19 кастрычніка прыпадае 35-ая гадавіна мучаніцкай смерці бл. Ежы Папялушкі. Аддаючы жыццё за веру і Айчыну ў часы дыктатуры, ксёндз назаўжды застаўся ў памяці людзей як чалавек нязломных прынцыпаў, гатовы да самапрысвячэння.
Пра бл. Ежы Папялушку ўспамінае яго пляменнік Марк Папялушка, які ў 1988 годзе выехаў з Польшчы ў ЗША. Спадар Марк узгадвае пра хвіліны, праведзеныя са сваім дзядзькам, і дзеліцца думкамі наконт ролі слыннага сваяка ў гісторыі народа і Касцёла.
– Ці праўда, што карані сям’і Папялушкаў паходзяць з тэрыторыі сучаснай Беларусі? Што яднае вас з Беларуссю?
– Я ніколі не чуў, каб наша сям’я з боку дзядулі ці бабулі паходзіла з Беларусі. Ведаю, што Каліноўскія (гэта дзявочае прозвішча маёй прабабулі) прыбылі з Літвы, паколькі за службу ў царскім войску атрымалі маёнтак у Карповічах. Я не ўпэўнены, але праўдападобна, што св. Рафал Каліноўскі таксама паходзіў з гэтай сям’і.
Бацька расказваў, што дзядуля з бабулей часта ездзілі ў Гродна. Да перамяшчэння мяжы пасля ІІ Сусветнай вайны гэта быў самы блізкі вялікі горад, куды накіроўваліся за пакупкамі. Ведаю таксама з аповедаў, што цэгла, якой абмураваны дом у Акопах, дзе нарадзіўся кс. Ежы, была ўзята з развалін нейкага будынка ў Гродне. Дзядуля спецыяльна ездзіў па яе коньмі.
– Вы памятаеце кс. Ежы?
– Дастаткова добра. Памятаю, як вечарамі падчас канікул у вёсцы (мне было тады нешта каля 7-8 гадоў) дзядзька паказваў мясцовым жыхарам слайды пра місіянераў, якія служаць у Афрыцы. Збіралася вельмі шмат людзей. Усе з зацікаўленасцю слухалі яго аповеды.
Меў таксама за шчасце амаль 2 апошніх тыдні лета 1984 года правесці разам з ім у Варшаве. Мы гулялі па горадзе, елі марожанае ў гістарычным цэнтры, шпацыравалі з сабакам Тайнякам. Гэта былі выключныя канікулы! Аднак, на жаль, тады я бачыў дзядзьку ў апошні раз…
– Кс. Ежы часта бываў у родных мясцінах?
– У пару “Салідарнасці” прыязджаў ненадоўга. Не меў тады шмат вольнага часу, паколькі актыўна ўдзельнічаў у грамадскіх справах.
– У сям’і ведалі пра тое, што кс. Ежы моцна перажываў за лёс людзей і Бацькаўшчыны?
– Я некалькі разоў быў з бацькамі на св. Імшы за Айчыну, якую дзядзька адпраўляў у жалібожскім касцёле ў Варшаве. Аднак часцей за ўсё падчас Эўхарыстыі мы знаходзіліся ў яго пакоі – для нашай жа бяспекі, паколькі існавала рызыка правакацыі.
На шчасце, усё заўсёды абыходзілася спакойна.
– У казаннях на св. Імшах за Айчыну кс. Ежы адкрыта змагаўся за правы і свабоды чалавека. Некаторыя лічаць гэта гераічным учынкам. Але ці не была гэта барацьба за тое, што з’яўляецца натуральным?
– Кс. Ежы гучна казаў аб тым, аб чым большасць людзей у тыя часы баялася нават ціха думаць. Казаў аб праўдзе, любові і зняволенні камунай.
– Ці разумеў ён, што адкрыта выступае супраць кіруючай камуністычнай партыі?
– Кс. Ежы ніколі не асуджаў людзей. Заўсёды, калі яго пыталіся, гаварыў, што змагаецца “са злом, а не з ахвярамі зла”. Галоўным яго дэвізам быў заклік св. апостала Паўла: “Не будзь пераможаны злом, але перамагай зло дабром” (Рым 12, 21). Адзінай зброяй была праўда і любоў. За гэта камуністы яго і зненавідзелі.
– Ксёндз дапускаў думку, што за абвяшчэнне праўды можа загінуць?
– Напэўна, так. Узгадваў аб гэтым у адным з інтэрв’ю для заходняга тэлебачання. Аднак ні на хвіліну не збаяўся. Ведаў, што ён на баку праўды і мае падтрымку тысяч людзей.
– Грамадства перажыло шок, калі даведалася пра забойства кс. Папялушкі. Верагодна, ён прадстаўляў велізарную сілу і моц, паколькі было вырашана пазбавіцца ад яго такім жорсткім спосабам…
На пахаванне дзядзькі прыбыло больш за паўмільёна асоб. Гэта была вялізная мірная дэманстрацыя. Хацелася б адзначыць, што тады не было інтэрнэту, каб паведаміць пра месца і час пахавання. Мала хто меў дома нават тэлефон! Камуністы дэзінфармавалі людзей, падаючы розныя месцы пахавання. Але многія ўсё ж змаглі арганізавацца і за 3 дні прыехаць нават з самых аддаленых куткоў Польшчы.
– У СМІ з’явілася інфармацыя, што вінаватыя ў яго смерці, якія трапілі пад амністыю яшчэ ў 90-ых гадах мінулага стагоддзя, зноў стануць перад трыбуналам. Як Вы думаеце, ці ўсведамляюць злачынцы, удзельнікамі якой драмы яны сталі?
– Ведаю, што ІНП (Інстытут нацыянальнай памяці – заўв. рэд.) распачаў следства аб фальшывым паклёпе і падкідванні абцяжваючых матэрыялаў у кватэру кс. Папялушкі па вул. Халоднай у Варшаве. Пасля гэтага выпадка ён быў арыштаваны і абвінавачаны ў дзейнасці супраць Польскай аб’яднанай рабочай партыі.
Безумоўна, забойцы бачаць, што іх план пацярпеў крах. Кс. Папялушка, якога павінны былі забыць хутка пасля смерці, прадаўжае жыць у памяці вернікаў. Пра гэта сведчаць дзесяткі вуліц і школ у краіне і за мяжой, названых яго імем. У многіх месцах адкрыты помнікі ці памятныя дошкі ў яго гонар. Рэліквіі святара можна знайсці ў святынях нават у самых аддаленых кутках свету. Ведаю, што яны знаходзяцца і ў некаторых парафіях Беларусі. Многія малітоўныя групы абіраюць кс. Ежы сваім заступнікам. Між іншым, ён таксама з’яўляецца апекуном супольнасці некалькіх дзесяткаў міністрантаў з Філіпінаў.
– Якой асобай кс. Ежы застаўся ў памяці людзей?
– Большасць з тых, хто ведаў ксяндза асабіста, памятае яго з усмешкай на твары, радаснага, нягледзячы на мноства абавязкаў, стомленасць і хваробы.
На працягу 3-ох гадоў у Акопах, роднай мясцовасці кс. Ежы, і Сухаволі ладзіцца гадавіна дня нараджэння святара. Яна заўсёды адзначаецца ў 2-ую суботу верасня.
На сустрэчы збіраюцца асобы, якія асабіста былі знаёмы з кс. Ежы, каб расказаць пра яго іншым.
– Як Вы лічыце, у якой ступені кс. Ежы паўплываў на пазнейшыя падзеі ў краіне? І ці паўплываў?
– Яго смерць была пачаткам упадку камунізму ў Польшчы і ў свеце. Людзі перасталі баяцца кіруючую ўладу, бо ўсвядомілі, што калі штосьці такое ўчынілі з любімым вернікамі святаром, падобнае можа адбыцца з кожным. Пачаліся новыя забастоўкі.
Камуністы ведалі, што дні іх кіравання палічаны, таму прапанавалі перамовы за круглым сталом у Магдаленцы. Гэта быў іх апошні “выратавальны круг”, таму выкарысталі яго. Кс. Ежы ў сваіх казаннях гаварыў пра дыялог і размовы, але не думаю, што на такіх умовах.
– У падзямеллі касцёла ў Жалібожы ў Варшаве 15 гадоў таму быў адкрыты музей кс. Ежы Папялушкі. Сям’я перадала якія-небудзь рэчы для экспазіцыі?
– Я быў на адкрыцці музея. Наша сям’я перадала шмат памятак, між іншым, калыску, сплеценую з лазы дзядулем, дзверы і акно з роднага дома ксяндза ў Акопах.
– Ці засталіся ў сям’і рэчы, якія належалі славутаму сваяку і якія клапатліва захоўваюцца як памяць?
– У нас засталося дастаткова шмат рэчаў, якія ў будучым з ахвотай перададзім музею ў Акопах. На дадзены момант мы прыкладваем шмат намаганняў, каб ён мог узнікнуць, бо ўпэўнены, што, каб бліжэй пазнаёміцца з асобай бласлаўлёнага, трэба пазнаёміцца з асяроддзем, у якім ён рос, сталеў і распазнаваў сваё пакліканне.
Гэтай справай зараз актыўна займаецца фонд імя кс. Ежы Папялушкі “Дабро”. Маем надзею, што цэнтр памяці паўстане ўжо ў хуткім часе.
Даведка
Кс. Ежы Папялушка нарадзіўся 1 верасня 1947 года ў в. Акопы каля Сухаволі (Польшча). У 1972 годзе атрымаў прэзбітэрскія пасвячэнні. Падчас забастовак у 1980 годзе займаўся душпастырскай апекай у асяроддзі працаўнікоў Варшавы. Лічыўся адным з духоўных пастыраў прафсаюза “Салідарнасць”, які знаходзіўся ў апазіцыі камуністычнаму рэжыму. З лютага 1982 года цэлебраваў св. Імшы за Айчыну, на якіх збіраліся вернікі з розных куткоў Польшчы. 19 кастрычніка 1984 года выкрадзены функцыянерамі службы бяспекі, жорстка закатаваны і ўтоплены ў р. Вісла. У 2010 годзе далучаны Касцёлам да ліку бласлаўлёных.
Ангеліна Пакачайла, паводле "Слова Жыцця"