Св. Блажэй нарадзіўся ў ІІІ ст. на тэрыторыі сучаснай Турцыі. З юнацтва адрозніваўся набожным жыццём. Быў прызначаны біскупам Себасты. Гэта мела месца ў часы панавання рымскага імператара Ліцынія, які прагнуў знішчыць хрысціянства. Калі ўзмацніліся праследаванні вызнаўцаў Хрыста, біскуп быў вымушаны хавацца ў пячоры, каб мець магчымасць далей кіраваць сваёй дыяцэзіяй. Аднак яго знайшлі і арыштавалі, кінуўшы ў вязніцу. Там мужна абвяшчаў Евангелле вязням, якія знаходзіліся разам з ім. Адважнага біскупа не змаглі пераканаць адрачыся ад хрысціянства, і ён быў закатаваны.
Культ св. Блажэя распаўсюджаны як у заходняй, так і ва ўсходняй Царкве. Успамін святога ў Каталіцкім Касцёле прыпадае на 3 лютага.
У Касцёле бытуе традыцыя ў дзень літургічнага ўспаміну св. Блажэя асвячаць свечкі – г. зв. “блажэйкі”. Пасля ўрачыстага абраду святар бласлаўляе сабраных вернікаў: падносіць да шыі скрыжаваныя свечкі і прамаўляе кароткую малітву. Ён просіць Госпада праз заступніцтва св. Блажэя берагчы людзей ад хвароб горла і ўсялякага зла. Чым адметны гэты святы?
Пры жыцці св. Блажэй быў лекарам. Аднак, адказаўшы на Божы заклік, ступіў на шлях святарства, стаў біскупам.
Прысвячаючы Госпаду жыццё, будучы святы не страціў сябе ў пакліканні ўрача, але нанова адкрыў яго. Раней дапамагаў хворым добрай радай і ўмелымі рукамі, пасля яшчэ і атрымаў дар ацаляць людзей.
Адна з легенд пра святога распавядае, як ён выратаваў ад удушэння адзінага сына пэўнай жанчыны. Малы падавіўся косткаю, якая засела ў горле і выклікала моцны ацёк. Св. Блажэй хацеў аблегчыць цярпенні дзіцяці, аднак не меў пры сабе спецыяльных медыцынскіх інструментаў. Тады са спачуваннем і пачуццём моцнага даверу Госпаду біскуп схіліўся над хлопчыкам і, дакрануўшыся да яго шыі, зрабіў знак крыжа. Раптам дыханне дзіцяці выраўнялася, ацёк пачаў паступова спадаць, пасля чаго ўвогуле сышоў. Адбыўся цуд!
Гэтая гісторыя не гаворыць аб тым, што св. Блажэй – чараўнік, які здольны пазбавіць нас ад болю ў горле, калі толькі прыкладзём да сябе асвечаныя свечкі. Святы, які з клопатам ставіўся да кожнага чалавека, заклікае людзей клапаціцца пра ўласнае здароўе. З яго дапамогай мы пакліканы пазбавіць сваё нутро не толькі ад фізічнай хваробы, але і ад менш намацальнага зла. Так, можам мець ангіну, пухліну ў горле або можам чымсьці падавіцца, аднак куды страшней, калі праз горла вылятаюць словы нянавісці, якімі крыўдзім бліжняга. Або калі да горла падыходзіць ком і адчуваем паралізуючы страх, што перашкаджае стаць у чаргу да канфесіянала. Св. Блажэй нагадвае пра неабходнасць нястомна змагацца з духоўнай немаччу. Калі гэта зразумеем, то і ўдзел у цырымоніі асвячэння свечак і далейшага бласлаўлення стане для нас больш асэнсаваным. А разам з тым большай глыбіні набярэ і наша вера.
Сёлета, калі ва ўспамін св. Блажэя святар будзе здзяйсняць вядомы абрад, давайце пастараемся нанова адкрыць яго сутнасць. Папросім св. Блажэя, каб добра засвойвалася ежа, што праходзіць праз нашае горла, і каб давалі добры плён словы, якія выходзяць з яго. Папросім святога ў клопаце пра саміх сябе быць падобнымі да яго: дбаць пра ўласнае цела, як лекар, і пра душу – як біскуп.
Малітва праз заступніцтва св. Блажэя
Усемагутны вечны Божа! З жывой верай і пашанай я ўсхваляю Тваю Боскую веліч і кланяюся Табе, а таксама прашу з дзіцячым даверам Тваіх ласкаў і міласэрнасці. Асвяці змрок майго розуму промнем Твайго святла і распалі маё сэрца агнём Тваёй любові, каб мог сузіраць вялікія цноты і заслугі св. Блажэя і так, як ён, пераймаць жыццё Твайго Сына Езуса Хрыста. Прашу таксама аб ласцы ... (назваць інтэнцыю) праз заслугі і заступніцтва гэтага магутнага духоўнага памочніка, св. Блажэя. Будзь воля Твая як у небе, так і на зямлі. Выслухай ласкава гэтыя словы, калі яны пойдуць на большую хвалу Тваю і на збаўленне душы. Амэн.
Ангеліна Марцішэўская, паводле "Слова Жыцця"