Складаныя пытанні: міжпакаленчы грэх
Ці існуе міжпакаленчы грэх і адказнасць за грахі продкаў? Адказвае а. Аляксандр Жарнасек MIC – вядомы рэкалекцыяніст з Віцебскай дыяцэзіі, які шмат гадоў прысвяціў служэнню ў якасці экзарцыста.
Калі тэорыя вынікае з практыкі
Святар зазначае, што часцей можна пачуць тэрмін “пракляцце”, а не “родавы грэх”. У першым выпадку яго звязваюць з выкананнем магічнага рытуалу. “Я сустракаў гісторыі, калі па той ці іншай прычыне нейкая ведзьма праклінала ўсю сям’ю, цэлы род. І людзі гэтае пракляцце назіралі: ведалі за што, апавядалі, чаму так. То-бок, мелі месца не домыслы, а яўна факты, якія датычылі паранармальнага”.
У кантэксце родавага пракляцця тэолагі зазвычай прыводзяць “тэкст з Торы Майсея, дзе Бог гаворыць, што Ён блаславіць тысячы пакаленняў, да чацвёртага рода пракляне” (параўн. Зых 20, 5–6). Аднак, як тлумачыць а. Аляксандр, прамых аргументаў за існаванне такой з’явы ў Святым Пісанні няма, і таму не здзіўляе нераспрацаванасць у Касцёле адпаведнай тэалагічнай аргументацыі і тэрміналогіі.
“Для некаторых багасловаў, якія не сустракаліся з дадзенай з’явай у практыцы, а разважаюць больш тэарэтычна (на ўзроўні філасофіі, вучэння, навукі), гэтая тэма даволі праблематычная. І не дзіўна, што многія яе крытыкуюць. Але я яшчэ не сустрэў ніводнага экзарцыста альбо кагосьці, хто ўсур’ёз служыць малітвай заступніцтва, хто б сумняваўся ў існаванні родавага пракляцця. Людзі сутыкаюцца з ім у рэальным жыцці”.
Як тлумачыць святар, існуе дзве дарогі пазнавання Божых праўдаў: ад тэорыі да практыкі і наадварот. Гэта азначае, што некаторыя праўды веры мы прымаем тэарэтычна, а пасля глядзім, як яны “працуюць” у жыцці. У іншым выпадку спачатку назіраем за тым, што адбываецца, і пасля задаём сабе пытанні, чаму і як гэта магчыма – з практыкі выходзіць тэорыя. Хутчэй, з досведу вынікае і тэма родавага пракляцця.
Па словах а. Аляксандра, існуе шэраг рэчаў, якія не апісаны ў Бібліі ці не сустракаюцца ў Традыцыі Касцёла, аднак з часам яны ўзнікаюць. Сам святар даведаўся аб родавым пракляцці з літаратуры, што яго вельмі здзівіла, а пасля дасведчыў на прыкладзе ўласнай сям’і.
Няма адказнасці за грахі продкаў
Датычыць такі падыход і другога разумення родавага пракляцця, а менавіта не як выніку дзеяння нейкага чорнага абраду, а як наступства пэўнага цяжкага граху, які адбыўся ў сям’і і адказнасць за які нясуць у т. л. нашчадкі. Як зазначае а. Аляксандр, грэх з’яўляецца ў пэўным сэнсе пракляццем, бо нясе зло, шкоду, але не ў магічным значэнні.
Неабходна размяжоўваць паняцці маральнай віны за грэх і наступстваў граху. “Святое Пісанне гаворыць адназначна пра тое, што кожны панясе адказнасць за свой асабісты грэх. Дзеці не будуць адказваць за грахі бацькоў”, – заўважае святар. Прытым кожны з нас можа адчуваць наступствы граху іншага чалавека: “Напрыклад, калі сусед алкаголік і дэбашыр, нярэдка хтосьці церпіць з-за гэтага, хоць не вінаваты і не нясе за тое прамой адказнасці. Другім словам, ты можаш не мець дачынення да граху чалавека, які жыве побач, але адчуваць на сабе наступствы гэтага”.
Такі спосаб мыслення прысутнічае ў “тэалагічнай думцы Касцёла”. Адным з прыкладаў з’яўляецца тэалогія першароднага граху: “Адам зграшыў, і мы адчуваем наступствы гэтага. Не нясём віну Адама, але нясём наступствы першароднага граху”. Другі прыклад – тэалогія адпустаў. “На споведзі мы просім прабачэння за грахі – і Бог прабачае. У сваю чаргу застаюцца духоўныя наступствы. Каб быць ад іх ачышчанымі, мы (гэта навука Касцёла) пры нагодзе ўрачыстасцей ці нейкіх свят стараемся адпусты здабыць”, – распавядае а. Аляксандр.
Датычыць дадзеная тэма пэўных заканамернасцей і правіл, якія маюць месца ў духоўным жыцці. “Напрыклад, у вернікаў ёсць шырока вядомае паняцце намоленых месцаў, дзе шмат адпраўлялася Эўхарыстыя, шмат прызывалася імя Божае… І гэтае месца лічаць месцам асаблівай прысутнасці Божай”, – распавядае святар. Падобным спосабам дзейнічае зло: “Там, дзе рабіліся нейкія рытуалы ці страшныя грахі здзяйсняліся, многія людзі адчуюць прысутнасць зла”.
Такім чынам, грахі, якія адбываліся ў сям’і, могуць уплываць таксама на нашчадкаў. “Не бяруся судзіць, якім чынам, наколькі і да т. п., але нейкая форма ўплыву прысутнічае”, – тлумачыць святар. Заўважае, што “бескрытычна прымаць дадзеную з’яву – адна крайнасць, проста абрэзаць, сказаць, што гэтага няма, – другая. Каб высветліць ісціну, варта папытаць людзей – святароў і служыцеляў, аніматараў з малітоўных груп, якія маюць вялікі досвед у малітве вызвалення, заступніцтва. Дадзеная тэма патрабуе грунтоўных даследаванняў і аналізу”.
Паводле “Слова Жыцця”, Кацярына Паўлоўская