Skip to main content

Свята Узвышэння Крыжа. Уздымі вочы і глядзі

jesus 4434873 1280Ёсць дзень у годзе, які нагадвае нам пра крыж, а дакладней – пра Таго, хто аддаў на ім жыццё. Усё гэта Ён учыніў за людскія грахі з бязмежнай любові, каб кожны чалавек мог мець вечнае жыццё.

Езус Хрыстус прызнаўся на крыжы ў сваёй любові. Зрабіў гэта не словам, а змучаным целам, не вуснай дэкларацыяй, а крывёю, што цячэ з ран. Для сапраўднай любові шмат слоў не патрэбна, а патрэбны дзеянні, якія яе пацвярджаюць. Бог мог збавіць нас адным словам, але Ён выбраў іншы шлях, паказаў, як моцна нас любіць – Езус Хрыстус з любові да кожнага чалавека прыйшоў і аддаў сваё жыццё.

Збаўца кажа: “Калі хто хоча ісці за Мною, няхай штодня бярэ крыж свой і ідзе за Мною” (параўн. Лк 9, 23).

Урачыстасць Узвышэння Святога Крыжа адзначаем 14 верасня.

Узвышэнне Святога Крыжа можа быць для нас добрай нагодай, каб зноў узяць той крыж на свае плечы. Добрай нагодай, каб сцерці з яго пыл. Магчыма, трэба зноў узняць вочы ў неба. Можа, варта зразумець, што ў іншым знаку збаўлення няма, можа, варта ўпасці на калені перад крыжам і прасіць у Бога сілы данесці ўласны крыж да канца... І ў першую чаргу, падзякаваць Усемагутнаму за Яго вялікую любоў і прасіць ласкі любіць укрыжаванага Хрыста больш, чым кагосьці або штосьці ў гэтым свеце.

Сёння мы вельмі часта падобныя да выбранага народа ў пустыні: змеі кусаюць нас з усіх бакоў, іх атрута дасягае нашага сэрца, замыкае нас ад голасу Бога, забівае нашу духоўнасць, адбівае ахвоту посціць, маліцца, дапамагаць іншаму чалавеку, весці рэлігійнае жыццё.

У свята Узвышэння Крыжа мы ўглядаемся ва Укрыжаванага, які стаў паслухмяным Богу Айцу да канца. Езус Хрыстус паказвае, што Яго Крыж з’яўляецца самым святым знакам, які абагульняе сутнасць хрысціянства. Крыж – гэта не толькі асноўны жэст малітвы, але і самае простае вызнанне веры.

Аляксандр Салжаніцын у адной са сваіх кніг пісаў, што ў сталінскія часы ў людзях памірала духоўнае жыццё, бо яны больш верылі Сталіну і партыі, чым Богу, які “крычаў у іх сумленнях”. Але яны не маглі ўзняць вочы ўверх, як выбраны народ, і паглядзець на змея, не маглі зірнуць на крыж, таму што Сталін знішчыў усё, што магло нагадваць людзям пра Бога.

І ці не тое ж самае адбываецца сёння: мы таксама пачынаем больш верыць таму, што чуем па тэлебачанні, па радыё, больш схільныя верыць прачытанаму ў газеце ці ў інтэрнэце і г. д. А не хочам чуць Бога, які крычыць у нашым сумленні.

Мы яшчэ маем магчымасць узняць вочы і паглядзець на крыж, паглядзець на любоў ва ўчынках, а не на словах. Дык давайце не змарнуем гэты шанс!

Святы Аўгусцін казаў: “Хто не бачыць мэты свайго шляху, няхай ніколі не аддаляецца ад крыжа, і крыж сам правядзе яго”. Таму, калі будзеш сядзець дома і плакаць над сваім лёсам, калі згубіш надзею, калі твой крыж будзе здавацца занадта цяжкім, уздымі вочы і паглядзі на ўкрыжаванага Езуса Хрыста Адкупіцеля – Ён дасць табе сілы, Ён дапаможа табе, Ён цябе збавіць.

Паводле “Слова Жыцця”, кс. Юрый Марціновіч

 

Рэдагавана: 14 Верасня 2022