Глядзеў на свет не так, як іншыя. Дапамогай у гэтым “быцці іншым” служыла яму моцная вера ў Пана Бога, абсалютны давер Усемагутнаму і перакананне ў тым, што ён можа стаць святым. З’яўляецца заступнікам маладых людзей, а таксама літургічнай службы алтара. Даручыў сябе апецы Найсвяцейшай Маці
Станіслаў убачыў свет 28 снежня 1550 года ў Расткове (Польшча) у шляхецкай сям’і.
З самых малых гадоў быў вельмі чуллівы. Першыя веды атрымліваў дома. Ва ўзросце 14-ці гадоў разам са сваім старэйшым братам Паўлам быў адпраўлены для далейшага навучання ў папулярную школу ў Вене (Аўстрыя), якой кіравалі айцы езуіты.
Хлопец не толькі клапаціўся пра здабыванне ведаў (бегла валодаў нямецкай і лацінскай мовамі, разумеў грэчаскія тэксты), але таксама з дапамогай шчодрых Божых ласкаў фарміраваў свой дух. Ужо тады меў глыбокую эўхарыстычную набожнасць, адчуваў блізкасць і клопат Марыі, якой з самых маладых гадоў даручыў апеку над чысцінёй свайго сэрца. Глыбока прагнуў поўнасцю належаць Пану.
Гледзячы на працу і духоўны энтузіязм езуітаў, юнак вырашыў уступіць у Таварыства Езуса. Аднак манахі не хацелі прымаць яго ў навіцыят, баючыся негатыўнай рэакцыі бацькоў. Бачачы, што на Бацькаўшчыне яму не ўдасца рэалізаваць свой план, Станіслаў пастанавіў уцячы ў Германію, каб там прасіць аб прыняцці ў ордэн. У Дылінзе св. Пётр Канізій вырашыў яго выпрабаваць. На працягу некаторага часу хлопец павінен быў прыбіраць пакоі і дапамагаць на кухні, што было для шляхціца балючым вопытам. Праз некаторы час нямецкі правінцыял адправіў яго разам з 2-ма маладымі езуітамі ў Рым (Італія).
Станіслаў з вялікай радасцю ўключыўся ў рытм жыцця навіцыя пры касцёле св. Андрэя ў Квірынале: малітва, хатнія працы, паслуга ў шпіталі, аскетычныя канферэнцыі і рэгулярныя духоўныя размовы з апекуном навіцыяў. Дзякуючы прастаце ў паводзінах, саліднасці ў выкананні штодзённых абавязкаў і духу малітвы хлопец заваяваў вялікую сімпатыю ў ордэне.
У ліпені 1568 года з-за вялікай спякоты Станіслаў цяжка захварэў. Адчуваў хуткі канец сваёй зямной вандроўкі. Адкрыта, без страху пра гэта гаварыў, нягледзячы на тое, што стан яго здароўя трохі паляпшаўся.
Адышоў да Пана 15 жніўня 1568 года, ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Беатыфікаваны ў 1602 годзе папам Паўлам V, кананізаваны папам Бенедыктам XIII у 1726 годзе.
Чаму мы можам навучыцца ў св. Станіслава Косткі?
Святы з’яўляецца прыкладам чалавека, які паказвае, як набожнасць можна перакласці на канкрэтныя ўчынкі і паставы. Вучыць уменню з радасцю прымаць тое, што нас чакае, а таксама выкарыстоўваць кожную хвіліну, каб дзяліцца тым, што добрае.
Цікава!
Час побыту Станіслава ў Вене быў перыядам надзвычай абуджанага ўнутранага жыцця. Хлопец бачыў толькі 3 дарогі: у каледж, у касцёл і дадому. Вольны час праводзіў за чытаннем і малітвай. З-за таго, што не мог прысвяціць сузіранню шмат часу на працягу дня, аддаваўся яму ноччу. Акрамя таго, задаваў сабе епітым’ю і займаўся самабічаваннем.
З вуснаў святога
"Я створаны для вышэйшых рэчаў".
Літургічны ўспамін
Касцёл узгадвае св. Станіслава Костку 18 верасня.
Кс. Юрый Марціновіч, паводле "Слова Жыцця"