12 чэрвеня Касцёл узгадвае 108 бласлаўлёных мучанікаў, якія сталі ахвярамі Другой сусветнай вайны. Беатыфікацыю гэтых асоб у 1999 годзе здзейсніў Святы Айцец Ян Павел ІІ. Біскупы, святары, клерыкі, манахі і манахіні, а таксама свецкія вернікі засведчылі сваю гераічнасць у самыя складаныя часы пераследу і выпрабавання веры.
Сярод той сотні людзей, якія аддалі жыццё за Хрыста і бліжніх, быў ураджэнец Гродна кс. Генрых Глябовіч.
На працягу пэўнага часу ён служыў у некалькіх парафіях акупаванай Беларусі, дзе і загінуў.
З захапленнем да асветы і рэлігіі
Кс. Генрыха ведалі як неверагодна інтэлігентнага чалавека. Ён скончыў Віленскую духоўную семінарыю, працягваў адукацыю ў Люблінскім каталіцкім універсітэце. Атрымаў ступень доктара тэалогіі ў Віленскім універсітэце і доктара філасофіі пасля вучобы ў Папскім універсітэце св. Тамаша Аквінскага ў Рыме. Разумны не па гадах, ён у сваёй мудрасці захоўваў пакору і сціпласць. “Двойчы доктар, тройчы дурань”, – любіў жартаваць сам святар. З запалам імкнуўся да ведаў не для таго, каб захаваць іх для сябе, але каб служыць светачам для іншых.
Большую частку святарскага жыцця кс. Генрых правёў у Вільні. Служачы, не абмяжоўваўся выключна душпастырскай актыўнасцю. Здолеў сумяшчаць абавязкі вікарыя з шырокай асветніцкай і грамадскай дзейнасцю. Выкладаў у семінарыі і быў самым маладым прафесарам ва ўніверсітэце ў Вільні. Выконваў абавязкі сакратара Секцыі веры, культуры і звыячаяў у архідыяцэзіяльнай курыі. З’яўляўся дырэктарам супольнасці школьнай моладзі “Гурток св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус”. “Гэта быў чалавек-паходня, які, дзе толькі магчыма, спыняўся і запальваў душы для Бога”. Так гаварылі пра кс. Генрыха ў асяроддзі, дзе яму даводзілася распачынаць сваю дзейнасць. Найбольшай актыўнасцю адзначыўся ў культурных рухах горада і студэнцкіх арганізацыях, у дапамозе ўбогім.
Каб больш плённа выхоўваць у хлопцах і дзяўчатах хрысціянскія каштоўнасці, нястомна шукаў шляхі ўзаемаразумення з імі, цікавіўся тым, што вабіла моладзь. Кс. Генрыху моцна сімпатызавалі, прымалі за “свайго”. З часам пачалі жартаваць, што “ён навяртаў, нават граючы ў брыдж”. Пра адданую любоў святара да юнацтва красамоўна гаворыць той факт, што ў ваенны перыяд падчас адной са св. Імшаў ён ахвяраваў сваё жыццё Богу дзеля выратавання веры маладога пакалення.
Дзёрзкі перад абліччам небяспекі
Пасля напружанай працы ў Вільні ў жыцці святара наступіў нялёгкі перыяд: ён захварэў на сухоты. Аднак немач не замінала працягваць інтэнсіўнае душпастырскае служэнне. У гэты час ён распачаў паслугу ў парафіі ў Троках. У гісторыю горада, вядомага сваёй шматнацыянальнасцю, кс. Генрых упісаўся як змагар за адзінства ў веры, распаўсюджвальнік ідэі экуменізму.
Аслаблены хваробай, ён быў адным з першых, хто падахвоціўся евангелізаваць на тэрыторыі Савецкага Саюза, акупаванай нацысцкай арміяй.
У першыя месяцы гітлераўскага панавання на землях, што ўваходзілі ў склад БССР, наступіў кароткі перыяд паляпшэння сітуацыі Касцёла. Зноў былі адчынены святыні, замененыя ў склады, а вернікі з нецярплівасцю чакалі святароў.
У канцы верасня 1941 года ён узяў на сябе абавязкі пробашча адразу ў 3-ох парафіях: Хатаевічах, Корані і Аколаве (сёння Мінска-Магілёўская архідыяцэзія). Не маючы душпастыра на працягу амаль 30-ці гадоў, людзі сустракалі святара з вялікім узрушэннем. З-за назапашанага аб’ёму працы кс. Генрых часам не паспяваў са служэннем: нястомна прамаўляў казанні, спавядаў, удзяляў св. Камунію, хрысціў, бласлаўляў сужэнцаў. Калі заканчваў з абавязкамі ў адной парафіі, спяшаўся ў другую, дзе яго ўжо чакаў натоўп вернікаў.
Святар надзвычай бясстрашна і ахвярна арганізоўваў рэлігійнае жыццё сярод тутэйшых жыхароў, не звяртаючы ўвагі на небяспеку, якая магла сыходзіць з боку ўлад.
Ініцыятыўны, дзейсны арганізатар, харызматычны ксёндз, ён прыцягваў зашмат непатрэбнай увагі.
Па прычыне абвінавачванняў палітычнага характару, а менавіта за паланізацыю мясцовага насельніцтва, святар быў арыштаваны мясцовай паліцыяй і перададзены ў рукі гітлераўскай жандармерыі. У нядзелю 9 лістапада 1941 года, праз 2 дні пасля затрымання, кс. Генрыха Глябовіча расстралялі ў лесе каля Барысава, а цела закапалі ў невядомым месцы.
На жаль, па сёння не знойдзена месца, дзе пакінулі цела святара пасля экзекуцыі. Аддаць пашану трагічна загінуўшаму, але здабыўшаму хвалу ў небе кс. Генрыху, можна на яго сімвалічнай магіле ў мясцовасці Ляскі пад Варшавай, а таксама ў катэдральным касцёле ў Гродне, дзе яму прысвечана памятная табліца.
Ангеліна Марцішэўская, паводле "Слова Жыцця"