Нам не падабаецца расставацца з кімсьці, каго любім і цэнім. Звычайна засмучаемся, калі перажываем развітанне і разлуку з кімсьці, хто для нас вельмі важны. Так адбываецца, напрыклад, калі сужэнец ад’язджае на працу за мяжу на доўгі час або калі дзіця адпраўляецца ў першы раз без бацькоў у лагер ці на якісьці іншы адпачынак.
Падобным чынам Езус, які так моцна палюбіў кожнага чалавека, засмуціўся б ад думкі, што павінен быў бы нас на такі доўгі час пакінуць пасля свайго ўнебаўшэсця. Таму менавіта Той, які з’яўляецца нашым Адкупіцелем і Сябрам, пастанавіў застацца на зямлі цудоўным, дагэтуль невядомым спосабам прабывання Бога пасярод людзей. Падчас Апошняй Вячэры Езус вырашыў пасяліцца між намі, укрыты ў Найсвяцейшым Сакраманце, перамяняючы хлеб і віно ў свае Найсвяцейшыя Цела і Кроў.
Урачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста адзначаецца 8 чэрвеня.
Быццам бы гэтага было мала, Ён даў людзям сябе як пасілак, кажучы: “Бярыце і ешце, гэта Цела Маё”. Езус хоча не толькі прабываць у тысячах табернакляў касцёлаў і капліц, але хоча быць таксама любімым і прыманым у нашы сэрцы, каб яны станавіліся падчас кожнай св. Імшы жывымі святынямі, у якіх Ён – Бог – зможа прабываць не толькі час ад часу, але пастаянна. Мы прымаем св. Камунію таксама для таго, каб Езус у нас і праз нас дайшоў туды, дзе нават цяжка ўявіць, што Ён мог бы з’явіцца.
Перажываючы 8 чэрвеня ўрачыстасць Божага Цела, пажадаем жа з усіх сіл падзякаваць Езусу за Яго любоў і прысутнасць. Гэта таксама нагода да перапрашэння і кампенсавання за грахі абыякавасці, недахопу пашаны і блюзнерства, якімі некаторыя людзі абражаюць Хрыста ў Эўхарыстыі.
Добрым плёнам урачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста будзе пастанова, каб як мага часцей, а асабліва кожную нядзелю і свята, прымаць Езуса чыстым сэрцам, г. зн. без цяжкага граху. Няхай кожная прынятая св. Камунія ўмацоўвае нас на сцежках паклікання: у сям’і, сужэнстве ці святарстве або манаскім жыцці, – а таксама няхай дадае адвагі і падтрымлівае веру.
Адзіным разумным адказам на любоў Бога з’яўляецца наша чалавечая любоў. Адкрыем жа сэрцы і скажам сваёй штодзённасцю: Езу, дзякую Табе! Езу, люблю Цябе! Езу, прыйдзі ў сэрца маё!
Паводле “Слова Жыцця”, кс. Юрый Марціновіч