Парадоксы Усіх Святых
Падчас урачыстасці Усіх Святых адбываюцца рэчы немагчымыя, неверагодныя ці, па меншай меры, такія, якія, здаецца, супярэчаць здароваму розуму.
• Кажам пра ўсіх святых, а ідзём на могілкі.
На першы погляд, у гэты дзень належала б вымыць і вычысціць усе фігуркі святых у нашых дамах, запаліць знічы перад абразамі, насіць урачыста ў працэсіі харугвы святых, можа, пачытаць штосьці пра іх, бо цэлы год няма на гэта часу… Аднак жа большасць католікаў, не абавязкова штодзённа практыкуючых сваю веру, ідзе на могілкі.
У гэтым парадоксе ёсць незвычайная мудрасць: “Ідзём на могілкі, бо там пахаваны святыя”. Касцёл ніколі не абвяшчаў усіх памерлых святымі. Малітвы да іх не змясцілі ў Літаніі да Усіх Святых. Але яны святыя! Святыя, бо спасціглі любоў.
На могілках спачываюць мае блізкія. Там дзядулі і бабулі, якія вучылі жыццю. Там бацька, які, хоць не ўмеў прытуляць, упэўнена вёў за руку. Там мама, сэрца якой б’ецца для мяне нават па-за магілай. Там святыя. Усе святыя.
Езус Хрыстус цярпліва тлумачыць, хто такія святыя і як дасягнуць раю: будзь убогі духам, ціхі, прагні справядлівасці, май чыстае сэрца, унось мір, знось усялякі пераслед за справядлівасць...
• Хочам наведаць памерлых там, дзе іх няма.
Мы ідзём на могілкі, каб наведаць блізкіх памерлых. І нават калі на магіле кветкі, свечкі, знаёмы фотаздымак, занатаванае на таблічцы імя… Хоць нават калі выкапаць з зямлі парэшткі блізкіх, разарваць іх адзенне, зазірнуць унутр цела, якое раскладаецца… Але іх там няма!
У гэтым парадоксе – незвычайная мудрасць: “Не ведаем, дзе памерлыя, Бог ведае. Але вырушаем на могілкі, бо там памерлыя «бліжэй» да жывых”.
Іду на могілкі, каб наблізіцца да святых, маіх святых. Іду, каб там, дзе іх няма, задаць пытанне: “Дзе яны?”. Iду, каб паверыць яшчэ раз, што ўсё заканчваецца не на зямлі, але ў Богу.
• Нібыта ідзём на могілкі да памерлых, але сустракаемся там з жывымі.
Мы бачымся на могілках са сваімі роднымі, сябрамі, знаёмымі. Нярэдка сустракаем іх толькі там, бо ўсё не хапае часу, каб наведваць адзін аднаго, кантактаваць...
У гэтым парадоксе – незвычайная мудрасць: “Ідзём на могілкі з іншымі людзьмі, бо ведаем, што таго хочуць нашы блізкія памерлыя. Хочуць, каб мы былі бліжэй адзін да аднаго”. Трэба спяшацца з любоўю, бо, можа, праз год кагосьці ўжо не будзе. Найбольшы дар – гэта іншы чалавек. Нягледзячы на шматлікія справы, якія нас падзяляюць, ёсць яшчэ больш тых, якія злучаюць.
Іду на могілкі, каб праз памерлых сустрэцца з жывымі. Бачу раку іншых людзей і не ведаю, ці дажыву я да Вігілійнай Вячэры… Не ведаю, ці дажывуць яны… Ведаю адно: магіла не хлусіць, мы ўсе памром.
Паводле “Слова Жыцця”, кс. Юрый Марціновіч