Нягледзячы на поспехі ў навуковай сферы, Эдзіт Штайн пастанавіла ўступіць у кляштар, каб прысвяціць сваё жыццё Богу, якога знайшла пасля доўгіх гадоў пошукаў і бязвер’я…
Імкнуцца да праўды
Эдзіт Штайн, пазней с. Тэрэза ад Крыжа, нарадзілася ў 1891 годзе ў Вроцлаве (сёння Польшча). Была 11-ым дзіцём глыбока веруючых яўрэяў. У 2 гады страціла тату. З гэтага часу клопат пра вялікую сям’ю поўнасцю лёг на плечы маці, жанчыны мудрай і моцна прывязанай да традыцый свайго народа.
Будучы падлеткам, Эдзіт – незалежная асоба з бліскучым інтэлектам – пакінула веру, у якой была выхавана, бо яна не давала дзяўчыне ўпэўненасці ў Божай апецы. Гэтае рашэнне схіліла яе да яшчэ больш стараннага пошуку праўды. Вывучала філасофію, фенаменалогію, псіхалогію. Працавала над уласнымі работамі пад наглядам самых вядомых гуманітарных розумаў тых часоў. Рабіла навуковую кар’еру, што для жанчыны тады было даволі рэдкай з’явай.
З-за выбуху І Сусветнай вайны Эдзіт вымушана была спыніць навучанне. Спачуваючы пакутам іншых, накіравалася на фронт. Служыла бліжнім як сястра Чырвонага Крыжа: апекавалася асобамі, што пакутавалі ад інфекцыйных захворванняў. Глыбока перажывала смерць маладых людзей. Пачуццё эмпатыі з часам адкрыла Эдзіт рэлігійны феномен.
Аднак першая, найбольш відавочная сустрэча дзяўчыны з Хрыстом адбылася некалькімі гадамі пазней у ціхай атмасферы хатняй бібліятэкі яе блізкіх сяброў. Той пераломны момант будучая святая ўзгадвае з вялікай узрушанасцю: “Я ўзяла першую кнігу, якая трапіла ў рукі. Гэта быў вялікі аўтабіяграфічны том пад назвай «Жыццё святой Тэрэзы Авільскай». Пачала чытаць. Хутка кніга так мяне паглынула, што не магла спыніцца. Калі закрыла том, сказала сабе: вось праўда”. За чытаннем Эдзіт правяла ўсю ноч, а раніцай пайшла ў горад, каб купіць катэхізіс і імшалік. Грунтоўна з імі пазнаёмілася і праз некалькі дзён адправілася на першую ў сваім жыцці св. Імшу.
Дабрацца да святла
Калі Эдзіт бліжэй сустрэлася з Езусам, вырашыла прыняць хрост. Уласным запалам яна захапіла сваю сястру Ружу. Хоць пераход на іншую веру азначаў разлад у сям’і, якой цяжка было зразумець такое рашэнне, для Эдзіт гэта не азначала разрыву сувязі з яўрэйскім народам. Яна сцвярджала, што менавіта цяпер, калі вярнулася да Бога, па-сапраўднаму адчула сябе яўрэйкай. Усвядоміла, што належыць да Хрыста не толькі духоўна, але і праз крэўныя сувязі.
Паглыбляючыся ў чытанне і рэлігійныя практыкі, дзяўчына займалася педагагічнай дзейнасцю. Аднак цяпер імкнулася спалучаць навуку з верай. Напрыклад, вельмі глыбока даследавала спадчыну св. Тамаша Аквінскага і старалася растлумачыць пэўныя элементы яго містыкі пры дапамозе фенаменалагічнага метаду.
Эдзіт часта запрашалі прачытаць даклад з розных нагод і на канферэнцыях. Яна праводзіла навучальныя курсы, пісала артыкулы, прымала ўдзел у радыёдыскусіях. Усё змянілася, калі да ўлады прыйшоў Гітлер, які забараніў яўрэям займаць любыя грамадскія пасады. Эдзіт вымушана была пакінуць публічнае жыццё.
Ужо больш нічога не трымала яе ў свеце, таму пастанавіла ўступіць у кармэліцкі ордэн у Кёльне (Германія). У якасці апекуноў выбрала сабе св. Тэрэзу Авільскую і св. Яна ад Крыжа, прымаючы ў супольнасці імя Тэрэза ад Крыжа, якое было спалучэннем імён абодвух духоўных аўтарытэтаў.
У клаўзуры сястра жыла пакорна, як і ўсе іншыя. У кляштары нічога не ведалі пра яе славутасць і эрудыцыю. Аднак настаяцелі вырашылі, што манахіня павінна працягваць сваю навуковую дзейнасць. У 1938 годзе ў сувязі з узмацненнем нацысцкага рэжыму с. Тэрэза – усведамляючы, што яе яўрэйскае паходжанне можа быць пагрозай для кляштара – пераехала ў Галандыю.
“Вітай, Крыж!”
Праз 4 гады больш-менш бяспечнага манаскага жыцця ў галандскім горадзе Эхт у дзверы мясцовага кляштара пастукаліся з гестапа. У той час с. Тэрэза разам з іншымі сёстрамі малілася ў капліцы. Цягам 5-ці хвілін яна павінна была з’явіцца разам са сваёй сястрой Ружай, каб з іншымі яўрэямі, якія прынялі хрысціянства, накіравацца ў канцлагер. Гэта была помста нацыстаў за пасланне галандскіх каталіцкіх біскупаў, якія пратэставалі супраць праследавання і дэпартацый прадстаўнікоў выбранага народа. Ліст быў прачытаны ва ўсіх святынях краіны.
Апошнія словы с. Тэрэзы, якія пачулі манахіні, былі скіраваны напалоханай Ружы: “Хадзі, пойдзем цярпець за наш народ”. У хуткім часе настаяцельніца атрымала ад сястры тэлеграму, дзе тая прасіла пакінуць намаганні па яе вызваленні: “Не можна пазнаць Крыж інакш, як толькі прымаючы яго цяжар. Я была ў гэтым унутрана пераканана і сказала сабе ў глыбіні сэрца: вітай, Крыж, мая адзіная надзея”.
Раніцай 7 жніўня 1942 года 987 чалавек транспартавалі ў лагер у Асвенціме. Праз 2 дні с. Тэрэза ад Крыжа разам са сваёй сястрой Ружай і многімі іншымі сынамі і дочкамі яўрэйскага народа былі атручаны ў газавай камеры.
Памяць у Касцёле
Эдзіт Штайн з’яўляецца першай яўрэйкай, якая перайшла ў каталіцызм і была ўзнесена да хвалы алтара. Яе кананізаваў 11 кастрычніка 1998 года папа Ян Павел ІІ. Пантыфік абвясціў святую заступніцай Еўропы з думкай пра яе асаблівую апеку над гэтай часткай свету, а таксама над людзьмі, якія найбольш пацярпелі ў часы ІІ Сусветнай вайны. Гадавіна смерці св. Тэрэзы Бенедыкты ад Крыжа з’яўляецца ў Каталіцкім Касцёле днём малітвы за ахвяр Халакоста.
Малітва
Божа, дзякуем Табе за дары і таленты, якія ўдзяліў сваёй слузе Эдзіт Штайн, сястры Тэрэзе Бенедыкце ад Крыжа. Яе жыццём Ты паказаў, што можам знайсці Цябе сярод абавязкаў і акалічнасцей нашай штодзённасці. Праз яе заступніцтва ўчыні, каб мы маглі служыць Табе і бліжняму так дасканала, як гэта магчыма; каб у пэўны дзень змаглі ўдзельнічаць у хвале і шчасці, якія Ты падрыхтаваў для тых, хто Цябе любіць. Просім аб гэтым праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
Ангеліна Марцішэўская, паводле "Слова Жыцця"