Skip to main content

Замардаваныя напярэдадні Раства

sestry slonim 3Іх лёсы маглі перасячыся, але не. Адна са слонімскіх сясцёр мучаніц падчас Другой сусветнай вайны нядоўга ўкрывалася пад Навагрудкам, дзе здзейснілася мучаніцтва 11-ці сясцёр назарэтанак. Пра апошніх мы ведаем дастаткова. Молімся да іх падчас аднайменнай пілігрымкі або адмысловым Вяночкам. Пра бласлаўлёных сясцёр Марту і Еву – непакалянак, мучаніц са Слоніма – нам вядома не так шмат.

Манахіні былі расстраляны немцамі ў снежні 1942 года. Прычына экзекуцыі звычайная для тых часоў: дапамога “непажаданым элементам”, вернасць сваім ідэалам, аўтарытэтнасць – абедзве сястры ішлі навыперадкі часу. У 1999 годзе папа Ян Павел ІІ узнёс іх да хвалы алтара.

Маці Марта

“Люблінскі Ватыкан” – так называлі дом, з якога паходзіла с. Марта Валоўская (1879–1942 гг.). Яна нарадзілася ў інтэлігентнай заможнай сям’і, якая супрацоўнічала з мясцовым Касцёлам і была асяродкам гарадскога сацыяльнага жыцця. З юнацтва будучая манахіня шмат падарожнічала і атрымлівала прыватную адукацыю, у чым ёй дапамагалі выдатныя прафесары. Напрыклад, тэалогію выкладаў рэктар мясцовай духоўнай семінарыі.

Быў эпізод і з закаханасцю, узаемнай. Будучы матэрыяльна забяспечанай і маючы кандыдата на руку і сэрца ў асобе маладога шляхціца, дзяўчына мела перад сабой прадказальную і прыемную карціну будучыні. Аднак, як пасля прызнавалася сама с. Марта, усе планы змяніла непасрэднае ўмяшальніцтва Бога ў яе жыццё. Падчас адной са св. Імшаў перажыла містычную сувязь з Богам – пачула пакліканне да манаства, назву будучай супольнасці і місію, якую павінна выканаць.

З цягам часу с. Марта ўжо як манахіня настаяцельніца служыла ў найбольш небяспечных палітычна і занядбаных духоўна месцах. Адным са значных пунктаў яе служэння стала Валынь (Украіна), дзе яна арганізавала прытулак для сотні дзяцей – украінцаў, рускіх, палякаў. Пасля стварыла пачатковую школу, настаўніцкую семінарыю і прафесійнае вучылішча. За дар любіць дзяцей і аддавацца ім без рэшты манахіня і атрымала прозвішча “Маці Марта”. Разам з тым, яна мела сур’ёзны аўтарытэт у вышэйшых колах. Дом супольнасці, якім кіравала манахіня, з’яўляўся цэнтрам культурнага, дабрачыннага і апостальскага жыцця – за парадамі да с. Марты прыходзілі нават рабіны і бацюшкі.


sestry slonim 2

У гісторыю Касцёла с. Марта Валоўская ўвайшла не толькі як мучаніца і бласлаўлёная, але і як містычка, якая на працягу ўсяго жыцця перажывала надзвычайныя моманты сувязі з Богам


Апошнім месцам выкліку для манахіні стаў Слонім. Там, нягледзячы на савецкую і нямецкую акупацыі, яна адкрыла дзверы дома супольнасці для ўсіх патрабуючых. Патаемна арганізоўвала навучанне, карміла абяздоленых, клапацілася пра сем’і зняволеных і забітых, укрывала габрэяў. У атмасферы паралізуючага страху, калі ў розных кутках мястэчка адбываліся экзекуцыі, а саму сястру выклікалі на допыты ў гестапа, яна працягвала ахвярнае служэнне. “Мы павінны быць гатовыя да пакутніцкай смерці”, – прароча сказала манахіня яшчэ за некалькі гадоў да трагічных падзей…

Доктар Ева

С. Ева Наішэўская (1885–1942 гг.) паходзіла з сям’і вядомага афтальмолага Казіміра Наішэўскага, які арганізаваў Афтальмалагічныя ўніверсітэцкія клінікі спачатку ў Вільні (Літва), пасля ў Варшаве (Польшча). Атрымаўшы ў спадчыну здольнасці ад бацькі, скончыла медыцынскі ўніверсітэт у Пецярбургу з адзнакай, што на той час для маладой дзяўчыны было даволі прагрэсіўна.

Заканчэнне навучання супала з пачаткам І Сусветнай вайны, і выпускніца медыцынскага ўніверсітэта адправілася лячыць раненых у ваенных лазарэтах. Яна была годным лекарам, карысталася пашанай сярод людзей. Пра гэта сведчыць, напрыклад, прапанова аднаго з пакалечаных, уладальніка зямлі, пабудаваць для яе прыватную клініку на сваёй тэрыторыі. Дзяўчына не прыняла прапанову, бо ўжо тады песціла думку аб уступленні ў манаскую супольнасць.

Характарыстыку для Кангрэгацыі Сясцёр Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі (непакалянкі) ёй пісаў сам кс. Зыгмунт Лазінскі, будучы біскуп Мінскі і Пінскі. “Магу даць кароткі адказ, што гэта чыстае золата”, – адзначаў святар. Ён ведаў с. Еву з дзяцінства. Меў уплыў на фарміраванне яе як інтэлігентай і духоўнай асобы. Падтрымліваў з ёю сувязь на працягу 30-ці гадоў.


sestry slonim 1

Культ бласлаўлёнай с. Евы Наішэўскай моцна распаўсюджаны ў медыцынскім асяроддзі Польшчы: з 2016 года яна з’яўляецца заступніцай Каталіцкай асацыяцыі польскіх урачоў


У Слоніме с. Ева працавала дзённа і ночна як дзяжурны лекар у шпіталі, што арганізавалі немцы падчас акупацыі. З-за непасрэднага доступу да пацыентаў яна мела магчымаць рыхтаваць іх да прыняцця святых сакрамантаў. Разам з тым, укрывала праследуемых у шпіталі, знаходзіла неабходныя лекі для абяздоленых дзяцей, таемна выпісвала габрэям рэцэпты. Апошні, знойдзены ў кішэні, і стаў яе трамплінам да мучаніцтва.

Снежаньская ноч

Гестапаўцы прыйшлі да сясцёр ноччу 18 снежня 1942 года з намерам арыштаваць с. Марту. Да яе дабравольна далучылася с. Ева, якая не хацела пакідаць настаяцельніцу адну. Немцы ідэнтыфікавалі яе і аказалася, што тая таксама ў спісе (не атаясамлівалі раней Еву непакалянку без хабіта з “доктарам Евай”). Каля 5-ай гадзіны раніцы ўсіх арыштаваных, агулам каля 600 чалавек, пасадзілі ў грузавікі і вывезлі на Пятралевіцкую гару – 2 км ад Слоніма.

Па словах сведкаў, якія прысутнічалі пры экзекуцыі, манахіні да апошняга намагаліся падтрымаць асуджаных на смерць. С. Марта, апынуўшыся ў расстрэльнай яме, наколькі хапіла сіл, трымала ў паднятай руцэ крыжык. Абедзвюм сёстрам прапанавалі збегчы напярэдадні, але яны адмовіліся.

А. Юрый Катовіч OFMCap, пробашч парафіі св. апостала Андрэя ў Слоніме і парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Каралевы Супакою ў Альбярціне

Вядома, пасля ад’езду са Слоніма сясцёр непакалянак культ бласлаўлёных сясцёр Марты і Евы занік, застаючыся толькі ў памяці жыхароў. Шэсць гадоў таму, калі я быў прызначаны ў Слонім на служэнне, пачаў нанова адраджаць культ бласлаўлёных. Праз тры гады прывёз рэліквіі манахінь другой катэгорыі – кавалкі вопраткі, якія пасля іх засталіся. Пры расстрэле сёстрам загадалі распрануцца. Сведкі тых часоў захавалі адзенне мучаніц, а потым перадалі яго сёстрам непакалянкам у Шыманова. Дзякуючы людзям добрай волі, мы сёння маем рэліквіі манахінь у касцёле ў Альбярціне. Там кожны 19-ты дзень месяца адбываюцца малітвы да бласлаўлёных сясцёр са Слоніма з просьбай аб іх заступніцтве.

Сёлета выпадае 80 гадоў ад пакутніцкай смерці манахінь, і мы таксама ладзім адмысловыя набажэнствы ў днях 17–18 снежня. Запрашаем да візіту або далучыцца духоўна!

Рэдакцыя выказвае падзяку Кангрэгацыі Сясцёр Беззаганнага Зачацця НПМ у Шыманове (Польшча) за прадстаўленыя матэрыялы.

Паводле “Слова Жыцця”, Ангеліна Марцішэўская

 

Рэдагавана: 21 Снежня 2022