13 ліпеня сёлета прыпадае 77-я гадавіна мучаніцкай смерці благаслаўлёнай Мар’яны Бярнацкай, якая падчас ІІ Сусветнай вайны аддала жыццё за ўратаванне цяжарнай нявесткі.
Разам з іншымі жыхарамі Гродна і Ліпска благаслаўлёная была расстраляна на фартах у Навумавічах каля Гродна.
Благаслаўлёная Мар’яна, якая паходзіць з Ліпска (сёння тэрыторыя Польшчы), лічыцца апякункай свякровак. Усё больш жанчын звяртаецца да яе як да апякункі і заступніцы. Аб яе заступніцтве перад Богам просяць цэлыя сем’і, а таксама сужэнствы, якія не могуць мець дзяцей, і цяжарныя жанчыны.
Адзначаючы чарговую гадавіну тых трагічных падзей 1943 года, можа, варта падзякаваць Пану за гэты шчодры плён, які прынесла і працягвае прыносіць маленькае зерне, якім з’яўляецца гэтая простая жанчына – маці, жонка, бабуля, свякроў, хрысціянка, але ў першую чаргу чалавек – благаслаўлёная Мар’яна. Гэтае зерне, кінутае ў зямлю, працягвае прыносіць плён. Яна не толькі ўратавала жыццё сваёй нявестцы і ўнукам, але і сёння ратуе людзей, асабліва чалавечыя адносіны, найперш у сем’ях. Хоць у чалавечым разуменні яна была пакарана смерцю, але на самой справе застаецца жыць, вучыць і прыцягвае нас, сучасных людзей.
Благаслаўлёную Мар’яну і яе гераічны ўчынак, здзейснены ў парыве любові, можна параўнаць са св. Максімільянам Марыяй Кольбэ, дадатковым апекуном нашай Гродзенскай дыяцэзіі, які аддаў жыццё за Францішка Гаёўнічка.
Благаслаўлёная Мар’яна зрабіла тое ж, што Максімільян Кольбэ. Усё гэта адбывалася ў той жа час, у тых жа гістарычных абставінах і па тых жа матывах. Абое ахвяравалі сваім жыццём, каб уратаваць іншага. Святы Максімільян аддаў жыццё за сям’ю Гаёўнічка, Мар’яна – за жыццё ўласнай сям’і.
I ў адным, і ў другім выпадку матывам была любоў. Любоў, якая з’яўляецца не толькі пачуццём, бо “пачуцці прыходзяць і адыходзяць”, як пісаў Папа Бэнэдыкт XVI у энцыкліцы Deus Caritas est.
Словы Пана Езуса з Евангелля “Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх” (Ян 15, 13), благаслаўлёная Мар’яна належным чынам прачытала і зразумела.
Яна асабіста спазнала, як моцна любіць яе Бог, які ў Хрысце аддаў за яе жыццё. Таму яна змагла з непахіснай верай і вялікай адвагай паўтарыць за апосталам Паўлам, што ніхто і нішто не здолее адарваць яе ад гэтай любові: ні страх, ні прыгнёт, ні пераслед, ні голад, ні ўбоства, ні гестапа, ні канцлагер…
Калі ў дом Мар’яны прыйшлі гестапаўцы, жадаючы, каб ім выдалі яе нявестку, якая была цяжарнай, благаслаўлёная папрасіла, каб забралі яе саму, дакладна ведаючы, што гэта азначае. Яна аддала жыццё за жыццё іншага, на ўзор Хрыста, як гэта зрабіў таксама св. Максімільян Кольбэ і ўсе тыя, хто разумеў Евангелле належным чынам.
Можа, варта ў гэтую гадавіну смерці Мар’яны і многіх іншых духоўных і свецкіх асобаў, расстраляных у Навумавічах падчас ІІ Сусветнай вайны – а колькасць гэтых ахвяраў невядомая, хоць, як адзначаюць гісторыкі, у агульных магілах на гэтых фартах знайшло спачын больш за 3 тысячы чалавек, – вучыцца ад благаслаўлёнай такой любові на практыцы і прасіць яе быць для нас настаўніцай любові.
Любові трэба вучыцца нам усім – і дзецям, і моладзі, і старэйшым… Любові трэба вучыцца ўсім! Любові, а не эгаізму.
Апрацаваў кс. Юрый Марціновіч