Адзін з самых вядомых містыкаў і стыгматыкаў нашых часоў. Аказаў вялікі ўплыў на сучасны Касцёл. Дзякуючы яго заступніцтву адбываюцца эфектныя навяртанні найбольш закаранелых атэістаў і цудоўныя аздараўленні.
Пазначаны 5-цю Хрыстовымі ранамі
Айцец Піо нарадзіўся 25 мая 1887 года ў беднай сям’і ў невялікай мясцовасці П’етрэльчына непадалёк Неапаля (Італія). Рана адкрыў у сабе пакліканне да манаскага жыцця. Ва ўзросце 16-ці гадоў уступіў у навіцыят да айцоў капуцынаў. Святарскія пасвячэнні атрымаў у 1910 годзе.
20 верасня 1918 года падчас споведзі манах адчуў моцны боль у целе, які не праходзіў на працягу 2-ух дзён. Думаў, што памірае. Пакута была велізарнай, працінала ўвесь арганізм. Бог пазначыў яго цела 5-цю Хрыстовымі ранамі – стыгматамі. У сувязі з гэтым а. Піо перажыў шмат прыніжэнняў. На пэўны час быў вымушаны пакінуць кляштар. Жыў у той час у родным доме. На працягу 10-ці гадоў яму было забаронена кантактаваць з людзьмі і публічна адпраўляць св. Імшу. Аўтэнтычнасць стыгматаў даследавалі шмат разоў.
Амаль усё сваё манаскае жыццё а. Піо правёў у кляштары Сан-Джавані-Ратонда. Яго дзейнасць працякала паміж алтаром, канфесіяналам і келляй. Святасць, набожная малітва і жорсткія пакуты святара прыносілі плён у сотнях тысяч чалавек, якія прыходзілі да яго. Удзел у св. Імшы, якую капуцын адпраўляў амаль 3 гадзіны, быў часам вялікай ласкі і перамянення.
Тыя, хто спавядаўся ў а. Піо, пад уплывам Божага ўздзеяння перамянялі сваё жыццё. Здаралася, што людзі прыступалі да сакраманту пакаяння нават пасля 30-ці або 40-ка гадоў нявер’я. А. Піо меў ласку пранікаць унутр чалавека. Калі споведзь была няпоўнай, заахвочваў лепш падрыхтавацца і прыйсці зноў.
Капуцын з Сан-Джавані-Ратонда быў вельмі адчувальны да лёсу цяжкахворых людзей. Для іх пры падтрымцы многіх шчодрых дабрадзеяў пабудаваў “Дом палягчэння ў цярпенні” – вялікую бальніцу, якая да сёння служыць сотням пакутуючых на розныя хваробы. Валодаў таксама ласкай аздараўлення. Тыя, хто гэта дасведчыў, адчувалі вакол сябе цудоўны і моцны водар, падобны на пах фіялак.
Памёр у кляштары 23 верасня 1968 года. Беатыфікаваны 2 мая 1999 года, кананізаваны 16 чэрвеня 2002 года папам Янам Паўлам II.
Чаму мы можам навучыцца ў св. айца Піо з П’етрэльчыны?
Св. айцец Піо пакінуў пасланне, якое трапляе да кожнага: нягледзячы на сваю слабасць і грэшнасць, хоць гэта і нялёгка, мы можам стаць перад Богам у праўдзе, а Ён дасць нам сіл. Святы з П’етрэльчыны вучыць прымаць Божую волю і перасоўваць свой штодзённы крыж.
Цікава!
Праўдападобна, атрыманыя падчас споведзі стыгматы заставаліся на целе а. Піо на працягу больш за 50-ці гадоў, ажно да канца яго жыцця. Кроў, што выцякала з іх, пахла, як парфума ці кветкі. У момант адыходу манаха ў вечнасць раны зніклі, не пакінуўшы шрамаў.
З вуснаў святога
“Не люблю цярпення для цярпення, але для плёну, які яно прыносіць: праслаўляе Бога, збаўляе душу, ратуе з чыстца – ці можна хацець большага?”.
Літургічны ўспамін
Касцёл узгадвае св. айца Піо з П’етрэльчыны 23 верасня.
У іканаграфіі св. айцец Піо з П’етрэльчыны прадстаўлены ў капуцынскім хабіце са стыгматамі на абедзвюх руках, у якіх трымае вялікі драўляны крыж.
Кс. Юрый Марціновіч