Адной з самых папулярных малітваў сярод католікаў з’яўляецца Ружанец. Практыка малітвы на пацерках бадай жа заўсёды адбывалася і ў будынку касцёла, і ў публічнай свецкай прасторы.
Чым так прываблівае Ружанец і якую ён мае сілу?
Сама Маці Божая прычынілася да распаўсюджвання ружанцовай малітвы
Магчыма, мы думаем, што Марыя ўпершыню заахвоціла маліцца Ружанцам падчас аб’яўленняў у 1917 годзе ў Фаціме (Партугалія). Як бы не так! Ружанец вядомы з XII стагоддзя, з часоў св. Дамініка. Падчас аб’яўленняў Маці Божая перадала яму важнасць малітвы “Вітай Марыя”.
Трыма ж вякамі пазней дамініканцу Алану з Рошы Найсвяцейшая Панна распавяла пра 3 часткі Ружанца і 15 таямніц. Таксама Марыя прасіла Алана аб распаўсюджванні ў Касцёле ружанцовай малітвы.
Шырока вядомыя ва ўсім свеце санктуарыі ў Ліхэні (Польшча) і Лурдзе (Францыя). Падчас аб’яўленняў у гэтых месцах у XIX стагоддзі Марыя таксама заахвочвала да малітвы на ружанцы.
У 1872 годзе ў польскім Гештфалдзе праз дзвюх дзяўчынак Маці Божая перадала, што ружанцовая малітва дапаможа вернікам вярнуць свае святыні і абараніць святароў ад небяспекі.
У Фаціме ж Маці Божая папрасіла дадаваць да кожнай таямніцы “О, мой Езу…” і штодзённа маліцца Ружанцам у інтэнцыі супакою ў свеце.
І гэта, канешне, далёка не ўсе аб’яўленні, у якіх Марыя звяртала ўвагу на важнасць ружанцовай малітвы.
Многія святыя любілі Ружанец
Напэўна, адным з самых вядомых аматараў Ружанца быў св. айцец Піо з П’етрэльчыны. Калісьці гэты італьянскі святы сказаў: “Маліцеся яго (ружанец – заўв. аўт.) так часта, як толькі можаце. Д’ябал увесь час стараецца знішчыць ружанцовую малітву, але гэта яму ніколі не ўдасца. Яе дала Тая, якая валадарыць над усім і ўсімі”. Свайму настаяцелю а. Піо прызнаваўся, што моліцца 35 Ружанцаў цягам дня.
Св. Максімільян Кольбэ сказаў, што праз Ружанец “у збалелыя сэрцы цячэ бальзам палёгкі, у ахопленых роспаччу душах зноў з’яўляецца прамень надзеі”. Ён быў актыўным святаром. Заснаваў Рыцарства Беззаганнай, а падчас побыту ў Гродне пачаў выдаваць часопіс “Рыцар Беззаганнай”, які існуе да сёння.
Св. Тэрэза ад Дзіцятка Езус, доктар Касцёла, у адным са сваіх лістоў пісала, што ёй вельмі цяжка даецца Ружанец. Аднак адзначала, што калі моліцца паволі, паўтараючы “Ойча наш” і “Вітай Марыя”, то тады малітва захапляе яе і корміць душу нашмат болей, чым калі б яна малілася ў спешцы.
Св. Ян Павел II падкрэсліваў, што праз Ружанец мы размаўляем з Маці Божай, з даверам ахвяруючы Ёй свае смуткі, клопаты, радасці і надзеі. Ён вельмі часта маліўся на ружанцы, прыватна і публічна. У 2002 годзе Папа выдаў апостальскі ліст “Rosarium Virginis Mariae” (“Ружанец Найсвяцейшай Панны Марыі”), прысвечаны гэтай малітве, і ўвёў новую частку Ружанца – Таямніцы святла.
Ружанцовая малітва мела ўплыў на важныя гістарычныя падзеі
Ці ведалі вы, што ўспамін Маці Божай Ружанцовай – 7 кастрычніка – адсылае да бітвы пад Лепанта? У гэты дзень У 1571 годзе ў лёсавызначальным для Еўропы змаганні флот Святой Лігі – кааліцыя каталіцкіх дзяржаў – перамог турэцкі флот. Дадзеную падзею прыпісваюць дапамозе Маці Божай, да якой папа Пій V, маракі і іншыя вернікі маліліся на ружанцы. Пасля марской бітвы ў Венецыі пабудавалі капліцу Маці Божай Ружанцовай і пакінулі надпіс: “Non virtus, non arma, non duces, sed Mariae Rosiae victores nos fecit” (“Не адвага, не зброя, не камандзіры, але Марыя Ружанцовая зрабіла нас пераможцамі”).
Пад плашчом апекі Маці Божай пачулі сябе аўстрыйцы пасля Другой сусветнай вайны. Краіна тады заставалася пад альянцкім і савецкім уплывам. У 1947–1955 гадах у Аўстрыі праходзіла круцыята (сумесная малітва) кампенсацыі і ўзнагароджання ў інтэнцыі міру ва ўсім свеце. Цягам 8-і гадоў шматлікія грамадзяне, у тым ліку тагачасны канцлер краіны Юліус Рааб і міністр замежных спраў Леапольд Фігль, ахвяравалі Богу праз Маці Божую сваю штодзённую ружанцовую малітву. У 1955 годзе ўдзел у круцыяце прымалі амаль паўмільёна аўстрыйцаў! У выніку Аўстрыя стала адзінай пасляваеннай краінай, якую савецкая армія пакінула мірным шляхам праз падпісанне адпаведнага пагаднення. Міністр Леапольд Фігль вымавіў тады такія словы: “З удзячнасцю ўсемагутнаму Богу, з вялікай радасцю абвяшчаем: Аўстрыя свабодная!”.
Месяц кастрычнік у Касцёле асаблівым чынам прысвечаны Маці Божай. А Вы плануеце свой час з Ружанцам?
Паводле “Слова Жыцця”, Кацярына Паўлоўская