Пілігрымка – гэта заўсёды сыход з месца, з той вобразнай канапы, пра якую казаў Святы Айцец Францішак. Пілігрымка – гэта рызыка, бо ніколі не ведаеш, што будзе, як будзе… Гэта здольнасць пражыць пару дзён без свайго зручнага ложка, без падушкі, да якой прызвычаіўся, без любімай ежы.
Ты пакідаеш усе зручнасці і бяспеку. Вырушваеш у шлях. Часам чую пытанне: навошта? Ісці насуперак камфорту, гэта ж так нямодна!
Пілігрымка – гэта свядомае рашэнне на нейкую ахвяру. Згода на тое, што мне штосьці будзе балець, што магу дасягнуць нейкай мяжы фізічных або псіхічных сіл. Пілігрымка мае сваю сутнасць. Сутнасцю з’яўляецца інтэнцыя. Чым больш канкрэтная – тым лепш. Кожны з нас чымсьці жыве. Кожны з нас мае за што пакутаваць. Кожны з нас мае аб чым папрасіць Бога, за што перапрасіць, што даверыць. Трэба толькі ўвайсці ў глыбіню сябе…пачуць яе. Трэба ўвайсці глыбей, пакідаючы за сабой павярхоўны, шалёны свет.
Сучасны чалавек, і я таксама, жыве ў нейкім пастаянным беспарадку, шуме, спешцы – гэта не Божая справа. Нас водзіць нехта іншы, нехта, хто змагаецца з Богам, нехта, хто ў нас Яго спрабуе адабраць.
Мы жывём у пастаянным бегу, быццам хочам дагнаць час. Час не трэба даганяць. Час трэба перажываць, і перажываць з поўнай уключанасцю і з радасцю. Часам я бачу ў вачах людзей пытанне: “сястра, а чаму тут радавацца?”
Сапраўдная радасць не паходзіць з таго, што мне ўсё ў жыцці ўдаецца, што ў мяне ўсё атрымліваецца, што заўсёды выйграю. Сапраўдная радасць – гэта яснае ўсведамленне таго, што Бог прысутнічае і дзейнічае ў маім тут, у маім сёння.
Сапраўдная радасць паходзіць з таго, што ў кожнай падзеі маёй асабістай гісторыі жыцця адкрываю сляды Яго міласэрнасці, любові, дабрыні, клопату, збаўлення. Адным словам, сляды Яго дзівоснага Провіду, які чувае нада мною, у кожным самым дробным выпадку.
Пілігрымка мае сваю мэту. Звычайна гэта нейкі санктуарый, нейкае святое месца. Чалавек, які выходзіць у пілігрымку, кажа, быццам без слоў, пра свой сум па сустрэчы з Богам.
Пілігрымаваць – гэта ісці да Бога. Пілігрымка – гэта адкрыццё на іншага чалавека. На таго, які ідзе або едзе на ровары побач. На таго, які толькі што даў табе бутэльку з вадой. На таго, які ўсміхнуўся табе або не. Таго, які табе сімпатычны, і таго, які цябе па нейкай прычыне раздражняе.
Пілігрымка – гэта заўсёды змаганне супольнасці. На неба не ідуць у паядынку, і на неба эгаісты не ўзыходзяць. Пілігрымка можа быць вайной, аб’яўленай свайму эгаізму або празмернай сканцэнтраванасці на сваім вузкім “я”.
Пілігрымка – гэта выключны час. У маім выпадку (роварныя пілігрымкі) гэта час, які ты запаўняеш сам. Можна, канешне, сесці на ровар і проста ехаць наперад. Можна. Толькі тады гэта не пілігрымка, а спартыўнае мерапрыемства.
На самой справе я не маю нічога супраць заняткаў спортам. Наша пілігрымаванне ў духоўным сэнсе прадумана і падрыхтавана. Штодзённая Эўхарыстыя, святы Ружанец, Вяночак, аскетычныя канферэнцыі і доўгія хвіліны маўчання. З гэтага боку роварная пілігрымка цяжэйшая і больш патрабавальная ў параўнанні з пешай.
Тут неабходная вялікая самадысцыпліна, патрабаванне чагосьці большага ад сябе – не ад іншых. У час такога пілігрымавання можна шмат пра сябе даведацца – не абавязкова добрага. Не трэба гэтага баяцца. Праўда, асабліва пра сябе, вызваляе.
Пілігрымка мае свае плёны. Пра гэтыя плёны не хачу і не буду казаць. Мне здаецца, што словы тут не патрэбныя. Бачу гэтыя плёны ў людзей, з якімі мне было дадзена пераадольваць кіламетры, што ляжалі наперадзе. Бачу гэтыя духоўныя плёны, пакрываю іх маўчаннем…усмешкай…а ў сэрцы шапчу Богу: “дзякуй”. Няхай Бог будзе праслаўлёны!
Пілігрымка – як жыццё: пераход, перамяшчэнне ад этапу да этапу, цярпенне і радасць, цяжкасці і перамогі. Вячэрняя стомленасць і ранішняе распачацце нанова. А над усім гэтым пачуццё, што набліжаюся да мэты.
Самі ацаніце: ці наша жыццё не пілігрымка? Нават калі ты пра сваё жыццё ніколі так не думаў, падумай сёння. Ніякага этапу ты не зможаш паўтарыць…таму жыві паўнатой жыцця!
С. Марлена ISSM