Маючы 11 гадоў, аддала перавагу страце жыцця, чым нявіннасці. Не спалохалася смерці, больш баючыся абразіць Бога. З’яўляецца заступніцай моладзі, дзяўчат і бялянак.
Прабачыла мучыцеля
Марыя Гарэці нарадзілася 16 кастрычніка 1890 года ў Карынальда (Італія). Праз некаторы час сям’я пераехала ў Ферыерэ дзі Конка. Пасля смерці бацькі набожная 10-гадовая дзяўчынка часта брала ў рукі ружанец і малілася аб супакоі для душы таты.
З адыходам у вечнасць мужа і бацькі ўвесь цяжар утрымання сям’і пералёг на маці. Старэйшыя браты, каб зарабіць на жыццё, мусілі працаваць у суседзяў, на полі ці ў вінаградніку. Марыя ж дапамагала маме з хатнімі абавязкамі. Калі аднойчы пачула, як хлопцы расказвалі непрыстойныя жарты, усклікнула: “Я лепш бы памерла, чым паўтарала такія словы”. Дзяўчынка не чакала, што ёй так хутка прыйдзецца ўласнай крывёй і жыццём пацвердзіць свае словы.
Першую св. Камунію Марыя прыняла ў 11 гадоў і з гэтага моманту ўсімі сіламі старалася штодзень станавіцца лепшай. Праз 6 месяцаў яе чакала цяжкае выпрабаванне. Сям’я Гарэці дзяліла дом з партнёрам бацькі Марыі, Аляксандрам. Калі несумленны малады чалавек пачаў праследаваць дзяўчынку са сваім грэшным запалам, яна тут жа яго адштурхнула, але нікому не паскардзілася, паколькі Аляксандр пагражаў, што заб’е дзяўчо разам з маці, калі тая выдасць яго. Тым не менш, нават пасля адназначнай адмовы маладзён не адмовіўся ад сваёй пажадлівасці і ў чарговы раз гвалтоўна атакаваў Марыю. Дзяўчынка спрабавала супраціўляцца, з усіх сіл крычала: “Не, гэта грэх! Пан Бог не хоча гэтага!”. Аляксандр, ахоплены страхам і гневам, біў яе ўсляпую штылетам.
Цела Марыі было працята 14-цю ўдарамі. Дзяўчынку перавезлі ў бальніцу ў Нетуна. На жаль, хірургі мусілі згадзіцца з тым, што ўжо нічога не могуць зрабіць, каб выратаваць яе. Наступнай раніцай Марыя прыняла св. Камунію. Калі ў яе спыталіся пра Аляксандра, выразна адказала, што прабачыла яму, што будзе маліцца за яго і хацела б сустрэцца ў Небе.
Адышла ў вечнасць 6 ліпеня 1902 года. У яе пахаванні прынялі ўдзел шмат тысяч чалавек, узрушаных страшным злачынствам Аляксандра. З балконаў і акон на белую труну падаў дождж з кветак. Дзяўчынку празвалі “св. Агнешкай XX веку”.
Беатыфікавана 27 красавіка 1947 года, кананізавана 24 чэрвеня 1950 папам Піем XII. Святы Айцец ставіў Марыю Гарэці як прыклад паводзін для моладзі. У лісце “Discorsi e Radiomessaggi” назваў яе “мучаніцай зямлі і анёлам у Небе”.
Чаму мы можам навучыцца ў св. Марыі Гарэці?
Святая вучыць сталасці ў захаванні Божых запаведзяў. Нагадвае, што лепш памерці, чым зграшыць. Як ахвяра насілля яна сваім прыкладам сведчыць, што прабачэнне можа збавіць душу іншага чалавека.
Цікава!
Забойца Марыі выйшаў з турмы праз 28 гадоў. Там перажыў поўнае навяртанне, выпрашанае, як сам лічыў, праз заступніцтва дзяўчынкі. Апошнія гады свайго жыцця мужчына правёў у кляштары капуцынаў як свецкі тэрцыярый. Быў сведкам у працэсе кананізацыі Марыі.
З вуснаў святой
“Смялей! Бог нас не пакіне!”.
Літургічны ўспамін
Касцёл узгадвае св. Марыю Гарэці 5 ліпеня.
Кс. Юрый Марціновіч, паводле "Слова Жыцця"