22 кастрычніка, калі ў Касцёле адзначаецца літургічны ўспамін святога Яна Паўла ІІ, 100-годдзе з дня нараджэння якога мы сёлета перажываем, біскуп Юзаф Станеўскі прапануе юнакам і дзяўчатам узгадаць гэтага вялікага сябра моладзі.
Усім вядома, што Ян Павел ІІ любіў моладзь. Да канца свайго жыцця ён адчуваў асаблівую сувязь з маладымі. Ён быў іх бацькам, настаўнікам, але больш за ўсё вялікім сябрам. Нягледзячы на зусім слабое здароўе напрыканцы пантыфікату, ён не пераставаў рабіць высілкі, каб зноў і зноў сустракацца з тымі, каго назваў «вясной Касцёла».
Моладзь аддзячыла за гэта Святому Айцу, сабраўшыся на малітве ля вокнаў Апостальскага палаца, калі Ян Павел ІІ адыходзіў да Дома Нябеснага Айца.
Сёння, у літургічны ўспамін гэтага вялікага святога нашага часу, варта і нам наблізіцца да яго асобы, вучэння і пажаданняў адносна жыццёвага шляху маладога чалавека.
Мае дарагія сябры, святы Ян Павел ІІ добра ведаў, што маладому чалавеку патрэбна перш за ўсё прысутнасць. Ён лічыў, што малады тэмперамент і гатоўнасць дзейнічаць павінны быць дапоўнены сустрэчай з чалавекам, які паставіць гэтыя якасці моладзі на правільны шлях і ў той жа час будзе стымуляваць да рэалізацыі юнацкіх ідэалаў.
Уласцівы Яну Паўлу ІІ да канца жыцця юнацкі імпэт дапамагаў яму заўсёды адчуваць сябе маладым, нягледзячы на гады і стан здароўя.
Ён таксама ведаў, што многія маладыя людзі, на жаль, адчуваюць сябе пакінутымі і пакрыўджанымі лёсам і іншымі людзьмі. Таму сваю місію ў адносінах да моладзі святы Ян Павел ІІ бачыў у тым, каб весці юнакоў і дзяўчат да Хрыста.
Пры гэтым Святы Айцец ніколі не паддаваўся спакусе маралізаваць альбо пагражаць пальцам маладым людзям. Яго словы, прамоўленыя з усмешкай на вуснах і з цеплынёю ў вачах, былі напоўнены непадробнай любоўю да моладзі, якую ён хацеў усімі сіламі асцерагчы ад небяспекаў для іх маладых душаў. Святы Айцец ведаў, што моладзі найбольш патрэбна радасць жыцця, захапленне, надзея; ведаў, што іх сэрцы поўныя мараў і імкнення да лепшай будучыні, што яны найбольш прагнуць любові.
Мае дарагія сябры, святы Папа перш за ўсё навучаў моладзь пра любоў, якая з’яўляецца крыніцай усяго астатняга. Ён казаў, што чалавек не можа жыць без кахання. Чалавек застаецца незразумелай для сябе істотай, яго жыццё бессэнсоўнае, калі ён не сустракае Любові, калі не дакранецца да яе і не зробіць яе сваёй, калі не ўдзельнічае ў ёй.
Таму святы Ян Павел ІІ нагадваў, што моладзь вельмі хоча прыгожай і чыстай любові, і падкрэсліваў: «Сапраўднае каханне — гэта не размытае пачуццё і не сляпы запал. Гэта погляд на бліжняга не для таго, каб выкарыстоўваць яго, але каб служыць яму.
Любіць іншага чалавека азначае хацець яго дабра больш, чым уласнага, клапаціцца пра яго і дзяліцца з ім усімі цяжкасцямі і радасцямі жыцця; любіць гэта значыць ісці разам у адным кірунку, да Бога, які з’яўляецца пачаткам любові».
Вялікі сябра моладзі ведаў, што юнакам і дзяўчатам, якія імкнуцца жыць паводле Божага закону, часта даводзіцца ісці супраць плыні, і таму падбадзёрваў іх: «Хрыстус просіць вас ісці супраць хваляў, быць абаронцамі Яго закона і ўвасабляць яго ў паслядоўных паводзінах у вашым штодзённым жыцці. Толькі чыстае сэрца можа ў поўнай меры любіць Бога, можа цалкам выканаць вялікую справу любові, якая заключаецца ў сужэнстве». І раіў: «Не бойцеся любові, якая ставіць патрабаванні».
Сёлета, калі мы перажываем стагоддзе з дня нараджэння святога Яна Паўла ІІ, Папа Францішак скіраваў адмысловы ліст да кракаўскай моладзі, якая асаблівым чынам з’яўляецца спадкаемцай вучэння Яна Паўла ІІ. У ім Святы Айцец кажа пра актуальнасць вучэння Яна Паўла ІІ:
«Цяжкасці, якія сустракае моладзь, — гэта выпрабаванне сталасці і веры; выпрабаванне, якое можна пераадолець, толькі абапіраючыся на сілу Хрыста, які памёр і ўваскрос.
Ян Павел II нагадаў пра гэта ў сваёй першай энцыкліцы Redemptor hominis (Адкупіцель чалавека), у якой гаворыцца: „Чалавек, які хоча зразумець сябе ў поўнай меры <…>, павінен са сваёй трывогай, няўпэўненасцю, а таксама слабасцю і грахоўнасцю, са сваім жыццём і смерцю наблізіцца да Хрыста. Ён як бы павінен увайсці ў Яго з самім сабою“ (пар. RH 10)».
Дарагая моладзь, за святым Янам Паўлам ІІ і Папам Францішкам я жадаю кожнаму з вас увайсці ў Хрыста з усім сваім жыццём. Жадаю, каб святкаванне літургічнага ўспаміну святога Яна Паўла II у гэтым юбілейным годзе ўмацавала ў вас жаданне мужна ісці за Езусам — Валадаром рызыкі, Валадаром руху наперад.
«Бог, як і ў дзень Пяцідзесятніцы, хоча здзейсніць аддзін з найбольшых цудаў, які мы толькі можам перажыць: зрабіць твае рукі, мае рукі, нашыя рукі знакамі прымірэння, адзінства і стварэння.
Ён хоча, каб гэта былі твае рукі, юнак і дзяўчына; Ён хоча, каб твае рукі працягвалі будаваць сённяшні свет».
(З выступленне падчас малітоўнага чування з моладдзю 30 ліпеня 2016 г.).
З малітвай за будаўнікоў сённяшняга свету ваш спадарожнік
біскуп Юзаф Станеўскі, паводле "Catholic.by"