5 верасня прыпадае літургічны ўспамін св. Маці Тэрэзы з Калькуты. Яна была беатыфікавана 19 кастрычніка 2003 г. Янам Паўлам ІІ. Яе кананізацыя адбылася 4 верасня 2016 г. у Рыме.
Маці Тэрэза з Калькуты (1910-1997) увайшла ў гісторыю як “маці ўбогіх”. Дзякуючы сваёй дзейнасці на карысць бедных, бяздомных, хворых і паміраючых заснавальніца манаскай супольнасці і лаўрэатка Нобелеўскай прэміі міру стала незабыўнай постаццю.
Свет запомніў яе як невялікую, прыгорбленую жанчыну ў белым адзенні, якая стала вялікім маральным аўтарытэтам і сімвалізавала моц любові напрыканцы ХХ стагоддзя.
Крыніцай духоўнай сілы Маці Тэрэзы была гарачая малітва і шматгадзінная адарацыя Езуса, прысутнага ў Найсвяцейшым Сакрамэнце. Гэта перад Ім яна штодзённа выказвала таямніцы і прагненні свайго сэрца. Над уваходам у капліцу, дзе прабываюь яе сёстры ў Калькуце, змешчана слова “Прагну”. Маці Тэрэза адказвала на гэтае прагненне Езуса служэннем Пану ў паміраючых бедняках.
Яскравым доказам гэтага было ў 1982 г. праходжанне праз зону агню ў Бейруце з працаўнікамі Чырвонага Крыжа, дзякуючы чаму яна ўратавала 37 дзяцей з франтавога шпіталя.
У адкінутых і церпячых яна бачыла змучанага Пана. Яна часта паўтарала: “Сёння Хрыстус – у людзях нежаданых, беспрацоўных, пазбаўленых апекі, галодных, голых і бяздомных. Гэтыя людзі здаюцца непатрэбнымі для дзяржавы і грамадства; ніхто не мае для іх часу. Гэта менавіта ты і я як хрысціяне – годныя любові Хрыста настолькі, наколькі наша любоў сапраўдная, – з’яўляемся тымі, якія павінны іх знайсці і дапамагчы ім; яны існуюць, каб іх знайсці”.
Усё яе жыццё было сведчаннем веры, надзеі і любові. Яна заахвочвае нас і сёння: перадавай людзям Езуса не словамі, але сваім прыкладам, любячы Яго, ззяючы Яго святасцю і разносячы любоў усюды, дзе знаходзішся.
Пранікнемся хоць адной думкай з Евангелля і споўнім яе менавіта сёння, “трацячы” наша жыццё для Езуса і нашых блізкіх, каб і мы мелі ў сабе больш надзеі і супакою сэрца. А прыкладам гэтага прыгожага і адданага служэння Богу і людзям няхай будзе Маці Тэрэза, святая ад убогіх.
Кс. Юрый Марціновіч