Шкаплер – знак Марыі
16 ліпеня 1251 года св. Сымон Сток меў бачанне Найсвяцейшай Панны Марыі, у якім Яна абяцала сваё заступніцтва кармэліцкаму ордэну. Багародзіца падарыла манаху шкаплер і сказала, што кожны, хто будзе насіць яго з пашанай, атрымае збаўленне і будзе выратаваны ад пекла.
Успамін Найсвяцейшай Панны Марыі з гары Кармэль (свята Маці Божай Шкаплернай) адзначаецца ў Касцёле 16 ліпеня.
1. Якія ўмовы прыняцця шкаплера?
Існуе адна галоўная ўмова: нязмушанае, шчырае і свядомае жаданне даручыць сябе Марыі ў гэтым знаку. Яно ўключае рашэнне падзяляць з Маці Божай сваю штодзённасць і наследаваць Яе стыль жыцця.
2. Як падрыхтавацца да прыняцця шкаплера?
Падрыхтоўка павінна выражацца ў сакраментальнай споведзі, каб у час прыняцця шкаплера знаходзіцца ў стане асвячальнай ласкі.
3. Ці абавязковая споведзь для прыняцця шкаплера?
Калі споведзь магчымая і няма ніякай перашкоды, каб да яе прыступіць, то гэта, безумоўна, павінна папярэднічаць прыняццю шкаплера. Існуюць, аднак, сітуацыі, у якіх споведзь немагчымая: напрыклад, несакраментальны саюз, стан якога ў дадзены час немагчыма ўрэгуляваць з-за існавання кананічнай перашкоды. У такіх абставінах можна прыняць шкаплер, выражаючы жаданне, каб Марыя ў гэтым знаку дапамагла вытрываць у добрым намеры.
4. Ці неабходная прысутнасць для прыняцця шкаплера?
Шкаплер трэба прымаць асабіста. Гэтага патрабуюць як павага да самога знака, так і непасрэдна да Маці Божай, якая хоча ўсталяваць з кожным вернікам індывідуальныя, інтымныя і непаўторныя адносіны.
5. Ці можна ўскласці шкаплер на пажылога чалавека ці хворага?
Можна ўскласці шкаплер на любога хрысціяніна пры наяўнасці ў яго такога жадання. Аднак трэба памятаць, што калі, напрыклад, існуе перашкода цяжкай хваробы і расстройства мыслення, то гэта не будзе афіцыйным прыняццем шкаплера. Калі яна знікне, чалавек павінен пайсці да святара з просьбай паўторна ўскласці на яго такі знак. У выпадку немагчымасці трэба запрасіць святара дадому, каб ён здзейсніў гэтае ўскладанне.
6. Хто можа ўскласці шкаплер?
Шкаплер афіцыйна можа ўскласці кожны законны ці дыяцэзіяльны святар або дыякан, кіруючыся абрадам, зацверджаным Святым Пасадам.
7. Дзе можна прыняць шкаплер?
У Гродзенскай дыяцэзіі шкаплер ускладаюць у санктуарыі Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі (Астравецкі дэканат), дзе служаць кармэліты босыя, якія клапоцяцца аб распаўсюджванні шкаплернага набажэнства. Гэта таксама можна зрабіць у сваіх парафіях па папярэдняй дамоўленасці са святаром.
8. Што рабіць са зношаным шкаплерам?
Калі шкаплер з тканіны знасіўся і хочацца надзець новы, стары найлепш спаліць. Яго нельга выкідваць у сметніцу з-за пашаны да святых выяў. Новы неабходна асвяціць.
9. Ці ўскладанне новага шкаплера павінен здзяйсняць святар?
Той, хто замяняе стары шкаплер новым, робіць гэта самастойна, без удзелу святара. У сітуацыі, калі шкаплер быў адкінуты з пагарды, яго новае ўскладанне, пасля споведзі, павінна быць здзейснена рукамі святара.
10. Ці трэба аднаўляць праз якісьці час прыняцце шкаплера?
Здзейснены аднойчы абрад няма неабходнасці паўтараць. Затое можна аднаўляць сваё адданне Марыі кожны год, у гадавіну прыняцця шкаплера. Звычай не мае акрэсленай формы. Найчасцей гэта асабістая малітва з падзякай Найсвяцейшай Маці за ласку прыняцця Яе знаку і аднаўленне ў сэрцы акту даручэння сябе Ёй.
Паводле “Слова Жыцця”, кс. Юрый Марціновіч