З пачатку вясны бягучага года Маці Тракельская будзе звяртацца да сваіх пілігрымаў дэвізам “З Марыяй да супакою і еднасці”. У складанай сёлетняй сітуацыі асабліва хочам папрасіць Божую Маці, каб Яна абараняла нас і дапамагала нам у жыцці. Бо Яна лепш за ўсіх ведае, як трэба прабачаць і аб’ядноўваць чалавецтва. Яна для нас узор, а таксама Тая, хто нясе ў свет супакой.
Чалавечае жыццё, паводле свайго ўладкавання, часта неспакойнае. Чалавек заўсёды за штосьці хвалюецца і перажывае. Ён жыве ў нейкай трывозе. Неаднаразова мы спрабуем знайсці адказ на пытанне: як трэба жыць і што трэба рабіць, каб быў супакой ва ўласным сэрцы, у сваёй сям’і і ва ўсім свеце? Працу мы павінны пачаць з духоўнага жыцця, без якога немагчыма несці супакой у свет. Яно з’яўляецца цэнтрам і фундаментам існавання грамадства. Яно патрэбна нам, як паветра, каб дыхаць. Найперш у цэнтры ўвагі мы павінны паставіць нашу індывідуальнасць, ідэнтычнасць і духоўнасць. Бо калі ўсё гэта знішчаецца і прыніжаецца, то знікае і наша чалавецтва, наша грамадства.
“Забіць” адносіны з Богам, з іншым чалавекам, з самім сабой – гэта ў пэўным сэнсе “забіць” сябе. Хворыя адносіны забіваюць, дэфармуюць і тармозяць нас, і наадварот, здаровыя – развіваюць нас, фармуюць, ажыўляюць і вылечваюць. Калі не ўсталяваны чалавечыя адносіны, то і наша малітва не будзе сапраўднай, дзейснай. Калі мы не можам усталяваць кантакт з блізкімі, то і не зможам усталяваць кантакт з Богам падчас малітвы. Ніколі не будзе добрай размовы з Богам, калі мы не хочам размаўляць з блізкімі.
Фундаментам непакою з’яўляецца непрыязнасць Каіна да свайго брата Абэля. А кожны з нас нябачнай нітачкай звязаны з тымі людзьмі, якія былі да нас. Бо людзі ўсіх пакаленняў аб’яднаны паміж сабой. Мы з’яўляемся часткамі аднаго вялікага механізму, і, каб ён добра працаваў і функцыянаваў, мы павінны навучыцца слухаць і чуць адзін аднаго. Але звычайна мы чуем толькі тое, што хочам пачуць. Мы жывем у тым, што ствараем самі. Але праз грэх чалавек можа заглушыць голас Бога і, такім чынам, заглушыць уласнае сумленне і голас брата. З-за граху чалавек не пазнае свайго ўласнага сапраўднага твару і твару брата. Знішчаючы іншага чалавека, мы застаемся адны, тым самым знішчаем сваю асобу. Там, дзе няма Бога, не можа быць і чалавека. Забіваем Бога – забіваем чалавека. Закрываючы сэрца, мы закрываем рот. Бог стварыў чалавека для міру і братэрства, і ў цэнтры гэтага стварэння – сэрца чалавека. Калі ў ім будзе евангельскае святло, то ўсё чалавецтва ператворыцца ў адну вялікую сям’ю. Святло выпраменьваецца ад кожнага нашага слова і справы. Яно ўзнікае праз прабачэнне і справядлівасць. Дзе ёсць прабачэнне – там няма помсты. Толькі праз прабачэнне і прымірэнне ўзнікае новая асоба і супольнасць. Свет чакае ад хрысціян сведчання супольнасці і салідарнасці. Мы, хрысціяне, павінны быць рэлігіяй асобы.
Там, дзе Бог, – там супакой і адзінства. Мы павінны будаваць сваё жыццё ў адпаведнасці з Евангеллем, па законе любові, а тады спыняцца ўсе сваркі, спрэчкі, непаразуменні і войны. Мы павінны прыняць Езуса ў сваё сэрца, як гэта зрабіла Марыя, каб стаць людзьмі святла. Наша Панна Тракельская хоча, каб у нашых сэрцах, у нашых сем’ях заўсёды панаваў супакой. Давайце будзем шанаваць кожнага чалавека, як сваю маці. Любыя праблемы мы павінны вырашаць, а не бегчы ад іх. Калі мы хочам жыць у супакоі і радасці, то павінны вучыцца гэтаму ад Марыі ў прыняцці Езуса.
Маці Божая Тракельская, маліся за супакой у нашых сэрцах і ва ўсім свеце.
Кс. Юрый Бяганскі, кусташ санктуарыя ў Тракелях