Сёлета прыпадае 75-я гадавіна мучаніцкай смерці бласлаўлёных с. Марыі Стэлы і яе дзесяці паплечніц. Манахіні з Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта былі расстраляны ў Батароўскім лесе каля Навагрудка 1 жніўня 1943 года. Сёстры назарэтанкі аддалі сваё жыццё, каб выратаваць 120 чалавек, пераважна бацькаў сямей, якіх павінны былі расстраляць. Смяротнае пакаранне было заменена для арыштаваных працамі ў Германіі (затрыманыя былі вывезены 24 ліпеня, а некаторых вызвалілі).
Усе вывезеныя перажылі вайну.
Сёстры назарэтанкі пачалі сваё служэнне ў Навагрудку ў 1929 годзе. Манахіні прыбылі ў горад з розных мясцін: з Гродна, Варшавы, Кракава, Чанстаховы. Усе яны мелі ўласныя адметнасці. Адны былі імпульсіўныя і запальчывыя, другія – ціхія і пакорныя. Некаторыя мелі добрую адукацыю, іншыя нават не ўмелі пісаць. Аб’ядноўвала сясцёр манаская харызма і любоў да Езуса. “Мы павінны быць рыцарамі Хрыста. Трэба аддаць Яму ўсіх сябе і ўсё, што маем – Яму і супольнасці”, – сцвярджала с. Гвідона. Гэтая самаадданасць і дазволіла назарэтанкам збудаваць моцную супольнасць у Навагрудку ды клапаціцца пра мясцовых жыхароў да жахлівага канца, не шкадуючы сваіх жыццяў.
За некалькі гадоў прабывання ў горадзе, сёстры арганізавалі школу і інтэрнат. “Мы павінны клапаціцца пра сэрца дзіцяці!” – неаднаразова казала с. Канізія, настаўніца з паклікання. Манахіні таксама клапаціліся пра бяздомных дзяцей і бедных грамадзян.
З пачаткам Другой сусветнай вайны і прыходам у Навагрудак немцаў манахіні вымушаны былі пакінуць будынак кляштара і жыць паасобку: сустракаліся толькі на св. Імшах і вячэрніх набажэнствах у святыні. Назарэтанкі пачалі барацьбу з нялёгкай паўсядзённасцю акупаванага мястэчка, зблізу сутыкнуўшыся з пакутамі іншых людзей. “Трымайцеся! Рэгула і Назарэт – гэта наша моц”, – падбадзёрвала манахінь с. Раймунда.
Сёстры не падазравалі, што вернасць, якую яны шлюбавалі, ім неўзабаве прыйдзецца рэалізаваць праз дабравольную згоду на смерць.
У ліпені 1943 года ў Навагрудку прайшла чарговая хваля арыштаў. Затрымалі 120 чалавек. Сярод арыштаваных быў таксама мясцовы ксёндз Аляксандр Зянкевіч. Гэтыя людзі разумелі, што наўрад ці выжывуць. У горадзе практычна не засталося сям’і, дзе б ні аплаквалі бацьку, сына, брата ці сябра.
Вестка пра арышты хутка разышлася па ваколіцы. Манахіні, ізноў сустрэўшыся ў касцёле, пачалі разважаць сітуацыю. “Як жа цяжар крыжа набліжае да Бога”, – заўважыла с. Феліцыта. Манахіні адзінадушна прынялі нялёгкае рашэнне: яны будуць прасіць гестапа адпусціць арыштантаў узамен іх уласных жыццяў.
Увечары 31 ліпеня сёстрам назарэтанкам было загадана сабрацца ў мясцовым камісарыяце, у будынку былога аблвыканкама. Памаліўшыся Ружанец, сёстры накіраваліся ў вызначанае месца.
Пасля кароткага допыту манахінь закрылі ў падвале камісарыята. Ападаў змрок. Наступіла самая доўгая ноч у жыцці назарэтанак. У крытычную хвіліну с. М. Стэла, настаяцельніца, нагадала сёстрам, дзе трэба шукаць збаўлення, кажучы: “Куды мы павінны ісці? Да Езуса”. У адказ адна з прысутных, с. Сергія, шчыра вызнала: “Я не маю нічога, што магла бы даць Езусу ўзамен Яго любові. Таму прагну ахвяраваць Яму сваё жыццё – мучаніцтва я ўжо не баюся”.
Сясцёр вывезлі ў лес за горадам на досвітку.
На 1 жніўня 1943 года прыпала нядзеля. Мясцовыя жыхары традыцыйна пачалі збірацца ў касцёле. Заняўшы прывычныя месцы, людзі заўважылі, што лаўкі, якія звычайна займалі 11 сціплых чорных фігур, засталіся пустымі…
Магілу сясцёр у Батароўскім лесе знайшлі ранняй восенню. Праз год, калі немцы пакінулі горад, целы манахінь эксгумавалі. Перапахавалі парэшткі назарэтанак у саркафагу ў капліцы Фарнага касцёла.
У 2000 годзе папа Ян Павел ІІ абвясціў с. Марыю Стэлу і яе дзесяць паплечніц бласлаўлёнымі. Па даручэнні Святога Айца манахіні працягваюць выконваць сваю місію з вышыні Нябёсаў – яны нястомна здзяйсняюць апеку над сем’ямі.
***
Нягледзячы на тое, што сёстры верылі ў хараство райскіх садоў і імкнулася туды трапіць, кожная з іх мела свой уласны маленькі “Эдэм” на зямлі, з якім па-чалавечы цяжка было развітацца. Адна знаходзіла вялікую радасць у сустрэчы з бацькамі ці сябрамі, другая – у доглядзе за прыгожымі кветкамі ў кляштарным садзе, іншыя – у гульнях з дзецьмі, чытанні кніг ці прыгатаванні смачных страў. Тым не менш, манахіні здолелі адкінуць саміх сябе дзеля людзей, якіх, магчыма, толькі аднойчы спаткалі на вуліцах горада. І ў гэтым ёсць веліч іх ахвяры.
На момант смерці старэйшая з манахінь мела 55 гадоў, самая малодшая – 27.
С. Іерэмія Кулікоўская CSFN