Skip to main content

Св. Рыта: заступніца ў складаных сітуацыях

cross 2696262 1280З’яўляецца адной з самых папулярных святых на працягу некалькіх стагоддзяў. Людзі моляцца да яе ў самых розных інтэнцыях: падлетак просіць, каб бацькі зноў сталі колішнімі; студэнтка – аб паспяховай здачы экзамена; выпускнік – аб добрай працы; жанчына, якой здрадзіў муж, – аб сілах, каб прабачыць і жыць далей... Святая прыцягвае церпячых, прыгнечаных цяжкімі жыццёвымі клопатамі, хворых, адзінокіх, усіх тых, хто з людскога пункту гледжання знаходзіцца ў складанай сітуацыі.

Каштоўная жамчужына

Рыта нарадзілася каля 1380 года ў Рокапарэна, недалёка ад Кашы (Італія). Была адзінай дачкой у сям’і горцаў. Хоць дзяўчына адчувала пакліканне да манаскага жыцця, бацькі вырашылі, што яна павінна выйсці замуж за Паола Манчыні.

Гэты шлюб цяжка назваць уданым. Муж Рыты быў імпульсіўным і жорсткім чалавекам, аднак жанчына заўсёды была цярплівай да яго. Нарадзіла дваіх сыноў. Але была вымушана гадаваць дзяцей адна, таму што Манчыні ў хуткім часе забілі члены мафіі. Убачыўшы, што сыны, падобным чынам, як іх бацька, збочваюць на дрэнную дарогу, прасіла Бога, каб лепш забраў іх з гэтага свету, чым тыя стануць забойцамі. Хлопцы памерлі падчас эпідэміі. 

Пасля смерці сыноў Рыта рэалізавала сваё жаданне ўступіць у кляштар аўгустыянак у Кашы. Жанчына не ўмела ні чытаць, ні пісаць, таму ёй даручалі вельмі простыя паслугі, якія тая ахвотна выконвала. Падчас працы Рыта часта цалавала пярсцёнак – знак сваёй сувязі з Езусам Абраннікам.

S.Rita da CasciaШмат малілася. Вымаліла сабе дар стыгматаў. На галаве манахіня адчувала рану ад аднаго з шыпоў з вянка Езуса, што нагадвала ёй пра Мукі Збаўцы. Гэтая містычная з’ява працягвалася 15 гадоў. Рыта таксама прасіла Бога, каб рану не бачыў ніхто навокал, і была пачутая.

Памерла ад туберкулёзу 22 мая 1457 года ў Кашы. Беатыфікавана папам Урбанам VIII у 1628 годзе. Кананізавана 24 мая 1900 года папам Львом XIII. Пантыфік назваў святую “каштоўнай жамчужынай Умбрыі”.

На сёння толькі ў Італіі налічваецца па меншай меры 300 касцёлаў і капліц пад тытулам св. Рыты. Сярод іх ёсць прыкладна 50 парафій і каля 10-ці санктуарыяў. Абраз святой таксама можна ўбачыць у многіх святынях. Найбольш вядомы санктуарый, цэнтр культу, знаходзіцца ў Кашы. Цела св. Рыты, захаванае ад раскладання, спачывае там у шкляной труне. 

Чаму мы можам навучыцца ў св. Рыты? 

Постаць святой нагадвае аб адным з найбольшых прагненняў людскога сэрца – супакоі. Сваім сціплым і ціхім жыццём яна заахвочвае нас увайсці на дарогу пакоры і паслухмянасці.

Цікава!

Пры магіле св. Рыты неаднаразова адбываліся надзвычайныя рэчы. Калі праз некалькі гадоў у касцёле адбыўся раптоўны пажар, нягледзячы на тое, што ўся святыня была зруйнавана, кіпарысавая труна з целам святой засталася некранутай.

З вуснаў святой

"Любі і змагайся!".

Літургічны ўспамін

Касцёл узгадвае св. Рыту 22 мая.

Кс. Юрый Марціновіч, паводле "Слова жыцця" 

 

Рэдагавана: 22 Мая 2018