Як перажыць Пасху па-Божаму, не загразнуўшы ў падрыхтоўцы да ўрачыстасці? Напэўна, вам, шаноўныя чытачы, здаралася ўжо праз колькі дзён пасля надыходу Вялікадня задумвацца: «Урачыстасць ужо, аказваецца, прайшла, і, кажучы праўду, ёсць адчуванне, што ты з ёю размінуўся…» І куды падзеўся гэты час?
Чым мы займаліся апошныя тыдні? Вядома, рыхтаваліся. Спачатку рабілі прыгожыя вербачкі на працэсію Пальмовай нядзелі, пасля прадумвалі пасхальнае меню, упрыгожвалі кошыкі для асвечанай ежы, бегалі па крамах, фарбавалі яйкі адварам з цыбулевага шалупіння, якое загадзя рупліва збіралі, рассылалі віншаванні сваякам і сябрам...
Усё гэта патрэбна і таксама спрыяе святочнаму настрою, але за гэтымі істотнымі і мілымі дробязямі незаўважна хаваецца і знікае сэнс самай галоўнай урачыстасці літургічнага году, падзеі, у якой заключаная сутнасць хрысціянства, — смерці і ўваскрасення Хрыста.
Мы падрыхтавалі для вас некалькі парадаў, якія, спадзяемся, дапамогуць вам не размінуцца з Пасхальнымі ўрачыстасцямі.
1. Удзел у набажэнствах пасхальнага Трыдуума
Трыдуум — ад лічбы «тры» — гэта дні, якія папярэднічаюць Вялікадню. Іх значнасць падкрэсліваецца традыцыйнымі назвамі: Вялікі чацвер, Вялікая пятніца, Вялікая субота. Адмысловыя набажэнствы, якія служацца ў гэтыя дні ва ўсіх касцёлах, незвычайна прыгожыя, напоўненыя глыбокім сімвалічным зместам: Імша Хрызма і Імша Вячэры Пана, Адарацыя крыжа, вігілія Пасхі. Яны дапамагаюць нам глыбока перажыць кульмінацыю евангельскіх падзеяў, быць побач з Хрыстом разам з Апосталамі і Марыяй. У літаральным сэнсе, бо Хрыстус, для якога няма перашкодаў у часе і прасторы, цяпер перажывае крыжовыя пакуты, памірае і ўваскрасае за нас, каб і нам даць надзею на ўваскрашэнне. Прыняць удзел у гэтых набажэнствах — важная частка ў падрыхтоўцы да Пасхі.
2. Імша Рэзурэкцыя
Безумоўна, устаць на досвітку, каб прыняць удзел у Імшы Рэзурэкцыі (ад лацінскага «Resurrectio» — Уваскрасенне) — можа быць няпроста, асабліва калі вы напярэдадні вярнуліся дамоў апоўначы пасля вігілійнай Імшы. Аднак важна перамагчы сябе і паўдзельнічаць у святочнай працэсіі ды Імшы на світанні — як было ў пасхальны ранак, калі жанчыны, якія прыйшлі намасціць святое Цела, не знайшлі Хрыста ў магіле. Гэта падорыць вам вельмі глыбокія перажыванні.
3. Споведзь
Па магчымасці, не адкладайце перадпасхальную споведзь на апошнія дні, бо тады непазбежная мітуслівасць, і споведзь можа стаць фармальнасцю. Памятайце, што ў Вялікую пятніцу ў Касцёле не павінны ўдзяляцца ніякія сакрамэнты, і нават не цэлебруецца святая Імша, таму не плануйце споведзь на гэты дзень.
4. Пасхальныя віншаванні
Паспрабуйце падрыхтаваць іх загадзя. Гэтай важнай справе можна прысвяціць час па нядзелях у пост. Падпішыце паштоўкі і ўкладзіце ў канверты, калі збіраецеся рассылаць віншаванні поштаю, падрыхтуйце чарнавікі віншавальных лістоў на e-mail, каб у святочную раніцу засталося толькі адным клікам разаслаць лісты сябрам.
5. Святочны стол
Прадумайце святочнае меню загадзя, складзіце спіс патрэбных пакупак і загадзя набудзьце ўсё, што патрэбна. Дарагія гаспадыні, раздзяліце гэтыя клопаты з сям’ёю: разам гатаваць стравы для святочнага стала можа стаць добрай традыцыяй, якая з’яднае бацькоў і дзяцей і не дасць гаспадыні ў адзіноце змагацца з адказнаю і няпростаю задачаю. Для кожнага можа знайсціся адпаведная праца: дзеці з радасцю ўпрыгожаць кошык і размалююць яйкі, мужчыны набудуць неабходныя прадукты, а многія адкрыюць для сябе, што яны — цудоўныя кухары! Кожны можа выбраць сваю ўлюбёную страву і прыгатаваць яе самастойна. Ніхто не павінен адчуваць сябе адкінутым і непатрэбным. А магчыма, варта наогул не займацца гатаваннем на Вялікдзень, а лепш усім разам выйсці на шпацыр і зазірнуць у кавярню? І памятайма, што святочны стол не павінен станавіцца цэнтрам пасхальнай урачыстасці і наогул — ніводнага свята.
6. Чысціня
У многіх сем’ях існуе традыцыя рабіць перад Пасхаю «генеральную» прыборку. Не варта, аднак, пакідаць гэтую справу на дні Трыдуума, каб галоўнымі падзеямі гэтых дзён заставаліся для вас евангельскія падзеі і разважанне над імі, а не бясконцая чыстка і мыццё… Памятайма, што чысціня падлогі не важнейшая за Вербніца Усё нібы нанова пачнецца… На золку дубчык вярбы прачнецца, без слёз заплача ці засмяецца. Нехта адчыніць кляновыя сенцы… Усмешкай сонейка заіскрыцца… Вярба, дачушка мерзлай зямліцы, нап’ецца з возера ці з крыніцы, з каташкамі пачне весяліцца. — Не мама б’е, вярбінка б’е! За тыдзень Вялікдзень! Бог любіць цябе! — Святая Вербніца – жыццё пераменіцца! Сын Божы з неба дадому вернецца! З малітвай зорнай сяду паснедаць, зялёны луг праб’ецца з-пад снегу… Думаць пра маму, чакаць Вялікдзень… І мама ў сон на досвітку прыйдзе! Так светла досвіткам пра маму думаю, за маму прымаю святую Камунію. Вярба злучае нас з роднымі душамі. Данута Бічэль анута Бічэль душэўную чысціню, а пыльнае акно — гэта не так страшна, як запыленае сэрца.
Няхай час перад Пасхаю стане для вас пагружэннем у рэальнасць евангельскіх падзеяў, якія прынеслі чалавецтву збаўленне, стане часам паяднання і аднаўлення вашай веры. Жадаем вам плённага перажывання пасхальных урачыстасцяў, няхай яны стануць для вас сапраўднаю сустрэчаю з Уваскрослым Хрыстом!