Сталася! Зноў на трасе і зноў ровар. Пад канец ліпеня мы вырушылі ў пілігрымку ў чарговы марыйны санктуарый, на гэты раз у Лагішын (Пінская дыяцэзія).
Сёлета гэта была ўжо чацвёртая наша пілігрымка. Мы заўсёды выходзім з гродзенскай катэдры св. Францішка Ксаверыя, наведваем чарговы беларускі марыйны санктуарый і вяртаемся да ног Кангрэгацкай Пані. Беларусь – прыгожая краіна. Аказваецца, тут шмат санктуарыяў. Пандэмія каранавірусу, з аднаго боку, крыху нас паралізавала, але з іншага – адкрыла новыя магчымасці і пабудзіла прыняць новыя выклікі і ініцыятывы. Гэта вельмі развівае. Некаторыя ўдзельнікі змяняюцца, іншыя застаюцца ранейшымі. У мінулы раз я ўжо крыху пісала пра пілігрымаванне, сёння аддаю голас удзельніцам нашага апошняга падарожжа.
Шанц суцішыцца
Вікторыя: “Гэта была мая другая роварная пілігрымка. Мушу прызнаць, сама здзіўлялася, што еду, бо тая першая не была для мяне лёгкай. Нягледзячы на гэта, пасля некалькіх дзён адпачынку ўжо ведала: калі не паеду ў Лагішын, буду шкадаваць.
Гэтае падарожжа да Маці Божай было для мяне найперш шанцам суцішыцца, адставіць убок штодзённыя клопаты і няўпэўненасць, шанц на час сам-насам з Богам… Гэта была таксама цудоўная нагода ўзбагаціцца праз пазнаванне новых людзей і нястомнае прабыванне з імі ў хвіліны радасці, але і ў хвіліны стомленасці ці раздражнення.
Высілак роварнай пілігрымкі вучыў мяне трываласці, а адначасова цярпліваму ўспрыманню патрэб маіх сябровак. Магчымасць жа сузіраць навакольную прыгажосць пазбаўляла ад болю і змучанасці, абуджаючы ў сэрцы яшчэ большае захапленне хараством нашай краіны і ўсемагутнасцю Пана, які ўсё гэта стварыў...”
Пад горку і з горкі
Святлана: “Пілігрымка – гэта неад’емная частка майго жыцця. Калі зноў сядаю на ровар, не раз прыходзяць у галаву думкі: ці трэба, а навошта, а ў якой інтэнцыі, ці змагу даехаць да мэты? Апрача пытанняў, бываюць і абставіны, якія да апошняга моманту не атрымліваецца вырашыць, але Божая рука заўсёды ўсё піша ў чыставік і без памылак.
Інтэнцыі, якія “вязу ў сваім заплечніку”, розныя: просьбы аб здароўі, падзяка за пражытыя гады, за дар мацярынства, за нашу краіну, аб вырашэнні пэўных спраў, просьбы аб дары патомства і г.д. Усё вышэйпералічанае не толькі маё асабістае: на сваёй старонцы ў інстаграм я заўсёды пішу, што еду да Божай Маці, і людзі дасылаюць свае інтэнцыі.
Часам хочацца скінуць гэты цяжкі фізічны заплечнік са сваіх і без таго стомленых плячэй і пакласці да каго-небудзь у кошык, бо цяжка, бо пот сцякае ручаямі, бо хочацца палёгкі... Але не магу: людзі даверылі мне свае перажыванні, радасці, хваробы – мушу везці і аддаць іх асабіста ў Матчыныя далоні, а Яна ўжо ведае, што з імі рабіць.
Дарога – гэта заўсёды штосьці хвалюючае. Тут трэба быць уважлівым, спагадлівым і, канешне ж, з пачуццём гумару. Калі здаецца, што сілы на зыходзе, то гумар – лепшы лекар у гэтай справе! Падбадзёрваць адзін аднаго, лічу, – першасная рыса кожнага веласіпедыста!
Усё нашае жыццё – гэта пілігрымка: стаміўся круціць педалі – спыніся, прысядзь, адпачні; спякота, сонца так грэе, што твой твар і рукі ўжо не толькі падсмажыліся, але і падвэндзіліся, – спыніся, выпі вадзічкі, спаталі смагу; штосьці пайшло не так, перажываеш, а можа, не той настрой – спыніся, супакойся, падзяліся; бачыш, што таварыш ледзьве едзе, – пад’едзь бліжэй, распавядзі жарт або проста голасна ўздыхні разам з ім і едзь ціха.
Роварная пілігрымка – гэта не толькі ўвесь час пад горку, але і з горкі! Гэта не толькі час з Богам, час сам-насам, але і ўменне быць цалкам для бліжняга, які едзе перад і за табой, быць згуртаванай камандай, якая цябе не кіне на дарозе, якая дапаможа начапіць на месца ланцуг, што зваліўся, якая падзеліцца апошняй кілбаскай на абедзе і аддасць бутэльку з апошнімі “залатымі кроплямі” вады.
Пілігрымка – гэта сям’я, якая дoўгімі восеньскімі і зімовымі вечарамі за кубачкам гарбаты доўга і весела ўспамінае ўсе нашыя разам перажытыя дарожныя прыгоды, уражанняў ад якіх хопіць на многія гады”.
Падарунак ад Бога
Віялета, наймалодшая ўдзельніца пілігрымкі, 11 гадоў: “Мне вельмі моцна хацелася паехаць з мамай у пілігрымку яшчэ з мінулага лета. Я прасіла Бога, каб Ён падарыў мне такія канікулы. Але не магла паверыць да самага выезду, што гэта сапраўды здарыцца.
Мама мне распавядала, што гэта вельмі крута, але і цяжка адначасова. У мяне была вельмі важная просьба, якую я хацела адвезці да нашай Мамачкі Марыі. І яшчэ я абсалютна не сумнявалася, што калі паеду, то змагу прарабіць гэты шлях да канца, таму што з намі будзе Бог, а Ён мяне не пакіне.
Момантамі было цяжка, але я ні разу не пашкадавала і не захацела вярнуцца дадому. Мне вельмі спадабалася. Гэтыя чатыры дні сталі самымі лепшымі гэтым летам. Буду чакаць паўтору ў наступным годзе”.
Новы вектар жыцця
Аксана, мама Віялеты: “Пілігрымка для мяне – гэта як маленькае жыццё. Канцэнтрат часу з Богам. Штодзённая сустрэча з Езусам у Эўхарыстыі. Калі ўсё, пачынаючы ад самой магчымасці выезду, уся дарога, цяжкасць і радасці, цярпенне, стомленасць, мяжа фізічных магчымасцяў і потым неверагодны ўсплёск сіл – усё гэта прысвечана Богу і насычана Яго прысутнасцю.
Калі Бог дакранаецца да цябе праз тваіх спадарожнікаў; праз сустрэтых на дарозе людзей, якія розным чынам дапамагаюць у гэтым шляху; праз новых знаёмых і іх непаўторныя гісторыі жыцця.
Гэта магчымасць запаволіцца, застацца ў цішыні і пачуць голас Бога ў сваім сэрцы. Для мяне сама дарога – гэта своеасаблівая малітва. Гэта тое, што напаўняе мяне і задае новы вектар майго жыцця”.
Яшчэ з намі была сястра назарэтанка Імэльда, якая непасрэдна пасля заканчэння пілігрымкі распачала сваю падрыхтоўку да вечных манаскіх абяцанняў. Мы спадарожнічаем ёй малітвай.
А я напішу пра яшчэ адзін аспект – пра марыйнасць. Пілігрымка – адна з форм марыйнай пабожнасці. Нядаўна хтосьці задаў мне пытанне: як вы трапілі ў Шанштацкі Інстытут Сясцёр Марыі? I раптам я зразумела… што праз розныя акалічнасці жыцця (а я моцна веру, што Бог піша маю гісторыю) знайшла Марыю.
З гэтай хвіліны мой шлях да Бога, таксама мой выбар законнай супольнасці і маё пакліканне, маюць гэтую характэрную марыйную рысу. Марыя для мяне як самы пэўны компас, як навігацыя на шляху жыцця. Я не губляю Яе з поля зроку. Калі я заблукала – вярнуся.
У Марыі я маю Маці, якая любіць і разумее. Маю Выхавацельніцу, якая ставіць перада мной канкрэтныя патрабаванні. У Марыі маю Настаўніцу духоўнага жыцця і разам з Ёю раблю на гэтай сцежцы якіясьці няўмелыя крокі. Марыя вучыць мяне, як быць жанчынай у стылі Божай задумы, шчаслівай і споўненай. І, урэшце, Марыя з’яўляецца для мяне ўзорам кансэкрацыі, ці поўнай, татальнай адданасці Богу. Жыцця з Ім і для Яго.
З гэтага ясна вынікае, што мне вельмі патрэбны кантакт з Марыяй. Пілігрымка – толькі адна з форм ажыўлення і ўмацавання гэтага кантакту. Чым бліжэй я да Марыі, тым больш напоўненая Богам… і толькі тады мае сустрэчы з дзецьмі ў катэхетычным класе і з людзьмі, да якіх Бог мяне пасылае, маюць вартасць апостальства і сведчання.
Чым бліжэй я да Бога, тым больш паспяхова магу Яму даверыць справы, інтэнцыі тых людзей, за якіх я духоўна адказная або якія мяне просяць аб малітве, ці не просяць… але я сама распазнаю іх патрэбы або цяжкасці… Заўсёды раблю гэта з радасцю.
I вось такім чынам мы скончылі сёлетняе пілігрымаванне. Існуюць ужо дастаткова канкрэтныя планы на наступны год.
Аднак пілігрымкі было б немагчыма рэалізаваць, калі б не было людзей, якія, хоць самі не селі на ровары і не пераадолелі шмат кіламетраў, сталі ў пэўным сэнсе ўдзельнікамі нашых пілігрымак. Гэта тыя, якія прымалі нас на начлегі. Гэта тыя, якія дапамагалі з транспартаваннем багажу. Гэта тыя, якія нас падтрымлівалі малітвай і добрым словам. Гэта тыя, дзякуючы якім мы маглі бяспечна вярнуцца дадому. Гэта тыя, якія былі гатовыя, як “хуткая дапамога”, кожную хвіліну даехаць да нас, калі б здарылася нейкая цяжкая сітуацыя ў дарозе. Ад усяго сэрца ўсім ім дзякуем і атачаем малітвай.
С. Марлена ISSM