Адна з найбольш папулярных святых у каталіцкім Касцёле. У адной толькі медыяланскай дыяцэзіі ў яе гонар пабудавана 24 святыні. “Агата” азначае “добра народжаная”, “са шляхетнай сям’і”. Св. Агата нарадзілася каля 235 года і паходзіла са знакамітай сям’і з Катаніі, горада ў падножжа Этны.
Пасля прыняцця святога Хросту Агата вырашыла жыць у дзявоцтве. Калі Дэцыюш распачаў адно з найбольш крывавых пераследванняў Касцёла, Агата была сярод арыштаваных; яе моцна катавалі. У гэты час адбыўся землятрус, падчас якога загінула шмат язычнікаў. Уражаныя пераследнікі Касцёла ўбачылі ў гэтым Боскую кару і перасталі катаваць хрысціян. Аднак Хрыстос бачыў, што яго Агата ўжо выспела да неба. Св. Агата памярла ў вязніцы 5 лютага 251 г. са словамі: “Пане, які бараніў мяне ад дзяцінства, які вырваў з майго сэрца любоў гэтага свету і дапамог перамагчы столькі пакут, прымі мой дух”. Яе цела знаходзіцца ў катэдры роднай Катаніі. На магіле можна прачытаць напіс на лацінскай мове: “Для святой памяці, хвалы Бога і выратавання Айчыны”. Ужо праз год пасля смерці св. Агаты, калі адбыўся выбух Этны, лава, дзякуючы заступніцтву святой, затрымалася каля брамы Катаніі. Гэты цуд уразіў нават язычнікаў, якія беглі да яе магілы, каб аддаць пад апеку свае дамы і набытак. Святую лічылі апякункай агню. Асвечаныя ў яе дзень кавалкі хлеба і солі кідалі ў агонь, каб вецер накіраваў полымя ў адваротным накірунку. З днём св. Агаты звязана прымаўка “Соль святой Агаты сцеражэ ад агню хаты”.
У гэты дзень мы просім у малітве, каб Езус блаславіў хлеб і ваду праз заступніцтва святой Агаты як дапамогу, якая абароніць нас ад пагражаючых нам небяспек, асабліва ад бедства агню.