Устанаўленне догмату аб Унебаўзяцці Найсвяцейшай Панны Марыі ў некаторых людзей нараджае непаразуменне. Варта даць адказы на пытанні, якія задаюцца ў сувязі з гэтым найчасцей.
Урачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі адзначаецца ў Касцёле 15 жніўня.
1. Ці памерла Маці Божая перад Унебаўзяццем?
Не ўсе айцы Касцёла, асабліва на Усходзе, былі перакананы ў фізічнай смерці Марыі. Папа Пій XII, устанаўліваючы догмат, не ўспамінае аб смерці, а толькі аб хвалебным праслаўленні цела Найсвяцейшай Маці і яго ўнебаўзяцці. Таму Касцёл не гаворыць, памерла Марыя і потым была ўзята на неба з целам і душой ці перайшла ў хвалу не паміраючы, а “заснуўшы”.
2. Чаму Маці Божая была забрана з душой і целам на неба?
Як пазбаўленая першароднай плямы, Марыя не падлягала ўладзе смерці. Акрамя таго, сярод людзей Яна была найбольш цесна з’яднана з Божым Сынам, таму не падобна, каб была аддзелена ад Яго целам пасля заканчэння зямнога жыцця.
3. Ці можам мы сумнявацца ва Унебаўзяцці Найсвяцейшай Панны Марыі?
Не, гэты факт з’яўляецца нязменнай праўдай святой каталіцкай веры, якая не падлягае сумненню. Догмат аб Унебаўзяцці Марыі быў абвешчаны папам Піем ХІІ 1 лістапада 1950 года ў апостальскай канстытуцыі Munificentissimus Deus: “[...] Беззаганная Маці Бога, Марыя, заўсёды Дзева, пасля заканчэння зямнога жыцця з душой і целам была ўзята ў нябесную хвалу”.
4. Ці верылі католікі ва Унебаўзяцце раней, калі догмат быў абвешчаны адносна нядаўна, толькі ў ХХ стагоддзі?
Перакананасць у тым, што Хрыстос не пакінуў цела сваёй Маці на зямлі, а забраў на неба, паўсюдна вызнавалася ў Каталіцкім Касцёле. Імператар Маўрыкій (582–602) пастанавіў адзначаць у Візантыі ва ўспамін аб гэтым асобнае свята. У Рыме свята адзначалася ўжо ў VII стагоддзі. Папа Сергій I устанавіў на ўрачыстасць працэсію. А папа Леў IV дадаў яшчэ вігілію і актаву.
5. Чаму 15 жніўня называецца ў народзе таксама святам Маці Божай Зельнай?
Па паданні, апосталы замест цела Маці Езуса знайшлі кветкі. Таму ў гэты дзень па традыцыі бласлаўляюцца кветкі, зёлкі і каласы збожжа. Народ верыць, што зёлкі, асвечаныя праз пасрэдніцтва Марыі атрымліваюць лячэбную моц і ахоўваюць ад хвароб і заразы. Хлебаробы ў гэты дзень дзякуюць Богу за плады зямлі і зерне, якое сабралі з палёў.
Паводле “Слова Жыцця”, кс. Юрый Марціновіч