Skip to main content

Акунуцца ў Сэрца Езуса

sercaУрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса – дзень, калі асаблівым чынам хочам углядацца ў выключнае Сэрца нашага Збаўцы. Яно з’яўляецца сімвалам бязмежнай, безумоўнай любові да кожнага чалавека.

Урачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса адзначаецца ў Касцёле 7 чэрвеня.

Каб спазнаць гэтую любоў, трэба адкрыцца на яе, трэба стаць “простым сэрцам”. Езус прамаўляе ў Евангеллі: “Праслаўляю Цябе, Ойча, Пане неба і зямлі, што Ты закрыў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў гэта дзецям” (Мц 11, 25).

Сам Езус горача жадае, каб чалавек рашыўся пасяліцца ў Яго Сэрцы, г. зн. паставіў у цэнтры свайго жыцця любоў.

У той жа час сёння чалавек часта шукае чагосьці іншага. У штодзённым жыцці мы хутчэй імкнёмся быць моцнымі, поўнымі сіл і ўпэўненымі ў сабе. Арыентуемся на тых, хто не паддаецца і здольны змагацца за сваё. Цягнемся да таго, каб быць паспяховымі любым коштам. Ціхіх і пакорных часта лічым няўмелымі ў жыцці. Важна тое, чаго я дасягну, і тое, якое становішча займаю.

Ідучы такім шляхам, мы, магчыма, дасягнём поспеху ў разуменні чыста чалавечым, але ў глыбіні сэрца застанецца пустэча, бо не знойдзем сапраўднага сэнсу жыцця. А сэнсам жыцця з’яўляецца любоў – значыць, пазнанне Бога і жыццё з Ім. Св. Ян піша: “Будзем любіць адзін аднаго, бо любоў – ад Бога, і кожны, хто любіць, народжаны ад Бога і ведае Бога. Хто не любіць, той не ведае Бога, таму што Бог ёсць любоў” (1 Ян 4, 7).

Урачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса – дасканалы момант, каб яшчэ раз усвядоміць, у чым сэнс існавання і што выбіраць, каб сустрэць гэтую Любоў. Момант, каб змяніць свае паводзіны і стаць на правільную сцежку жыцця. Нягледзячы на грахі, падзенні, недахоп любові, Бог ніколі не адмаўляецца ад чалавека і горача жадае, каб людзі перамянялі сваё жыццё, акунаючыся ў Яго Сэрца.

Давайце ж у гэтую ўрачыстасць нанова пастановім сабе, што будзем прагнуць дабра, прагнуць міласэрнасці, каб зноў сустрэць Бога, нашу Любоў.

Паводле “Слова Жыцця”, кс. Юрый Марціновіч

 

Рэдагавана: 06 Чэрвеня 2024