Доўгі час св. Ігнацый шукаў спаўнення толькі ўласнай волі. Хацеў здабыць вайсковую славу, поспех пры каралеўскім двары ды ў жанчын, марыў праславіць свой шляхецкі род і, магчыма, стаць у шэраг славутых продкаў, каб пра яго з гонарам апавядалі нашчадкі. І вось, пра яго, заснавальніка ордэна езуітаў, сапраўды апавядаюць амаль паўтысячы гадоў – не толькі ў сям’і Лаёла і нават не толькі ў краіне баскаў, але па ўсім свеце: хтосьці з захапленнем і ўдзячнасцю, хтосьці з варожасцю і непрыняццем. Але ўся гэтая славутасць “здарылася” з ім толькі таму, што выбраў Божую волю замест сваёй.
Ігнацый Лаёла нарадзіўся ў 1491 годзе. З юнацтва служыў пры каралеўскім двары. Малады мужчына не быў асабліва набожным і разважным, ажно пакуль цяжкае раненне ў нагу падчас абароны Памплоны ў маі 1521 года не прыкавала яго да ложка на доўгі і пакутлівы час рэабілітацыі. Прыйшла самота, боль, думкі, у якіх імкнуўся схавацца. А таксама кнігі, якіх не выбраў бы сам, але іншых не было: аб жыцці Езуса Хрыста і вялікіх святых.
Паступова рыцар пачаў усведамляць, якія супярэчлівыя сляды пакідаюць у ім імкненне да поспеху ў свеце і роздумы аб наследаванні Хрыста.
І, урэшце, вочы прыадкрыліся, і ён зразумеў, што сапраўдная радасць і паўната жыцця чакаюць на тым другім шляху, які выбралі святыя Францішак, Дамінік і іншыя. Умацаваны візіяй Найсвяцейшай Панны Марыі, Ігнацый вырушыў у дарогу. Перад смерцю – пасля шматлікіх просьбаў і напамінаў сабратоў – прадыктаваў аповед аб сваім, перадусім унутраным, шляху. Пад назвай “Апавяданне (або аповесць) Пілігрыма” (як сябе назваў) і вядомы гэты невялікі твор. Вандруючы разам са св. Ігнацыем, даводзіцца часта затрымлівацца над пытаннем: што рабіць далей? Вось ён пакінуў рыцарскія латы і меч пры Маці Божай у Мансэрат, апрануў вопратку пілігрыма з жорсткай тканіны ды стаў жабраком – і што далей? Шкадуючы, што столькі ўвагі калісьці прысвячаў сваім прыгожым валасам і пазногцям, на некаторы час зусім перастаў клапаціцца пра знешні выгляд. Апанаваны згрызотамі сумлення за грахі мінулага, скрупуламі, якія даводзілі яго да роспачы, браў на сябе суровыя аскетычныя практыкі. Спавядаўся кожны тыдзень, і, не знаходзячы спакою, сціскаўся ад думкі, што далей такім і будзе яго жыццё…
І ўсё ж, апавядаючы аб гэтых днях, св. Ігнацый адзначае, што Бог быў вельмі блізка, чула і клапатліва вёў яго да дабра і радасці. Шчыра расказвае аб сваіх памылках і знаходках, не саромеючыся, бо ведае, што людскія ацэнкі не ўплываюць на павагу, з якой Бог адносіцца да чалавека і да барацьбы, што разгортваецца ў душы. Ён з’яўляецца заступнікам тых, хто мае вялікае жаданне служыць Айцу, але не ведае, што зрабіць, каб здзейсніць сваё прагненне. Вядома, з перспектывы часу, калі прааналізавана ўся спадчына святога, даследаваны прычыны і падлічаны (збольшага) плён, кожны яго крок здаецца незвычайным. Але Ігнацый Лаёла не ўтойвае, як часта не бачыў перад сабой далейшага шляху, прызнаецца нават у спакусах скочыць у прорву. “Пане, не зраблю таго, што Цябе зневажае!” – крычаў ён. Шчырая малітва часам пераходзіць у крык. З цемры і нежадання жыць Пілігрым не выйшаў сам, не знайшоў дапамогі сярод людзей, хоць распытваў многіх, але, як сам адзначае, “спадабалася Пану ўчыніць, што абудзіўся ён, нібы ад сну”, стаў выразней адрозніваць Божыя натхненні ад падказак злога духа. Ігнацый успамінае, што ў той час Бог абыходзіўся з ім, “як настаўнік з дзіцём”. Урэшце быў адораны ўнутраным спакоем, радасцю і пазнаннем многіх рэчаў. Рупліва вучыўся ў гэтай “школе распазнавання”, бо сустрэў Настаўніка, аддаў у Яго рукі сваё жыццё і ўсімі сіламі запрагнуў пазнаваць і любіць Пана, дапамагаць іншым людзям, незалежна ад узросту і стану.
Само параўнанне таго перыяду з вучнёўствам падказвае нам, што адшуканне Божай волі – гэта працэс, які ахоплівае ўсяго чалавека.
Больш за тое, недастаткова проста даследаваць свае прагненні, думкі, пачуцці, істотным з’яўляецца накірунак, мэта. Можам па прыкладзе св. Ігнацыя пастарацца ўбачыць перспектыву: ці вядуць нашы паводзіны і думкі да ўзрастання веры, надзеі і любові? Калі з кожным крокам расчароўваемся, унутрана дранцвеем і губляем надзею, то, хутчэй за ўсё, пайшлі за дрэннымі натхненнямі.
Толькі ўласны досвед можа нечаму навучыць. Ігнацый нібы ўвесь час заахвочвае: “Папрактыкуйся, паназірай за сабой, за сваімі думкамі і пачуццямі. Няважна, на якім ты духоўным узроўні знаходзішся, важна, за Кім накіроўваешся”. “Духоўныя практыкаванні”, якімі св. Ігнацый падзяліўся як уласным досведам пошукаў, любові і радасці, для многіх людзей сталі вялікай дапамогай у духоўным жыцці, спосабам пазнання сябе і магчымасцю асабістай сустрэчы з Богам. Як кожны глыбокі досвед, ён цяжка паддаецца апісанню, таму гэтая спадчына святога з’яўляецца такой каштоўнай.
У самым канцы чатырохтыднёвага духоўнага падарожжа Пілігрым прапануе “сузіранне дзеля адшукання любові”, якое завяршаецца малітвай любячага служэння: “Вазьмі, Пане, і прымі ўсю маю свабоду…”. Перад тым, як аддаць Богу ўсяго сябе, без прымусу і дарэшты, чалавек разважае, стоячы пад любячым Божым позіркам, над усім тым, што Пан першы прапануе яму: “Вазьмі, сыне, дачка, і прымі гэты створаны свет, цела, душу, збаўленне і вечнасць, Маю блізкасць, Мой клопат у найдрабнейшых рэчах, усё, што Я зрабіў і раблю”. Божая воля – гэта сама любоў. Прасякнуцца ёй – значыць пазнаць яе і дазволіць нарадзіцца ў сэрцы адказу, якім можа быць толькі ўзаемная любоў і давер.
Малітва любячага служэння
Вазьмі, Пане, і прымі ўсю маю свабоду, памяць, розум і ўсю маю волю – усё, што маю і чым валодаю. Ты мне ўсё гэта даў – Табе, Пане, вяртаю. Усё Тваё. Распараджайся гэтым паводле сваёй волі. Дай мне толькі любоў Тваю і ласку, і мне гэтага хопіць. Амэн.
Тэрэса Клімовіч, паводле "Слова Жыцця"