Нарадзіўся ў звычайнай сям’і. Рана страціў блізкіх. Шмат вучыўся. Натхняўся, чытаў, пісаў. Марыў стаць акцёрам. Спазняўся на заняткі ва ўніверсітэце, бо шмат маліўся. Асабістых сродкаў не меў. Дзяліўся апошнім: адзеннем, абуткам… Спаў без падушкі. І хоць жыццёвая вандроўка св. Яна Паўла ІІ скончылася, вернікі не перастаюць даведвацца аб ім штосьці новае. І гэта новае натхняе. Прыклад святога Папы абуджае прагу да жыцця.
З кожным годам мы становімся крыху іншымі. На гэта ўплыве вопыт, перажытыя падзеі, здзейснены выбар, стаўленне да многіх рэчаў і г. д. Прапануем кароткую вандроўку ў часе па гадавінах з дня нараджэння Яна Паўла ІІ. Якім ён быў, як змяняўся, сталеў…
Можа, штосьці стане для вас адкрыццём.
1920
Караль Вайтыла нарадзіўся 18 мая 1920 года ў Вадавіцах каля Кракава (Польшча) у сям’і Караля і Эміліі Вайтылаў. Бацька быў паручыкам польскага войска, маці – настаўніцай. “Я павінен сказаць, што тады, […] а 9-ай з раніцы, не было мяне яшчэ на свеце. Як пазней сказалі, я нарадзіўся апоўдні паміж 5-ай і 6-ай гадзінай. Больш-менш у гэтым часе, паміж 5-ай а 6-ай, толькі што 58 гадоў пазней, я быў абраны на Папу”, – узгадваў у 2000 годзе св. Ян Павел ІІ у прамове да дзяцей у Кельцах (Польшча).
У дзень нараджэння Святога Айца мела месца сонечнае зацьменне. Дарэчы, яго таксама можна было назіраць у дзень пахавання вялікага Папы, 8 красавіка 2005 года.
1941
Свой 21-шы дзень нараджэння Караль Вайтыла сустрэў у адзіноце: нікога з сям’і не было побач. Роўна 3 месяцы таму ў вечнае жыццё адышоў яго бацька. Раней, у 1932 годзе памёр старэйшы брат Эдмунд, у 1928 годзе – маці. Мала хто ведае, але Караль Вайтыла меў таксама сястру, якая сканала праз 16 гадзін пасля нараджэння.
1947
27-мы дзень нараджэння Караль Вайтыла адзначыў у якасці святара. У канцы мінулага года ён атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне. Цікава, але пасля заканчэння семінарыі св. Ян Павел ІІ думаў аб тым, каб паступіць ў кармэліцкі кляштар і жыць у адасабленні і цішыні як манах… а стаў Папам, імя якога прагучала на ўвесь свет.
1958
Караль Вайтыла яшчэ не ведае і нават не думае, што стане біскупам.
Хутка, у верасні, Святы Айцец Павел VI узвядзе яго ў гэты сан і, такім чынам, Вайтыла ў свае 38 гадоў будзе самым маладым членам епіскапата Польшчы. Неўзабаве ён стане арцыбіскупам, а пасля атрымае тытул кардынала.
1979
59-ты дзень нараджэння Караль Вайтыла адзначыў як папа Ян Павел ІІ (абраны на канклаве ў кастрычніку мінулага года). Прыняў імя папярэдніка Яна Паўла І, які з’яўляўся галавой Касцёла ўсяго 33 дні (памёр праз 2 тыдні пасля распачацця пантыфікату).
Святы Айцец Ян Павел ІІ імкнуўся спрасціць сваю пасаду, пазбаўляючы яе шматлікіх каралеўскіх атрыбутаў. Падкрэсліваў ролю, якая пазначана ў тытуле Папы: Servus Servorum Dei (з лац. “слуга слуг Божых”).
1981
У 61-шы дзень нараджэння папа Ян Павел ІІ быў пераведзены з аддзялення інтэнсіўнай тэрапіі ватыканскай клінікі Джэмэлі ў свае апартаменты на 10-ым паверсе, дзе звычайна праходзіў медыцынскія абследаванні. Некалькімі днямі раней на яго было здзейснена пакушэнне: тэрарыст цяжка раніў Пантыфіка ў жывот.
Куля прайшла літаральна ў міліметрах ад аорты. Медыкі лічаць уратаванне цудам. Папа нібы яшчэ раз нарадзіўся.
1986
У 66-ты дзень нараджэння Святога Айца Яна Паўла ІІ апублікавана яго 5-ая энцыкліка “Dominum et vivificantem”. Яна прысвечана Святому Духу і Яго ролі ў жыцці Касцёла. Лічыцца, што гэта самае працяглае і складанае разважанне пра Святога Духа ў гісторыі папскіх энцыклік.
Св. Ян Павел ІІ быў аўтарам больш 120-ці філасофскіх і багаслоўскіх работ і 5-ці кніг. Самая папулярная з іх – “Пераступіць парог надзеі” – разышлася тыражом у 20 млн экземпляраў.
2005
Упершыню вернікі адзначылі дзень нараджэння Папы без яго ўдзелу. Ян Павел ІІ не дажыў да свайго 85-годдзя, адышоўшы па ўзнагароду да Пана 2 красавіка.
Праз крыху больш за месяц яго наступнік Бенедыкт ХVI распачаў беатыфікацыйны працэс любімага народам Папы (хоць згодна з канонам павінна прайсці мінімум 5 гадоў пасля смерці чалавека, перш чым Касцёл можа распачаць гэты працэс).
2014
Напярэдадні дня нараджэння Папы – 27 красавіка – Касцёл кананізаваў Яна Паўла ІІ. Такім чынам, 94-ую гадавіну з дня яго нараджэння вернікі адзначалі падзякай Богу за дар святога Папы.
Сам Ян Павел ІІ далучыў да ліку святых і бласлаўлёных Касцёла больш людзей, чым усе яго папярэднікі з XVI стагоддзя. Кананізаваў 475 асоб і беатыфікаваў – 1338.
2020
Сёлета прыпадае 100-годдзе з дня нараджэння вялікага Папы. У многіх краінах свету запланаваны розныя памятныя ініцыятывы з гэтай нагоды. Найбольшага размаху яны, вядома, набываюць у Польшчы – на радзіме Яна Паўла ІІ. Як адзначае епіскапат краіны, “пануючая пандэмія перашкодзіла планам, але не адмяніла іх”. Арганізатары сустрэч, выстаў, канцэртаў, прысвечаных юбілею, адаптавалі і па-новаму інтэрпрэтавалі тое, што было падрыхтавана.
Шматлікія мерапрыемствы адбудуцца ў анлайн-рэжыме.
Прапануем па прыкладзе суседзяў з Польшчы падзякаваць святому Папе ў сацыяльных сетках. Дастаткова напісаць на аркушы паперы “Дзякуй, Ян Павел ІІ!”, сфатаграфаваццца з ім і апублікаваць на сваёй старонцы з хэштэгам #ДзякуйЯнПавелІІ. Удзел у акцыі з’яўляецца жэстам удзячнасці Святому Айцу, які шмат зрабіў для Касцёла і свету. Магчыма, такім чынам аб ім даведаецца большая колькасць людзей (канешне, калі яшчэ ёсць тыя, хто нічога не чуў пра слыннага Папу-паляка).
Агульнабеларуская пілігрымка ў Ватыкан шляхам св. Яна Паўла ІІ, якая планавалася на ўрачыстасці святкавання 100-годдзя з дня яго нараджэння, перанесена на восень бягучага года. Дадатковая інфармацыя будзе пададзена пазней.
Ангеліна Пакачайла