Вялікі пост – час перамены і навяртання
Усе набажэнствы Вялікага посту схіляюць нас правесці рэвізію жыцця і стаць у праўдзе перад Богам. Добрая велікодная споведзь як плён роздуму і малітвы адкрывае нашы душы на ласку Святога Духа, што выплывае з таямніцы Уваскрасення Езуса, і на велікодную радасць.
Прызнанне грахоў перад святаром як збаўчае абвінавачванне самога сябе – гэта важны элемент сакраманту пакаяння і паяднання. Споведзь з’яўляецца свайго роду вызнаннем – ушанаваннем Божай святасці і Яго міласэрнасці да грэшнага чалавека. Добрая споведзь прыносіць душы жаданы спакой, які выцякае з усведамлення паяднання з Богам і атрымання жаданага прабачэння. Такі супакой напоўніў сэрца Марыі Магдалены, калі пачула словы Езуса: “Даруюцца ёй грахі многія за тое, што яна вельмі палюбіла” (Лк 7, 47).
Ці можа быць споведзь добрай або дрэннай?
Каб споведзь была добрай, яе трэба выканаць такім чынам, каб спадабалася Богу, была прынята Ім і вярнула нас да стану асвячальнай ласкі. Ілюстрацыяй добрай споведзі можа быць сапраўднае прымірэнне паміж людзьмі, якія пасварыліся, і вяртанне да шчырых адносін пасля канфлікту. Паяднанне людзей прадугледжвае разважанне, прызнанне сваёй памылкі, шчырую просьбу прабачыць і гатоўнасць пазбягаць таго, што крыўдзіць і адштурхоўвае іншага чалавека ад нас. Узаемнае прабачэнне павінна быць прынята. Спроба прымірэння, пазбаўленая гэтых элементаў, якая, акрамя таго, змяшчае ўзаемныя абвінавачванні, пацярпела б няўдачу, магла б паглыбіць канфлікт і яшчэ больш нашкодзіць далейшым адносінам. Такую спробу прымірэння трэба было б назваць дрэннай.
Што тычыцца нашых адносін з Богам, мы добра ведаем, што Ён святы і бязгрэшны, што Яму няма за што прасіць у нас прабачэння, у той час як мы недасканалыя і слабыя, і нам заўсёды ёсць за што перапрасіць Бога. Шчырасць і адкрытасць з боку Усемагутнага вечна актуальная, таму нам трэба толькі паклапаціцца пра тое, каб з нашага боку было разважанне, шчырае прызнанне сваіх памылак, шчырая просьба прабачыць і жаданне пазбягаць таго, што крыўдзіць Бога і аддаляе нас ад Яго. Тады споведзь будзе добрай. А зробленая бяздушна, без роздуму, без усведамлення і сумленнага прызнання сваіх грахоў, няшчырая споведзь без імкнення больш не крыўдзіць Бога ў будучыні – яшчэ мацней сапсуе адносіны з Ім. Такую споведзь трэба было б назваць дрэннай.
Катэхізіс Касцёла пра ўмовы добрай споведзі
У клопаце аб нашым духоўным здароўі і вечным збаўленні Касцёл коратка акрэсліў умовы сакраманту пакаяння і паяднання:
1. Рахунак сумлення;
2. Жаль за грахі;
3. Цвёрдае пастанаўленне выправіцца;
4. Шчырая споведзь;
5. Выкананне прызначанай пакуты.
Гэтыя так званыя чыны пэнітэнта неабходныя, каб споведзь прынесла “мірны плён справядлівасці” (Гбр 12, 11).
Традыцыйна ў нашым рэлігійным лексіконе называем сакрамант пакаяння і паяднання споведдзю. Гэта звязана з тым, што менавіта на вызнанне грахоў звяртаем найбольшую ўвагу, таму што стаць у праўдзе перад святаром і прызнаць віну – складаная задача. Несумненна, само ўсведамленне граху і вызнанне яго вельмі важнае і неабходнае для атрымання прабачэння. Аднак самае галоўнае – гэта жаль за грахі і цвёрдае пастанаўленне выправіцца. У Катэхізісе Касцёла гаворыцца: “Сярод чынаў пэнітэнта жаль за грахі займае першае месца. Гэта «боль душы і нянавісць да здзейсненага граху з намерам больш не грашыць»” (ККК 1451). Таму адварочванне ад граху з рашучасцю больш не вяртацца да яго – самае галоўнае, і гэта робіць нашу споведзь прыемнай Богу. Пан прымае такую шчырую просьбу прабачыць, і тады адбываецца паяднанне.
У той жа час, каб абудзіць пакаянне ў сэрцы, патрэбна малітва перад споведдзю і рахунак сумлення, які дапаможа ўсвядоміць свой грэх і яго разбуральныя наступствы. На жаль, некаторыя прыступаюць да споведзі без падрыхтоўкі, папярэдняй малітвы і рахунку сумлення, думаючы ў глыбіні душы: “Якія мае грахі?”. Яны не ўсведамляюць, што часам маюць на сумленні цяжкія ці нават вельмі цяжкія грахі, але не бачаць іх або, што горш за ўсё, не хочуць бачыць! Яны не ўдзельнічаюць у рэкалекцыях і не чытаюць рахунак сумлення з малітоўніка перад споведдзю. Такое вінаватае знаходжанне ў слепаце надзвычай небяспечнае! Чалавек можа доўгія гады бяздушна прыступаць да споведзі, знаходзячыся ў стане смяротнага граху, а можа нават памерці так...
Закхей, Марыя Магдалена, Пётр і Юда
Евангелле перадае як пазітыўныя, так і негатыўныя прыклады спробы паяднання чалавека з Богам.
Закхей, які незаконна ўзбагаціўся дзякуючы пасадзе кіраўніка зборшчыкаў падаткаў, сутыкнуўшыся з Езусам, раскайваецца і праяўляе цвёрдую волю выправіць сваё жыццё: “Вось, палову маёмасці сваёй, Пане, я аддам убогім і, калі каго ў чым ашукаў, аддам у чатыры разы больш” (Лк 19, 8). Сапраўднае навяртанне ўключае ў сябе волю ўзнагароджання – перапрашэнне і кампенсацыю пакрыўджанаму. Яго пакута была прынята. На гэта Езус сказаў яму: “Сёння прыйшло збаўленне ў дом гэты” (Лк 19, 9). Марыя Магдалена прызналася ў сваіх грахах на вачах многіх людзей, калі абліла слязамі ногі Езуса і выцерла іх сваімі валасамі. Шчыры жаль жанчыны быў прыняты Богам. Хрыстос сказаў ёй: “Адпускаюцца табе грахі твае” (Лк 7, 48). Для добрай споведзі патрэбны мужнасць і шчырасць. Было б свайго роду глупствам спакушаць Бога крывадушнай і ілжывай споведдзю.
Таксама і апостал Пётр, які ў хвіліну адчаю і страху з-за арышту і абразы Езуса адрокся ад Яго, але, пачуўшы спеў пеўня, глыбока раскаяўся. “А Пан абярнуўся і паглядзеў на Пятра. І ўспомніў Пётр слова Пана, калі сказаў яму: «Перш чым сёння заспявае певень, тройчы адрачэшся ад Мяне». І, выйшаўшы вонкі, горка заплакаў” (Лк 22, 61–62).
Яго пакута была прынята, бо раскаянне спалучалася з глыбокай пакорай. Пасля свайго ўваскрасення Пан Езус запэўніў Пятра, што яго грэх дараваны.
Юда, калі зразумеў, што быў выкарыстаны, каб схапіць Езуса, і што стаў удзельнікам забойства Месіі, таксама пашкадаваў аб сваёй здрадзе. “Сказаў: «Зграшыў я, бо выдаў нявінную кроў». [...] Тады ён, кінуўшы срэбранікі ў святыні, выйшаў і пайшоў павесіўся” (Мц 27, 4–5). Юда шкадаваў і прызнаў свой грэх, але яго споведзі не хапіла пакоры Пятра і мужнасці Магдалены, каб вярнуцца да Хрыста і папрасіць прабачэння.
Няхай наша велікодная споведзь будзе пазбаўлена пыхі, крывадушнасці, хлусні і прагнасці. Няхай наша раскаянне, вызнанне грахоў і пастанаўленне ўзнагародзіць матэрыяльна тых, каму мы вінаваты, будуць шчырымі, скіраванымі да Бога і прынятымі Богам. Каб мы пачулі ад святара словы адпушчэння грахоў – “Я адпускаю табе грахі ў імя Айца і Сына, і Святога Духа” – як словы самога Бога.
Паводле "Слова Жыцця", кс. Тадэвуш Крыштопік