Апостальства дапамогі душам чыстцовым: для каго і дзеля чаго?
Катэхізіс Каталіцкага Касцёла нагадвае нам, што «тыя, хто памёр у ласцы і сяброўстве Божым, але яшчэ не ачышчаныя дасканала, хоць ім ужо забяспечана вечнае збаўленне, пасля смерці церпяць ачышчэнне, каб дасягнуць святасці і ўвайсці ў нябеснае шчасце» (пар. ККК, 1030).
Карані апостальства малітвы за памерлых
Сябры Апостальства дапамогі душам чыстцовым (АДДЧ) належаць да духоўнай сям’і Кангрэгацыі сясцёр памочніцаў душам чыстцовым. Каля вытокаў развіцця апостальства малітвы за памерлых стаяў благаслаўлёны айцец капуцын Ганарат Казьміньскі (1820–1916). Ён нарадзіўся ў горадзе Бяла-Падляска ў Польшчы і быў выхаваны ў рэлігійным духу. У 1848 г. уступіў у Ордэн Братоў Меншых (капуцынаў). Калі царскія ўлады ліквідавалі кляштары, айцец Ганарат разам з іншымі братамі быў вывезены ў Закрочым, дзе спазнаў розныя рэпрэсіі. У гэтай надзвычай цяжкай сітуацыі ён цалкам даверыўся Божаму Провіду і настойліва шукаў спосабу дапамагчы Касцёлу ў час пераследу, які асабліва ўзмацніўся ў другой палове ХІХ стагоддзя. Ён разумеў, што, нягледзячы на цяжкасці, павінен па-ранейшаму прысвячаць сябе працы ў канфесіянале, каб фармаваць людзей духоўна.
Узор для новай формы манаскага жыцця айцец Ганарат знайшоў у таямніцы ўкрыцця Бога перад светам, у скрытым жыцці Езуса і Марыі ў Назарэце. Пенітэнтаў і пенітэнтак, якія адкрывалі ў сабе пакліканне да манаскага жыцця і жадалі выехаць за мяжу, таму што навіцыяты ў краіне былі зачыненыя, айцец Ганарат заахвочваў застацца на радзіме. Ён фармаваў з іх супольнасці, якія абапіраліся на сацыяльныя або прафесійныя групы.
Такім чынам айцец Ганарат паклаў пачатак новай форме скрытага манаскага жыцця — без габіту і знешніх адзнакаў. З 1855-га па 1895 гг. ён заснаваў дваццаць шэсць рэлігійных супольнасцяў, з якіх сфармаваліся і шматлікія манаскія кангрэгацыі. Цяпер з іх існуе шаснаццаць: тры — габітовыя і трынаццаць — безгабітовых (сярод іх адна мужчынская супольнасць і дванаццаць жаночых).
10 лістапада 1889 г. у Закрочыме ўзнікла безгабітовая Кангрэгацыя сясцёр памочніцаў душам чыстцовым, галоўнай задачай якой было аказанне дапамогі памерлым. Гэтая супольнасць была заснавана Вандай Алендскай (1863–1915) па ініцыятыве а. Ганарата. Першыя сёстры кангрэгацыі на чале з маці Вандаю прысвяцілі сябе служэнню хворым і бедным, а звязаныя з гэтым клопаты і цяжкасці ахвяравалі за памерлых, якія церпяць у чыстцы.
Калі маці Ванда па стане здароўя ўжо не магла кіраваць кангрэгацыяй, адказнасць за супольнасць айцец Ганарат усклаў на Наталлю Нітаслаўскую, якая паходзіла з мястэчка пад Оршаю і каля 1890 г. прыбыла ў Закрочым, каб сустрэцца з айцом Ганаратам і прасіць у яго парады ў сваіх жыццёвых планах і намерах. Айцец Ганарат параіў ёй далучыцца да першых членаў Кангрэгацыі сясцёр памочніцаў душам чыстцовым. Стаўшы праз пэўны час настаяцельніцаю супольнасці, Наталля цалкам прысвяціла сябе дапамозе тым, хто церпіць на зямлі і ў чыстцы. Яна клапацілася пра хворых і канаючых, знаходзіла бедных і адзінокіх, каб даць ім прытулак у шпіталі, які сама ж і заснавала. Гэты шпіталь існуе і сёння ў Новым Месце над Піліцай як Дом сацыяльнай дапамогі імя Наталлі Нітаслаўскай.
Кангрэгацыя сясцёр памочніцаў душам чыстцовым апякуецца рухам АДДЧ, што ўзнік у 1985 г. як адказ на шматлікія просьбы, скіраваныя да сясцёр кангрэгацыі свецкімі людзьмі, якія таксама сваёю малітваю жадаюць несці палёгку душам памерлых.
Пішучы пра харызму дапамогі душам чыстцовым, бл. Ганарат Казьміньскі згадаў фрагмент з Евангелля паводле св. Яна пра паралізаванага чалавека, які больш за 30 гадоў чакаў кагосьці, хто дапамог бы яму акунуцца ў гаючыя воды купальні (пар. Ян 5, 1–9). Калі Езус схіліўся над ім, Ён пачуў такую скаргу: «Пане, я не маю чалавека...». Ён пачуў скаргу хворага і нямоглага мужчыны, які зусім не мог нічога зрабіць для самога сябе. Для сясцёр памочніцаў душам чыстцовым і для сяброў АДДЧ гэты паралізаваны — сімвал усіх памерлых, якія церпяць у чыстцы і чакаюць ачышчальнага акунання ў крыніцу Божай міласэрнасці, да якой іх могуць наблізіць малітвы, ахвяры і ўчынкі міласэрнасці жывых людзей.
Хто можа належаць да руху АДДЧ?
Да руху АДДЧ можа належаць кожны практыкуючы католік (незалежна ад становішча і ўзросту), які прагне несці дапамогу душам чыстцовым. Шматтысячны апостальскі рух утвараюць пераважна свецкія асобы, але сярод сяброў АДДЧ ёсць таксама святары, клерыкі, кансэкраваныя асобы з розных іншых супольнасцяў. Гэтая разнароднасць абумоўлена тым, што рэальнасць смерці датычыць кожнага чалавека. Кожны з нас памрэ, незалежна ад таго, па якім шляху паклікання ён крочыць. З візіяў пра чысцец, якія апісваюцца ў духоўных дзённіках святых нашага часу (св. айца Піо, св. Фаўстыны Кавальскай), мы даведваемся, што ў стане ачышчэння пасля смерці знаходзяцца і душы свецкіх людзей, і душы святароў ды кансэкраваных асобаў. Таму заўсёды патрэбная малітва за памерлых — за тых, хто тут, на зямлі, не да канца ўдасканаліўся ў любові да Бога і бліжняга, хто не цалкам адказаў на Божую волю ў зямным жыцці.
Што дае далучэнне да АДДЧ?
Перш за ўсё гэта дазваляе адкрыцца на духоўнае дабро, звязанае з харызмаю дапамогі памерлым, — на ўдзячнасць ад Бога, Найсвяцейшай Панны Марыі, удзячнасць ад сясцёр кангрэгацыі і ад саміх душаў чыстцовых.
Бл. Ганарат Казьміньскі сцвярджаў, што дапамога памерлым — гэта «найпрасцейшае, і амаль нічога нам не каштуе, бо амаль кожную справу, нават найменшую і выкананую з абавязку, мы можам ахвяраваць за гэтыя душы з вялікаю карысцю для іх». Цяжка з гэтым не пагадзіцца. Невялікія намаганні, якія мы прыкладаем для таго, каб палегчыць цярпенні душам чыстцовым, вяртаюцца да нас, памножаныя міласэрнаю любоўю і ўдзячнасцю з Сэрца самога Бога і Найсвяцейшай Панны Марыі.
Бл. Ганарат запэўніваў, што дапамога памерлым перш за ўсё «мілая Богу, бо гэтыя чыстцовыя душы — дзеці Божыя, якія любяць Яго і любімыя Ім». Клопат пра неба для памерлых «вельмі прыемны таксама Божай Маці, — пісаў а. Казьміньскі, — бо кожная маці лічыць вялікаю ласкаю, калі хтосьці вызваліць яе дзяцей з няволі, а тым больш Найсвяцейшая Маці... Яна выводзіць гэтыя душы з чыстца, і ў Яе распараджэнні застаюцца тыя скарбы заслугаў, якія мы збіраем для памерлых і для сябе».
Больш за тое, з лістоў бл. Ганарата мы даведваемся, што дапамога душам чыстцовым — «вельмі ўдзячная справа, бо гэтыя душы, збаўленыя з нашаю падтрымкаю, будуць вечна ўдзячныя нам за гэтую паслугу і будуць падтрымліваць нас пры жыцці і падчас смерці». Зрэшты, не толькі айцец Ганарат падкрэсліваў, наколькі душы чыстцовыя могуць быць шчодрымі да жывых людзей у выпрошванні для іх ласкаў у Пана Бога. Напрыклад, св. Ян Марыя Віянэй пісаў: «Несумненна, у нашых руках ёсць усё, што неабходна для дапамогі гэтым няшчасным душам, — малітвы, пакаянне, міласціна, а перш за ўсё — святыя Імшы. Урэшце, нельга сумнявацца, што гэтыя душы, поўныя любові, адплацяць нам узаемнасцю і выпрасяць для нас у тысячу разоў больш, чым мы ім даём. Калі мы будзем у чыстцы, то гэтыя душы паспяшаюць выпрасіць у Бога для нас такую самую ласку, як мы выпрасілі для іх, бо яны добра ведаюць, наколькі гэтыя цярпенні страшныя, наколькі жахлівая адлучанасць ад Бога. <...> Так, дарагія браты, кожны раз, калі нам трэба будзе прасіць аб чымсьці, давайце з даверам звяртацца да гэтых святых душаў, і будзем упэўненыя, што яны заступаюцца за нас перад Богам. Якое ж гэта шчасце для нас, што ў малітвах, якія мы ўзносім за чыстцовыя душы, мы маем такі цудоўны сродак, каб забяспечыць сабе неба!».
Далучэнне да АДДЧ дапамагае нам таксама ўсвядоміць, што місія дапамогі памерлым датычыць жыцця кожнага чалавека. Кожны з нас калісьці пройдзе праз браму смерці, а перад гэтым, магчыма, перажыве адыход сваіх блізкіх з гэтай зямлі. Вельмі верагодна, што наш і іх шлях да неба будзе пралягаць праз чысцец. Жыццёвасць харызмы дапамогі памерлым, якія церпяць у чыстцы, дазваляе спадзявацца, што ніхто з нас не будзе вымушаны скардзіцца Пану Езусу на адсутнасць чалавека, які дапамог бы яму акунуцца ў крыніцу міласэрнай любові Айца. Малітоўная дапамога, несумненна, будзе сыходзіць ад кангрэгацыі сясцёр, ад сяброў апостальства, а таксама ўсіх тых, хто дасягнуў неба дзякуючы нашаму ўдзелу ў апостальстве дапамогі душам чыстцовым.
Як можна далучыцца да АДДЧ?
У Беларусі адказнаю за АДДЧ з’яўляецца адна з сясцёр кангрэгацыі — с. Анна Чайкоўская WDC, якая ад імя супольнасці супрацоўнічае з сябрамі руху і займаецца іх фармацыяй. Душпастырам руху прызначаны кс. Ігар Лашук SDB, а аніматаркаю — спадарыня Аліна Новікава. У Гродзенскай дыяцэзіі душпастырам АДДЧ з’яўляецца кс. Віктар Субель.
Тыя, хто вырашыў далучыцца да АДДЧ, запаўняюць і асабіста падпісваюць т. зв. «Анкету ўдзельніка», а затым аніматары высылаюць яе ў Цэнтр АДДЧ у Сулеювэк (Польшча). Пацвярджэннем аб прыняцці ў АДДЧ з’яўляецца «Пасведчанне» з «Актам штодзённага ахвяравання за памерлых», якое атрымлівае кожны сябар з Цэнтра АДДЧ або ад аніматара.
Больш інфармацыі пра Апостальства дапамогі душам чыстцовым можна знайсці на старонцы кангрэгацыі па адрасе: www.wspomozycielki.pl, а таксама на сайце Апостальства дапамогі душам чыстцовым у Беларусі.