з імі. “Усё гэта патрабуе пакорнага сэрца, якое мела б адвагу стаць жабраком. Сэрца, гатовага прызнаць сябе бедным і ў патрэбе. Бо існуе сувязь паміж беднасцю, пакорай і даверам” (5), – піша папа Францішак. Ён дадае: “Бядняк, не маючы на што абаперціся, атрымлівае моц ад Бога і пакладае на Яго ўсю сваю веру. Бо пакора нараджае веру, што Бог нас ніколі не адкіне і не пакіне без адказу” (5).
У сёлетнім пасланні Святы Айцец звяртаецца да бедных, каб яны не страчвалі ўпэўненасці, што Пан пра іх памятае і не можа забыць, нават калі ў іх ёсць уражанне, што іх малітвы не выслуханы. “Бог чулы да кожнага з вас і блізкі да вас” (6), – зазначае Святы Айцец. У рэшце рэшт “суд Божы будзе на карысць бедных” (параўн. Сір 21, 5), бо з цяжкасці беднасці “можа паходзіць песня самай сапраўднай надзеі” (6).
Папа адзначае, што “бедныя па-ранейшаму могуць многаму навучыць іншых, бо ў культуры, якая ставіць багацце на першае месца і часта прыносіць годнасць людзей на алтар матэрыяльных дабротаў, яны ідуць супраць цячэння, паказваючы, што нешта зусім іншае істотнае для жыцця” (7). Таму праверкай сапраўднасці малітвы з’яўляецца міласэрная любоў, якая ператвараецца ў сустрэчу і блізкасць.
У прыклад ахвярнага стаўлення да тых, хто ў патрэбе, Пантыфік прыводзіць св. Маці Тэрэзу з Калькуты і св. Бенедыкта Юзафа Лабра. Гэтыя дзве постаці менавіта з малітвы чэрпалі сілы, каб іх дзейнасць была фактычна любоўю, а не толькі павярхоўнай філантропіяй.
Завяршаючы сваё пасланне, папа Францішак заахвочвае ўсіх стаць пілігрымамі надзеі, якія даюць канкрэтныя знакі лепшай будучыні. І нагадвае, што “мы пакліканы ва ўсіх абставінах быць сябрамі бедных, ідучы за Езусам, які першы праявіў салідарнасць з апошнімі” (10).
Няхай Сусветны дзень бедных не скончыцца для нас выпадковым учынкам шчодрасці, а стане заахвочваннем услухоўвацца ў патрэбы братоў і сясцёр, якіх Божы Провід ставіць побач кожны дзень.
Паводле “Слова Жыцця”, кс. Юрый Марціновіч