Мы перажываем радасць святаў Божага Нараджэння. Безумоўна, гэта найбольш сямейныя святы. Езус, хоць нарадзіўся ў беднай стаенцы, меў любячых бацькоў. Хоць можна мець велізарнае багацце, ёсць штосьці, чаго нават за ўсе грошы свету немагчыма купіць. Гэта любячая сям’я.
Праз некалькі дзён пасля ўрачыстасці Божага Нараджэння мы адзначаем свята Святой Сям’і, якое сёлета прыпадае 29 снежня. Літургія Касцёла ў гэты дзень прыводзіць нам у якасці прыкладу самую дасканалую сям’ю: Езуса, Марыю і Юзафа. Іх паводзіны – указальнік таго, куды павінна імкнуцца сям’я.
З Евангелля мы даведваемся, што Святая Сям’я накіравалася ў ерузалемскую святыню. Там пабожны мудрэц Сімяон і прарочыца Ганна, бачачы Езуса, благаслаўляюць Бога за Яго вялікія справы. А ўсё гэта адбываецца ў святыні – месцы, дзе спаўняецца вера. Святая Сям’я паказвае важную для нас праўду, што без веры сям’я ніколі не будзе сапраўды шчаслівай, без Бога немагчыма пабудаваць трывалы фундамент сямейнай любові.
Вера ў сям’і – самая каштоўная рэч, якую можна перадаць дзецям. Дзякуючы веры бацькоў дзеці атрымліваюць найкаштоўнейшы дар. Складзеныя для малітвы рукі бацькі ці маці – гэта самае цудоўнае казанне, якое можна прамовіць для дзяцей. Часам мы здзіўляемся, чаму сёння дзеці губляюцца ў сваім жыцці, часта не шануюць бацькоў, топчуць іх аўтарытэты. Адказ адзіны. Калі ў сем’ях не хапае веры, малітвы бацькоў, супольнага перажывання Эўхарыстыі, гэта простая дарога да таго, каб згубіцца.
Святая Сям’я пытаецца ў нас сёння, на якіх каштоўнасцях мы будуем сваё жыццё. Мы бачым, як бацькі клапоцяцца пра сваіх дзяцей, каб у іх ні ў чым не было недахопу, каб яны атрымалі добрую адукацыю, каб пазней мелі добрую працу... І гэта правільна. Але ці ёсць ва ўсім гэтым яшчэ месца для Пана Бога?
Адзначаючы свята Святой Сям’і, магчыма, варта задаць сабе пытанне: як выглядае мая сям’я? Што я перадам у маёй сям’і дзецям? Бо наша грамадства будзе такім, якімі каштоўнасцямі мы ўзбагацім нашых дзяцей.
Вера мае пачатак у сям’і і доме. Яна будзе выглядаць так, якім чынам будзе перададзена праз бацьку ці маці. Таму патрэбна вярнуцца да каранёў, да добрых звычаяў, бо кожная сям’я, якая супольна схіляе калені на малітве, – гэта не рэлікт мінулага, а норма.
Будзем памятаць, што хто дае дзецям Бога – дае ім усё. Хто не дае Бога – не дае ім нічога. Не будзем жа баяцца і не будзем саромецца даваць дзецям той найвялікшы дар, якім з’яўляецца вера ў Бога.