125 гадоў таму, 8 студзеня 1894 г., у Здуньскай Волі нарадзіўся Раймунд Кольбэ, франішканін, місіянер, заснавальнік кляштараў у Непакалянаве і Нагасакі, рэдактар каталіцкіх часопісаў. Святы францішканін з’яўляецца таксама другарадным апекуном Гродзенскай дыяцэзіі.
У 1922-1927 гг. святы Максімільян працаваў у Гродне пры касцёле Маці Божай Анёльскай, як здзяйсняючы душпастырства, так і развіваючы дзейнасць выдавецтва (рэдагаванне і друкаванне штомесячніка “Рыцар Беззаганнай”, перанесенага сюды з Кракава восенню 1922 г.).
У 1941 г. ён быў забіты ў Аўшвіцы, дабравольна аддаўшы жыццё за іншага вязня.
“Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх” (Ян 15, 13). Гэтыя словы нашага Збаўцы св. Максімільян Марыя Кольбэ споўніў дарэшты. Дзень выпрабавання настаў для яго ў канцэнтрацыйным лагеры, дзе ён ахвяраваў сабой за жыццё нявіннага чалавека – аднаго з мільёнаў. Ён без вагання выразіў гатоўнасць пайсці на смерць, заступаючыся за гэтага чалавека, паколькі той быў бацькам сям’і і яго жыццё было патрэбна самым блізкім.
Гераічны ўчынак айца Максімільяна быў, несумненна, дарам Божага Духа, які дае нам моц для пашырэння і абароны веры словам і ўчынкам і да мужнага вызнавання імя Хрыста (пар. KKK 1303). Смерць, якую а. Максімільян панёс у галодным бункеры, застанецца для кожнага пакалення хрысціян відавочным знакам братэрскай любові, аб’яўленнем любячага аблічча Касцёла і заахвочваннем да праслаўлення Бога, ад якога паходзіць ласка мучаніцтва.
Маючы на ўвазе гэтае пасланне, якое нам пакінуў святы мучанік, будзем паглыбляць духоўны шлях айца Максімільяна Кольбэ. Прыкладзем старанні, каб, падобна яму, быць вернымі вызнаўцамі Хрыста, а супрацоўніцтва з Божай ласкай і запэўніванне ў любові да Пана прызнаць паводзінамі “ў моцы Божага Духа” на шляху да асабістай святасці.
Kс. Юрый Марціновіч