У гісторыю Каталіцкага Касцёла ўпісана шмат імён хлопцаў і дзяўчат, якія былі абвешчаны бласлаўлёнымі ці святымі дзякуючы ўласнаму прыкладу хрысціянскай мужнасці і ахвярнай любові да Бога і бліжняга. Напярэдадні Дыяцэзіяльнага дня дзіцяці прапануем пазнаёміцца з жыццёвым шляхам тых малых, самаадданасць якіх здабыла ім асбалівую ласку ў Пана.
“Будзь дзіцём Бога”
Так гучыць дэвіз VІІІ Дыяцэзіяльнага дня дзіцяці, які пройдзе ў Гродне 2 чэрвеня. Ізноў на тэрыторыі парафіі ў мікрараёне Паўднёвы збярэцца безліч хлопцаў і дзяўчат, якія імкнуцца пазнаваць і праслаўляць Госпада. Зразумела, мерапрыемства, на якім сустракаецца мноства дзіцячых характараў, не абыходзіцца без неспадзяванак: адны прыемна здзіўляюць, другія непакояць сваімі паводзінамі. Але кожны з гэтых малых мае рысу, якую моцна ўпадабаў Хрыстос. Яны становяцца перад Ім у шчырасці і прастаце, чаго так часта не хапае старэйшым.
Аднак гэта не ўсё, што захапляе Збаўцу ў дзецях. Несапсаваныя светам дарослых, дзе так часта пануе крывадушнасць, яны не ўмеюць прыхоўваць свае правіны пад апраўданнямі. Іх непасрэднасць дазваляе ім радавацца кожнай дробязі: ці то дробная кветка, ці то простая фігура, якую малюе на сцяне сонечны промень. Хлопцы і дзяўчаты ўпоўні цешацца тым, што маюць ад Пана, не прэтэндуючы на большае. Здольны прысвячаць Яму свае самыя дробныя дасягенні і не ўмеюць “выслужвацца” перад Ім дзеля ўласнага самасцвярджэння. Але, галоўнае, дзеці разумеюць, што залежаць ад сваіх бацькоў, і не баяцца аддавацца іх абсалютнаму кіраўніцтву.
Менавіта таму заклік “Будзь дзіцём Бога” актуальны таксама для кожнага дарослага верніка. Госпад хоча, каб у адносінах з Ім мы былі як сын ці дачка, якія бязмежна давяраюць свайму Айцу.
Маленькія жаўнеры Хрыста
За прастатой дзіцячага сэрца нярэдка хаваюцца самыя гераічныя цноты. Напэўна, многія чулі пра адвагу 3-ох пастушкоў з Фацімы, самаадданасць св. Дамініка Савіо ці адвагу св. Марыі Гарэцці. І гэта толькі невялікая частка тых дзяцей, якія былі вынесены да хвалы алтара.
Святы Тарсіцый. Абараніць Самога Бога
Тарсіцый жыў у Рыме ў першыя гады хрысціянства – часы самага бязлітаснага праследавання прыхільнікаў Езуса. У лепшым выпадку выкрытага верніка асуджалі на турэмнае зняволенне, у горшым – ён станавіўся ахвярай дзікіх жывёл, што раздзіралі сваю здабычу на арэне дзеля пацехі рымскіх жыхароў.
Інакш кажучы, хлопчык ведаў, што яго чакае, калі пройдзе слых пра ягоную прыналежыць да хрысціянскай абшчыны. І юнага верніка гэта не палохала. Тарсіцый не толькі ўдзельнічаў у супольных малітвах, але і старанна выконваў абавязкі міністранта. Ён горача верыў у прысутнасць Бога ў Гостыі і жыццёвую неабходнасць сілкавацца Целам Хрыста.
У цяжкіх абставінах тых часоў перад хрысціянамі неаднаразова ўзнікала пытанне: як удзяліць св. Камунію братам і сёстрам, што чакалі смяротнага прысуду ў вязніцы? Дарослыя, наведваючы родных і перадаючы ім Гостыю, часта самі станавіліся ахвярамі, трапіўшы пад падазрэнне вартаўнікоў. А малы хлопец не прыцягваў ніякай увагі, што дазваляла яму паспяхова выконваць адказнае заданне.
Прытуліўшы да сэрца завернутае ў хустачку Цела Пана, Тарсіцый імчаў праз горад да зняволеных таварышаў. Аднак аднойчы яму заступілі шлях. Падлеткі зачапілі хлопца без асаблівай прычыны, але сцяміўшы, што іменна ён трымае пры сабе, задумалі зняважыць Эўхарыстыю. “Ніколі, ніколі, пакуль я жывы!”, – закрычаў Тарсіцый. У адказ на супраціў крыўдзіцелі збілі хлопца камянямі. Разагнаў падлеткаў выпадковы мінак, рымскі воін, які таксама быў патаемным хрысціянінам. Расціснуўшы пальцы скрываўленага Тарсіцыя, ён убачыў Гостыю.
Пабоі аказаліся смяротнымі. Хлопчык адышоў на неба, атрымаўшы там іншую місію – быць заступнікам для літургічнай службы алтара.
Бласлаўлёная Лаўра Вікунья. Аддаць жыццё за навяртанне маці
Лаўра нарадзілася ў Чылі 1891 годзе, калі ў краіне панавала грамадзянская вайна. Крывавыя часы забралі бацьку дзяўчыны і прымусілі ўсю яе сям’ю пакінуць радзіму. На чужбіне маці Лаўры Мэрсэдэс чакалі яшчэ большыя цяжкасці. У Аргенціне валадарыла галеча ды распуста, і жанчына мусіла клапаціцца пра 2-юх дачок, застаўшыся без грошай і даху над галавой. З адчаю Мэрсэдэс прыняла прапанову мясцовага землеўладальніка Мануэля Мора стаць ягонай каханкай.
Сеньёр Мора адрозніваўся крайняй пажадлівасцю і жорсткасцю. Ён часта біў і абзываў Мэрсэдэс, але жанчына цярпела здзекі дзеля дзяўчынак. Дзякуючы грошам, якія яна артымлівала ад Мануэля, яе дочкі паступілі ў школу-інтэрнат, дзе выкладалі сёстры-салезіянкі.
Падчас навучання старэйшая Лаўра пачала пазнаваць Хрыста. Даведаўшыся пра сакрамант шлюбу, яна зразумела, што яе маці згадзілася на сужыцельства дзеля дабра сваіх дачок, але такая сувязь аддаляла матулю ад Бога.
З гэтага моманту кожная малітва, кожны ўчынак Лаўры здзяйсняўся ў інтэнцыі “вызвалення” Мэрсэдэс. Пакорнасць дзяўчынкі дапамагала ёй быць трывалай у размове з Богам, а яе выключная працавітасць дазваляла брацца за самыя цяжкія абавязкі. Пра ахвярнасць дзяўчыны добра сведчыць адзін з прыкладаў. Неяк яна выклікалася прыбіраць двор у непагадзь замест сваёй аднакласніцы, нягледзячы на пашкоджаныя студзёным надвор’ем пальцы.
Аднак намаганні Лаўры не прыносілі рэзультату. Да таго ж, вярнуўшыся дадому на летнія канікулы, пасталеўшая дзяўчына сутыкнулася з дамаганнямі з боку сеньёра Мора. Яе адмовы выклікалі ў мужчыне яшчэ большую настойлівасць і агрэсіўнасць. Не атрымаўшы пажаданага, ён моцна збіў дзяўчынку. Не знайшоўшы абароны ў запалоханай маці, Лаўра вярнулася ў інтэрнат.
У новым навучальным годзе верніца прыняла сакрамант канфірмацыі. Атрымаўшы дары Святога Духа, Лаўра знайшла ў сабе адвагу звярнуцца да Госпада з гераічнай просьбай: “Прымі маё жыццё ўзамен выратавання маці. Я гатова”. І Бог выслухаў яе.
Праз пэўны час дзяўчынка захварэла. Прастуда набывала ўсё больш складаную форму і неўзабаве зусім пазбавіла дзіця моцы. Перад смерцю Лаўра вызнала матулі, што на працягу двух гадоў ахвяравалася ў яе інтэнцыі. Узрушаная Мэрсэдэс упершыню за доўгі час прыступіла да сакраманту споведзі. Яна пакінула Мануэля Мора.
Лаўра адышла да Нябеснага Айца, не меўшы поўных 13 гадоў. Пад сваю апеку бласлаўлёная ўзяла ўсе разбітыя сем’і.
Слуга Божая Ганна дэ Гінье. Навярнуцца і служыць прыкладам для грэшнікаў
Ганна нарадзілася ў 1911 годзе ў Францыі ў заможнай графскай сям’і. Была надзвычай шкодным, нават дэспатычным дзіцём. Бацькі былі вымушаны наймаць для яе 2-юх няняк, замест адной, але марна – тыя збягалі праз тыдзень, не зладзіўшы з непаслухмянай дзяўчынкай. Ганна магла паабрываць усе кветкі з клумбы, абазваць прыслугу або сыпануць пяском у вочы малодшаму брату.
Перамены ў паводзіны дзяўчынкі ўнёс пачатак Першай сусветнай вайны і гібель бацькі. Ганна захацела неба для таты і суцяшэння для мамы, што падштурхнула яе звярнуцца да Бога. З заняткаў па рэлігіі дзіця зрабіла выснову, што адной малітвы недастаткова, таму пачала “чыніць дабро” настолькі, наколькі ёй дазваляла яе “дзікая натура”: дзяўчынка вырашыла перастаць адбіраць цацкі ў аднагодкаў. Невялічкія дабрадзействы паступова пераўтвараліся ў высакародныя ўчынкі. Ганна, не маючы поўных 10 гадоў, арганізавала збор сродкаў для суседзяў, якія пацярпелі ад пажару, занялася вязаннем цёплых рэчаў для людзей у патрэбе, аддала ўсе свае цацкі бедны сем’ям.
“Я больш ніколі не буду падобнай на колішнюю Ганну”, – пісала яна ў сваім дзённіку. Дзіця, якое ўсвядоміла сваё навяртанне, пачало кожны ўчынак і малітву ахвяраваць Езусу ў інтэнцыі грэшнікаў.
Дзяўчынка песціла думку, што, калі падрасце, уступіць у кляштар, але Бог меў іншы план. У 11-гадовым узросце, пасля нядоўгай, але пакутлівай хваробы, Ганна спачыла. Яшчэ пры жыцці яе малітвы прывялі ў канфесіянал старажыла Людвіга “з сэрцам, як камень” (так казалі пра яго тамтэйшыя жыхары). А пасля смерці дзяўчынкі вестка пра яе выключную набожнасць разышлася па ўсёй Францыі, натхняючы тых, хто страціў Бога, ізноў прыйсці да Яго.
У 1990 годзе папа Ян Павел ІІ пацвердзіў гераічнасць цнот Ганны дэ Гінье, абвясціўшы яе Слугой Божай. Гэта з’яўялецца першым крокам да прызнання дзяўчынкі бласлаўлёнай, а пасля, магчыма, і святой.
Ангеліна Марцішэўская, паводле "Слова Жыцця"