Рак. Звычайнае слова, якое, аднак, сее страх у кожным, хто з ім сутыкнецца. Анкалагічныя захворванні сталі сапраўдным бічом сучаснасці. Хіба хутка не застанецца сям’і, дзе пухліна не закранула б блізкага ці далёкага сваяка. Пашчасціла, калі пухліна з’яўляецца дабраякаснай. На жаль, часта, калі гаворка ідзе пра хваробу на рак, дыягназ з’яўляецца смяротным.
У сваю чаргу нам, хрысціянам, трэба памятаць, што, незалежна ад складанасці сітуацыі, пошук дапамогі ў Небе не павінен быць крайнасцю, але нормай. З любові да сваіх дзяцей Нябесны Айцец паклапаціўся пра заступніка для кожнага з нас. Асаблівага апекуна, які прайшоў праз ты ж самыя цяжкасці, што і яго падапечныя, Бог даў хворым на рак. Св. Перэгрын Лазіозі (1265–1345) – італьянскі святы, пакуль малавядомы на беларускіх землях, але рэліквіі якога неўзабаве з’явяцца ў Гродзенскай дыяцэзіі.
У маладосці Перэгрын марнаваў маёнтак бацькоў на шматлікія забавы, і нішто не паказвала на тое, што ён стане святым. Навяртанне і наступны сціплы лад жыцця прывялі да таго, што яшчэ пры жыцці святога яго малітвы ацалялі хворых.
З бурлівых вод юнацтва ў ціхую гавань
Перэгрын Лазіозі нарадзіўся ў невялікім мястэчку Форлі ў цэнтральнай Італіі. Акрамя заможнасці, яго бацькі мелі вялікі ўплыў на жыццё ў горадзе. Дзякуючы гэтаму Перэгрын меў магчымасць прымаць актыўны ўдзел у мясцовай палітыцы. Па прыкладу бацькі, які быў прыхільнікам імператара, ён удзельнічаў у палітычных спрэчках як праціўнік папства і прыхільнік ідэі першынства пасаду над алтаром. У пэўны момант у Форлі дайшло да сур’ёзнага сацыяльнага крызісу, што прывяло да абвяшчэння вайны Папу Марціну ІV. Пантыфік хацеў заключыць мір з жыхарамі мястэчка і выслаў у горад перамоўніка. Калі папскі пасол прамаўляў на галоўнай плошчы Форлі, Перэгрын падскочыў да яго і некалькі разоў ударыў у твар. Той, аднак, не толькі не абараняўся, але, молячыся, ціха пакінуў горад. На маладога імпульсіўнага чалавека гэты выпадак меў моцны ўплыў, распачаўшы шлях яго навяртання.
Перэгрын пачаў рэгулярна наведваць святыню і праз некаторы час вырашыў устанавіць блізкі кантакт з ордэнам сервітаў, да якога належаў вышэйзгаданы папскі пасол. І неўзабаве сам далучыўся да закону.
Збаўчая рана
Распачаўшы новы этап свайго шляху, Перэгрын вёў дасканалае духоўнае жыццё. Некаторыя казалі, што нават надта аскетычнае. Стыль яго жыцця цяжка будзе зразумець сёння. Ноччу Перэгрын большасць часу праводзіў на малітве, спаў стоячы, а на працягу дня прытрымліваўся суровых рэлігійных правілаў. Аднак такі распарадак прынес свой плён – жыхары горада з цікавасцю слухалі яго казанні і імкнуліся спавядацца ў манаха.
Як распавядае легенда, на працягу 30 гадоў Перэгрын увогуле не садзіўся, што павінна было быць пакутай за ўласныя мінулыя грахі. Такі лад жыцця прывёў да варыкознай хваробы ног. Пасля на правай галёнцы законніка ўзнік трамбоз вен, як наступства адбылося запаленне, на глебе якога развілася пухліна. Гэтаму стану спадарожнічаў моцны боль і непрыемны пах, які зыходзіў ад раны. Пасля кансультацыі з доктарам стала ясна, што выхад толькі адзін – ампутацыя галёнкі. Перэгрын згадзіўся на аперацыю і аддаўся Божай волі.
Ноччу, перад вызначаным днём хірургічнага ўмяшання, Лазіозі маліўся перад абразом Езуса Укрыжаванага, не просячы аб ацаленні, а толькі аб моцы, каб вынесці цярпенні. Законнік спрабаваў сканцэнтравацца на малітве, але боль выклікаў страту прытомнасці. Падчас сну Перэгрын меў бачанне, нібы Езус схіліўся над ім з крыжа і дакрануўся да яго хворай нагі. Абудзіўшыся, Лазіозі адчуў сябе нованароджаным: без болю, без паху, без раны. Калі да яго прыйшоў лекар, то сцвердзіў, што адбыўся цуд. Навіна пра ацаленне манаха разышлася хутка і далёка за межы Форлі. Натоўпы людзей пачалі імкнуцца да яго, просячы аб малітве і заступніцтве. Памёр Перэгрын Лазіозі ў арэоле святасці.
Здольны выпрошваць ласкі
Малітвы, скіраваныя праз заступніцтва Перэгрына, былі пацверджаны цудамі. Выздараўленне хлопчыка з ранай на галёнцы, ацаленне святара і законніцы ад рака косці сталі асновай для ўзнясення Перэгрына да хвалы алтара. Аднак аднаму Богу вядома, колькі ўжо цудаў здзейснілася ў розных чалавечых лёсах дзякуючы заступніцтву святога. І ад вернікаў залежыць, колькі яшчэ ласкаў будзе выпрашана ў Бога праз пасрэдніцтва св. Перэгрына.
У Беларусі калыскай культу св. Лазіозі хутка стане в. Галынка Гродзенскай вобласці, дзе будуецца першы ў Беларусі Дом міласэрнасці. Ён будзе прызначаны для прабывання невылечна анкахворых. Галоўная ідэя месца, якое будзе насіць імя св. Перэгрына, – даць магчымасць смяротнахворым людзям годна дажыць да канца. Ідэя і распрацоўка праекту належыць “Цэнтру Дапамогі Жыццю” – спецыялізаванаму дабрачыннаму фонду, які аказвае бясплатную комплексную дапамогу невылечна анкалагічным хворым у канчатковай стадыі захворвання.
Дырэктар Алег Гарбачоў, супрацоўнікі і валанцёры Цэнтра падчас адной з акцый у хоспісе
Падарыць надзею
“Мы шмат разважалі над тым, якога заступніка абраць для Дома міласэрнасці. У рэшце проста ўпісалі ў Гугл запыт “святыя, хоспісы”. Вынік паказаў св. Перэгрына. І шчыра кажучы… мы не адважыліся на ім спыніцца з-за малавядомасці святога, – распавядае Алег Гарбачоў, дырэктар Цэнтра. – Аднак на наступны дзень, зазірнуўшы ў літургіны каляндар, мы са здзіўленнем выявілі, што дзень успаміну св. Перэгрына супадае з днём рэгістрацыі “Цэнтра Дапамогі Жыццю”. Зразумела, што ў супадзенні мы больш не верым і цяпер упэўненыя, што св. Перэгрын – гэта наш апякун, які заўсёды будзе трываць побач”.
Алег Гарбачоў падзяліўся цікавосткай, што ў традыцыйнай медыцыне здаўна існуе паняцце “сіндром Перэгрына”, што азначае поўную рэгрэсію пухліны без правядзення якога-небудзь проціпухліннага лячэння. Напрыклад, калі хвароба адступае на 4-й стадыі. “І нас неверагодна падбадзёрвае, што такі цуд названы ў гонар св. Перэгрына. Гэта, безумоўна, дасць надзею пацыентам, – кажа дырэктар Цэнтра. – Абраўшы заступнікам Дома міласэрнасці св. Перэгрына, мы хочам, каб ён увайшоў у апошні адрэзак жыцця нашых падапечных, надзяляючы яго сэнсам. Хочам, каб у асобе гэтага святога хворыя знайшлі вялікую сілу, якая дапаможа ім завяршыць пачатыя справы, далюбіць, развітацца. Хочам, каб праз заступніцтва святога знаходжанне падапечных у Доме міласэрнасці было не “дажываннем”, але часам, напоўненым радасцю”.
Алег Гарбачоў адзначае, што ў Доме будзе размешчана капліца Маці Божай Будслаўскай, куды плануюць унесці рэліквіі св. Перэгрына. Дырэктар Цэнтра спадзяецца, што прысутнасць святога на нашых землях дапаможа распаўсюдзіць яго культ не толькі ў Гродзенскай дыяцэзіі, але і па ўсёй краіне.
“На Беларусі рэліквій св. Перэгрына няма, а нашыя людзі годныя таго, каб мець усё. Я моцна ўдзячны біскупу Аляксандру Кашкевічу, які падтрымаў нашую ініцыятыву і паабяцаў пасадзейнічаць справай і малітвай, каб неўзабаве рэліквіі былі ў нас. На дадзены момант вырашаюцца арганізацыйны пытанні. Ліст, які быў напісаны на імя гродзенскай курыі, ужо знаходзіцца ў Італіі, дзе захоўваюцца рэліквіі святога. Нам застаецца цярпліва чакаць, – распавядае Алег Гарбачоў. – Для нас будзе вялікім гонарам атрымаць рэліквіі св. Перэгрына Лазіозі. І, дай Божа, будуць здзяйсняцца цуды. Бо вера, надзея і любоў павінны нястомна спадарожнічаць чалавеку”.
“Цэнтр Дапамогі Жыццю” не з’яўляецца ані дзяржаўнай, ані камерцыйнай, ані рэлігійнай структурай. Аднак адзін з пяці відаў дапамогі, якую ён аказвае пацыентам і іх родным, – гэта духоўная падтрымка. Разам з каталіцкімі і праваслаўнымі святарамі супрацоўнікі і валанцёры Цэнтра робяць усё, каб свае апошнія дні цяжкахворыя правялі годна. Няхай жа св. Перэгрын ужо сёння возьме іх пад сваю апеку, асвятляючы і зямны шлях, і дарогу да Неба.
Ангеліна Марцішэўская