Веліч святога Юзафа прызнаецца з ранніх гадоў існавання Касцёла. Хоць Евангеллі падаюць нам толькі пэўныя факты з яго жыцця, а постаць святога падрабязна разглядаюць апокрыфы, але яго культ, узгадкі, поўныя пашаны да яго, сустракаюцца толькі ў працах Арыгена, св. Амброзія, св. Яна Хрызастома, св. Ераніма, св. Аўгустына.
Шмат іншых святых праводзілі набажэнствы ў гонар св. Юзафа, паколькі прыпісвалі яму моц атрымання ласкаў праз яго заступніцтва. Хоць ніякія яго словы не занатаваны ў Евангеллі, але святыя мелі шмат чаго сказаць пра яго.
Вось прыклады такіх выказванняў, што адлюстроўваюць вялікую пашану, якой адорвалі гэтага святога іншыя.
Св. Альфон Лігуоры, заснавальнік супольнасці рэдэмптарыстаў, пісаў пра св. Юзафа і яго служэнне Езусу і Марыі:
“Кожны павінен ведаць, што пасля Маці Божай св. Юзаф з усіх святых самы любімы Богам.
Ён мае дзякуючы гэтаму вялікую сілу Пана ў сабе і можа атрымаць ласкі для сваіх вызнаўцаў”.
Св. Тэрэза Авільская, рэфарматарка Кармэля, у Кнізе жыцця напісала: “Я абрала сабе заступнікам і хвалебным апекуном св. Юзафа, моцна яму давяраючы. І спазнала ясна, што як у гэтай патрэбе, так і ў іншых, яшчэ больш важных, у якіх ішла гаворка пра мой гонар і пра страчаныя душы, гэты мой Айцец і Апякун збавіў мяне і больш мне добрага ўчыніў, чым сама магла прасіць.
Не памятаю, каб калісьці ажно да гэтай хвіліны прасіла яго аб якойсьці рэчы, якую б мне не даў. Дзіўна, якія вялікія рэчы Бог мне ўчыніў праз заступніцтва гэтага хвалебнага Святога, з колькіх небяспекаў цела і душы мяне выбавіў…
Пан хацеў нас праз гэта запэўніць, што як на зямлі Ён быў падпарадкаваны апекуну і бацьку свайму, які меў права Яму загадваць – так і ў небе робіць усё, аб чым той Яго просіць”.
Св. Францішак Сальскі пісаў: “Дзева была благаслаўлёная дзіцём, і св. Юзафа ведаў пра гэта дасканала, але ён таксама ведаў, што была Яна святая, чыстая і анёльская, і не мог сабе ўявіць Яе вінаватай у здзяйсненні граху; таму таксама пакінуў Яе суду Божаму. Чаму ён так зрабіў?
Новы Запавет ясна аб гэтым кажа: таму што “быў справядлівым” (Mц 1, 19).
Чалавек справядлівы, калі не можа знайсці тлумачэння ўчынкаў або намеру кагосьці, каго вельмі паважае і шануе, не асуджае яго, а пакідае Божаму суду”.
Св. Ян з Дамаска пісаў: “Бог адарыў св. Юзафа любоўю, клапатлівасцю і айцоўскай уладай над Езусам. Даў яму бацькоўскія пачуцці, дзякуючы якім ён мог ставіцца да Езуса з вялікай любоўю; айцоўскі клопат, каб мог апекавацца Ім вельмі дбайна, і айцоўскую ўладу, каб быць упэўненым, што будзе паслухмяны ва ўсім, што Яму даручыць”.
Св. Бэрнардын з Сіены разважаў пра св. Юзафа такімі словамі: “Няма сумнення, што Хрыстус узнагароджвае св. Юзафа зараз нават больш, калі ён у небе, чым тады, калі быў на зямлі.
Наш Пан, у чыім зямным жыцці Юзаф быў Ягоным бацькам, безумоўна, не адмовіць яму ні ў чым, пра што просіць ён у небе”.
Св. Бэрнард з Клерво пісаў: “Ад некаторых святых мы атрымліваем дапамогу ў асобных справах, але ад св. Юзафа дапамога ўдзяляецца ва ўсім, а акрамя гэтага ён бароніць усіх тых, хто з пакорай звяртаецца да яго”.
Св. Ян Павел ІІ адзначаў: “Бог абраў Юзафа мужам Марыі менавіта для таго, каб забяспечыць Езусу айцоўскую апеку”.
Урачыстасць св. Юзафа, Абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі, святкуецца 19 сакавіка. Ён з’яўляецца апекуном паўсюднага Касцёла, шматлікіх манаскіх супольнасцяў, краін, напрыклад, Аўстрыі, Чэхіі, Філіпін, Іспаніі, Канады, Партугаліі, Перу, многіх дыяцэзій і гарадоў, апекуном сужэнцаў і хрысціянскіх сем’яў, бацькаў, сірот, а таксама цесляроў, дрывасекаў, рамеснікаў, рабочых, усіх працуючых і бежанцаў. Акрамя таго, да яго звяртаюцца з просьбай аб добрай смерці.
Апрацаваў кс. Юрый Марціновіч