Для хрысціянскай традыцыі вялікае значэнне маюць “Апостальскія Айцы”. Гэтае ганаровае званне ўжывалася з XVII стагоддзя для тых святых пісьменнікаў Касцёла, якія жылі яшчэ ў часы Апосталаў і ад іх перадалі нам пэўныя звесткі. Гэтыя Айцы - непасрэдная лучнасць паміж вучнямі Хрыста і пазнейшым хрысціянствам. Да гэтых Айцоў мы залічваем і св. Палікарпа, які памёр каля 156 года.
Гэты Святы быў вучнем Яна Апостала. Паводле інфармацыі Тэртуліана і св. Гераніма, св. Ян Апостал прызначыў свайго вучня, св. Палікарпа, біскупам у Смірне, у Малай Азіі. У 155 годзе Палікарп асабіста адправіўся ў Рым, каб з папам Аніцэтам акрэсліць дзень святкавання Вялікадня, таму што ў тыя часы на захадзе гэтае найважнейшае каталіцкае свята адзначалі ў іншы тэрмін, чым на ўсходзе, што стварала значнае непаразуменне. Св. Палікарп кіраваў Касцёлам у Смірне каля 60 гадоў і каранаваў сваё жыццё пакутніцкай смерцю. Яму было больш за 86 гадоў, калі яго абвінавацілі ў зневазе язычніцкай рэлігіі і яе абрадаў і звычаяў і прыгаварылі да спалення на стосе.
Св. Палікарп пакінуў нам цэнны ліст. Важным помнікам старажытнахрысціянскай літаратуры з’яўляецца таксама апісанне пакут святога біскупа (“Martyrium Policarpi”). Паводле гэтага апісання, святы мог атрымаць свабоду, калі б адрокся ад Хрыста. Але калі яму загадалі гэта зрабіць, ён сказаў: “Што ж дрэннага зрабіў мне Хрыстос, каб я ганьбіў свайго Караля і Збаўцу?”
Святы з’яўляецца апекуном тых, хто пакутуе ад вушных хваробаў і ўзгадваецца 23 лютага. У жыццяпісах святых вядомыя 4 cвятыя з імем Палікарпа.