24 студзеня Каталіцкі Касцёл успамінае ў літургіі св. Францішка Сальскага, доктара Касцёла. Ён з’яўляецца апекуном каталіцкіх журналістаў і каталіцкай прэсы, бо на сценах і агароджах расклейваў лістоўкі з кароткімі тлумачэннямі каталіцкай веры.
Пачатак існавання шырокадаступных выданняў адносіцца да ХІХ ст. Толькі дзвесце гадоў таму пачалі казаць аб масавай прэсе, а гісторыя фільмаў, радыё, тэлебачання ці інтэрнэта яшчэ карацейшая.
Чаму ж апекуном сродкаў масавай інфармацыі з’яўляецца французскі тэолаг і філосаф, доктар Касцёла, які жыў на рубяжы XV i XVI стст. – святы Францішак Сальскі?
Найлягчэй было б адказаць, што такіх падапечных яму даў папа Пій ХІ у 1923 г., калі абвясціў яго апекуном і заступнікам супрацоўнікаў сродкаў масавай інфармацыі. Наданне якомусьці святому пэўнага патранату не з’яўляецца, аднак, выпадковым. Звычайна яно звязана нейкім чынам з біяграфіяй асобы, вынесенай на алтар.
Святы Францішак Сальскі нарадзіўся 26 жніўня 1567 г. у Торан-Гліер у заможнай шляхецкай сям’і. З дзяцінства яму забяспечылі добрую адукацыю і падрыхтоўку да прыемнага, арыстакратычнага жыцця. Малады Францішак трапіў у дэпрэсію, пачуўшы пратэстанцкія тэзісы аб прадвызначэнні душы, і вырашыў, што ён аддадзен на асуджэнне.
З апатыі яго вызваліла гарачая малітва да Найсвяцейшай Панны Марыі. Тады ён вырашыў таксама прысвяціць жыццё Богу. Скончыўшы правазнаўчую адукацыю, ён паступіў у семінарыю. Пасля прыняцця прэзбітэрскага пасвячэння, з прычыны свайго незвычайнага розуму і добрага паходжання, стаў рэктарам катэдры ў Жэневе.
Працуючы ў катэдры, ён атрымаў ад біскупа заданне вярнуць ва ўлонне Каталіцкага Касцёла жыхароў кантона Шабле, якія масава станавіліся кальвіністамі. Місія, даручаная маладому Францішку, была вельмі цяжкай – шмат яго папярэднікаў не выканалі гэтай задачы. Класічная агітацыя з касцёльнай амбоны не прыносіла выніку.
Святы Францішак вырашыў ствараць трактаты аб рэлігіі і дагматах у форме кароткіх, зразумелых большасцю жыхароў артыкулаў, тлумачачых праўды хрысціянскай веры ў святле Святога Пісання.
Францішак Сальскі не абмяжоўвася чытаннем сваіх працаў у катэдры. Ён друкаваў іх у сотнях экземпляраў і змяшчаў у публічнай прасторы – расклейваў на агароджах і сценах, распаўсюджваў па дамах жыхароў (як сёння распаўсюджваюцца рэкламныя лістоўкі супермаркетаў).
З гэтага часу звычайна раз у тыдзень жыхары з наваколля знаходзілі пад сваімі дзвярыма надрукаваныя гаміліі, напісаныя жывой і вобразнай мовай, дзе ўздымаліся канкрэтныя тэмы і ясна прадстаўлялася праблема. Свае думкі Францішак публікаваў таксама ў прэсе (трэба памятаць, што тагачасныя газеты адрозніваліся ад сучасных – яны выдаваліся радзей і траплялі толькі да найбагацейшых жыхароў).
Вынікі перавысілі самыя смелыя чаканні. Да Касцёла навярнуліся амаль усе, хто быў пад уплывам вучэння Кальвіна. Носьбіты інфармацыі, што выкарыстоўваліся св. Францішкам, можна назваць масавымі медыя XVI ст. Францішак Сальскі адкрыў новы спосаб евангелізацыі і выкарыстаў паўсюднасць друку.
Памёр ён раптоўна, верагодна, з прычыны інсульту або сардэчнага прыступу, 28 снежня 1622 г. Быў беатыфікаваны ў 1661 г. Папам Аляксандрам VII, які потым кананізаваў яго ў 1665 г. У 1877 г. Пій ІХ надаў яму тытул доктара Касцёла.
Адзначаючы літургічны ўспамін св. Францішка Сальскага, мы ўсведамляем, што задачай каталіцкіх журналістаў з’яўляецца найперш даваць сведчанне аб Касцёле, а ўчынкамі міласэрнасці сёння з’яўляецца адкрываць бліжнім вочы на негатыўны ўплыў медыя, дапамагаць вызваліцца з залежнасці ад медыя і падтрымліваць моладзь у набыцці ўмення адбору сродкаў масавай інфармацыі.
Задача каталіцкіх медыя – служыць Божай праўдзе аб чалавеку і свеце, служыць чалавеку ў яго найбольш фундаментальных пытаннях аб сэнсе жыцця. Тады грамадства інфармацыі, адрасатамі якога мы з’яўляемся, будзе ўсё больш перамяняцца ў грамадства і супольнасць камунікацыі і культуры сустрэч.
Медыя нашай Гродзенскай дыяцэзіі і людзі, якія ў іх працуюць, жадаюць спаўняць усе гэтыя заданні праз штодзённае служэнне і нясенне Добрай Навіны. Дзякуем усім, хто нас падтрымлівае духоўным і матэрыяльным чынам! Будзем і далей разам!
Кс. Юрый Марціновіч
Дырэктар Аддзела сродкаў масавай інфармацыі Гродзенскай дыяцэзіі