Kасцёл, акрамя сямі сакрамэнтаў, мае таксама вялікае багацце сакрамэнталіяў. Гэта асаблівыя знакі, якія павінны наблізіць нас да Бога. Адзін з іх – звычай благаслаўлення хлеба ў гонар св. Агаты, якое адбываецца ў яе літургічны ўспамін, што адзначаецца ў Касцёле 5 лютага.
Святая Агаты была хрысціянкай, маладой дзяўчынай, якая прынесла Пану Богу абяцанне дзявоцтва. Гэта не спадабалася намесніку Сіцыліі, дзе яна жыла. Была таксама іншая прычына яе мучаніцтва. Як хрысціянка, яна не хацела ўшанаваць багоў, якім паўсюдна пакланяліся ў Рымскай імперыі. Спачатку яе змясцілі ў публічны дом, а потым аддалі на катаванне. Яна загінула ў жорсткіх пакутах, лежачы на распаленым вуголлі.
Святая Агата – апякунка, якая абараняе ад пажараў і небяспекі агню.
Гэтае заступніцтва спазналі жыхары Сіцыліі, калі праз год пасля яе смерці вулкан Этна пагражаў знішчэннем усёй Катаніі. Адны казалі, што вэлюм, які насіла святая, стрымаў лаву і змяніў яе кірунак, іншыя – што гэта зрабіла мармуровая табліца, якая была на яе гробе.
Гэтая святая з’яўляецца таксама заступніцай прадстаўнікоў прафесій, якія маюць справу з агнём, між іншым пекараў; адсюль – хлеб св. Агаты. Мы кажам, што нехта добры, як хлеб. Імя Агата ў перакладзе з грэчаскай мовы азначае менавіта “добра”. Хлеб – прыгожы сімвал яе прысвячэння.
Легенда апавядае, што калі больш за трыста гадоў таму ў кракаўскіх складах недалёка ад Гродскай Брамы здарыўся вялікі пажар, горад уратавала нейкая старая жабрачка, кінуўшы ў полымя соль св. Агаты, дзякуючы чаму агонь пагас. Калі гарадскія ўлады спыталіся ў яе, чаго яна жадае за выратаванне горада, яна адказала: вы павінны ўфундаваць касцёл у гонар святой памочніцы.
Улады абавязаліся пабудаваць святыню, але не рэалізавалі гэтага намеру. Калі ўвосень 1655 г. прадмесце Вавеля цалкам згарэла, падпаленае шведскім захопнікам, у гэтым убачылі Божую кару за нястрыманае абяцанне, дадзенае жабрачцы айцамі горада. Касцёла ў гонар св. Агаты няма ў Кракаве па сённяшні дзень.
Існуюць шматлікія сведчанні, што і ў наш час св. Агата прыходзіць да людзей з дапамогай і сапраўды аберагае ад небяспекі пажару, калі да яе звяртаюцца з верай у малітве і ўжываюць благаслаўлёныя хлеб і ваду.
Здараецца, што маці даюць хлеб св. Агаты дзецям, калі тыя пакідаюць родны дом, накіроўваючыся, напрыклад, у школу ў горадзе або ў войска. Благаслаўлёны хлеб кіроўцы змяшчаюць у сваіх аўтамабілях. Яго бяруць з сабой у шпіталь, калі ідуць на цяжкую аперацыю. Гэты хлеб часта захоўваюць дома.
Кожнаму сакрамэнталію пагражае небяспека стаць магічным аб’ектам. Аднак трэба памятаць, што сакрамэнталіі – не знакі, якія дзейнічаюць самі па сабе, і не магічныя амулеты, якія павінны ад чагосьці аберагаць. Гэта знак блізкасці Бога. Яны павінны скіроўваць нашы думкі да Яго, непасрэдна або праз заступніцтва канкрэтнага апекуна. Яны схіляюць нас даверыцца Пану Богу, як рабілі гэта святыя. Гэта наша сапраўдная сіла – давер Богу, які з’яўляецца фундаментам нашага жыцця.
Апрацаваў кс. Юрый Марціновіч