Я ўвесь Твой, і ўсё маё Табе належыць. Прымаю Цябе ва ўсім, што маё. Дай мне Сэрца Тваё, Марыя. "
У 1958 годзе Караль Вайтыла быў прызначаны дапаможным біскупам Кракаўскай архідыяцэзіі. На яго гербе віднелася літара “М”, якая сімвалізавала адданасць Марыі. Дэвізам былі абраны словы “Totus Tuus” (“Цалкам Твой, Марыя”).
Гэтыя ж словы прагучалі з вуснаў Яна Паўла II на самым пачатку яго пантыфікату.
Адлюстраваліся яны і ва ўсім служэнні Папы-паляка. “Моцай гэтых слоў я змог прайсці праз досвед страшнай вайны, жудасную нацыстскую акупацыю, а пазней і праз іншыя складаныя пасляваенныя выпрабаванні, – скажа ён пазней у адной са сваіх прамоў. – Магчымасць прыняць Марыю ў свой дом, у сваё жыццё – прапанова для нас усіх”.
Караль Вайтыла паходзіў з веруючай сям’і, і з марыйнай духоўнасцю быў знаёмы з дзяцінства. Пасля смерці маці бацька адвёз 8-гадовага Караля і яго старэйшага брата Эдмунда ў санктуарый Маці Божай у Кальварыі Зэбжыдоўскай. Пазней на хлопца вялікі ўплыў акажа “Трактат аб сапраўдным набажэнстве да Найсвяцейшай Панны Марыі”, напісаны французскім тэолагам і містыкам св. Людвікам Марыя Грыньёнам дэ Манфортам.
З маладых гадоў Караль пачне насіць шкаплер. Не здыме яго да апошняга дня свайго жыцця. З ім і будзе пахаваны. У гаміліі падчас развітальнай св. Імшы тады яшчэ кард. Ёзэф Ратцынгер сказаў: “Святы Айцец знайшоў найчысцейшае адлюстраванне Божай міласэрнасці ў Маці Божай. Ён, які страціў у дзяцінстве ўласную маму, тым больш палюбіў Маці Божую”. Паўтараючы за Бенедыктам XVI можна сцвердзіць, што святы Папа па-сыноўску любіў і шанаваў нябесную Маці, якая замяніла яму маці зямную.
Гэты сыноўскі стасунак да Марыі адлюстроўваўся ў даверы, які св. Ян Павел II меў да нябеснай Маці.
Яшчэ знаходзячыся ў клініцы Джэмэлі пасля замаху на сваё жыццё, Папа прасіў, каб яму прывезлі дакументы, звязаныя з аб’яўленнямі Марыі ў Фаціме. Пра тыя падзеі ўспамінаў так: “Пасля пакушэння на плошчы св. Пятра, калі я апрытомнеў, думкамі адразу ж аказаўся ў гэтым санктуарыі, каб у сэрцы нябеснай Маці скласці падзяку… Ва ўсім, што здарылася, я ўбачыў – і заўсёды буду гэта паўтараць – асаблівую мацярынскую апеку Марыі. А што ў планах Провіду няма выпадковасцей – убачыў у гэтым выклік і, хто ведае, напамін паслання, якое выйшла адсюль”.
Праз год пасля пакушэння, 13 мая 1982 года, Пантыфік накіраваўся ў Партугалію, каб аддаць свет пад апеку Беззаганнаму Сэрцу Марыі, рэалізуючы фацімскае пасланне. Тады ж ён уклаў у карону фігуры Маці Божай кулю, што раніла яго на плошчы св. Пятра ў Рыме. Як заўважыў аднойчы ў размове са святарамі-філосафамі з Польшчы, што ўвайшло ў кнігу “Памяць і самасвядомасць”, “Агджа ведаў, як страляць, і страляў, несумненна, беспамылкова. Толькі што нібы «хтосьці» вёў гэтую кулю...”. Яшчэ не раз будзе дзякаваць Марыі за ўратаванне свайго жыцця.
Падчас апошняга, трэцяга візіту ў Партугалію ў 2000 годзе ў знак падзякі за апеку Маці Божай намеснік св. Пятра ахвяраваў марыйнаму санктуарыю свой персцень з Яе выявай і змешчаным папскім дэвізам, які на самым пачатку пантыфікату атрымаў ад блізкага супрацоўніка і сябра кардынала Стэфана Вышынскага. Ян Павел ІІ да апошняга быў адданым сынам Найсвяцейшай Маці. Часта прасіў Нябесную Заступніцу моцна трымаць яго за руку. Яшчэ ў 1985 годзе падчас апостальскага візіту ў бельгійскі горад Мехелен склаў (і пакінуў там) наступную малітву:
"Калі б аднойчы мне прыйшлося доўга ляжаць без свядомасці, прагну, каб кожная гадзіна, якую мне дадзена перажыць такім чынам, была бесперапыннай падзякай, а мой апошні ўздых стаў уздыхам любові. Тады, у такі момант, мая душа, вядзёная рукой Марыі, стане перад Табою, каб вечна апяваць Тваю хвалу. Амэн."
Кацярына Паўлоўская, паводле "Слова Жыцця"