З’яўляецца адзіным чалавекам, якога святым абвясціў сам Хрыстос. Яго імя (ад грэч. dysme – “захад сонца”) азначае “народжаны на захадзе сонца”. З пазнейшых апакрыфічных пераказаў вядомы як Добры Злачынца.
Св. Дызма – заступнік тых, хто заблукаў і хоча вярнуцца на добрую дарогу (між іншым, вязняў, асуджаных і капеланаў турмаў). Аб яго малітве і заступніцтве просяць таксама паміраючыя і пакутнікі.
Звяртаўся да Езуса па імені
Дызма быў адным са злодзеяў, павешаных на крыжы разам з Езусам. Спачатку, як і іншыя, насміхаўся з Хрыста, аднак у апошні момант пакаяўся. Калі за хвіліну да смерці другі злодзей на крыжы кпіў з Езуса, навернуты дакараў яго, гаворачы: “Ты нават Бога не баішся, хоць і сам асуджаны на тое самае? Мы асуджаныя справядліва, бо за тое, што зрабілі, атрымліваем. Ён жа нічога благога не зрабіў” (Лк 23, 40–41). Пасля чаго звярнуўся да Збаўцы, просячы: “Езу, узгадай мяне, калі прыйдзеш у сваё Валадарства” (Лк 23, 42). І атрымаў ад Месіі абяцанне, што ўжо сёння будзе з Ім у Раі. Гэта быў першы своеасаблівы акт кананізацыі, здзейснены Хрыстом.
Падчас дыялогу з Езусам на крыжы Дызма называе Яго па імені. Ва ўсіх Евангеллях гэта адзіны фрагмент, у якім нехта звяртаецца да Пана такім чынам. Ніводзін з суразмоўцаў Хрыста – будзь гэта хтосьці з Апосталаў ці вучняў, фарысеяў ці кніжнікаў, хворых, якім неабходна ацаленне, ці нават нячыстых духаў – не называе Яго непасрэдна па імені, а ўжывае пэўны тытул: Настаўнік, Раббі, Пане, Сыне Давіда. Гэта паказвае асаблівую блізасць Езуса і Злачынца, інтымныя адносіны, усталяваныя паміж церпячым Месіяй, высмейваным людзьмі ды салдатамі, і церпячым бандытам, якім пагарджалі на працягу ўсяго яго жыцця.
Акт веры Дызмы, учынены з вышыні крыжа, аказаў вялікае ўражанне на св. Аўгусціна. У сваіх разважаннях ён звяртаецца да Добрага Злачынца, пытаючыся: “Як ты распазнаў боскасць Месіі ў хвіліну, калі праціўнікі Хрыста апантана трыумфавалі і нават Апосталы не былі здольны распазнаць Яго аблічча ў агоніі? І адны, і другія вывучалі Пісанне, аднак не ўбачылі, што яно здзяйсняецца... Што ты зрабіў, каб зразумець гэта? Ці ж паміж разбойніцкімі вылазкамі ў цябе быў час на чытанне Кніг, якіх знатакі не маглі прачытаць?”. Пасля чаго ад імя Дызмы дае выдатны адказ: “Не, я не вывучаў Пісанні. Не, не разважаў над прароцтвамі. Толькі Езус глянуў на мяне... і ў Яго позірку я зразумеў усё!” (“Добры Злачынец”, Андрэ Дайно).
Чаму мы можам навучыцца ў св. Дызмы?
Добры Злачынца – сімвал Божай міласэрнасці, а таксама ўзор дасканалага жалю за грахі. На яго прыкладзе бачым, што нават загубленае па чалавечых мерках жыццё можна скончыць найлепшым з магчымых спосабаў – просячы ў Езуса прабачэння і ласку збаўлення. Дызма паказвае, што для шчырага навяртання ніколі не позна. Аднак трэба памятаць, што не варта чакаць з гэтым да апошняга моманту, бо не ведаем, калі ён надыдзе.
Цікава!
Добры Злачынца – сімвал Божай міласэрнасці, а таксама ўзор дасканалага жалю за грахі. На яго прыкладзе бачым, што нават загубленае па чалавечых мерках жыццё можна скончыць найлепшым з магчымых спосабаў – просячы ў Езуса прабачэння і ласку збаўлення. Дызма паказвае, што для шчырага навяртання ніколі не позна. Аднак трэба памятаць, што не варта чакаць з гэтым да апошняга моманту, бо не ведаем, калі ён надыдзе.
З вуснаў святога
“Езу, узгадай мяне, калі прыйдзеш у сваё Валадарства” (Лк 23, 42).
Літургічны ўспамін
Касцёл узгадвае св. Дызму 26 сакавіка.
Кс. Юрый Марціновіч, паводле "Слова Жыцця"