22 ліпеня Каталіцкі Касцёл у другі раз адзначае дзень святой Марыі Магдалены як свята. Да 2016 г. гэта быў абавязковы ўспамін. Змена адбылася па жаданні Папы Францішка, які хацеў такім чынам падкрэсліць ролю не толькі гэтай святой жанчыны, якая першая перадала свету звестку аб уваскрасенні Пана Езуса, але і ролю ўсіх жанчын у Касцёле.
Тым самым Святы Айцец звярнуў увагу, што патрэбны глыбейшы погляд на годнасць жанчыны, на новую евангеліацыю і на вялікую таямніцу Божай міласэрнасці.
Тая, якую святы Тамаш Аквінскі называў “апосталкай апосталаў”, святы Грыгорый Вялікі – “сведкай Божай міласэрнасці”, любячая Пана і моцна любімая Ім – святая Марыя Магдалена. Менавіта яна была пастаўлена прыкладам служэння жанчын у Касцёле.
Kім была гэтая жанчына?
Марыя Магдалена атаясамліваецца з распусніцай, якая сустрэла Езуса і парвала з ранейшым стылем жыцця. Святы Грыгорый Вялікі першы атаясаміў Марыю Магдалену з грэшніцай, якая падчас застолля ў Сымона слязьмі абмыла Езусу ногі.
Таксама лічыцца, што Марыя Магдалена – сястра Лазара, якая ў Евангеллі паводле Яна намасціла ногі Езуса пахучымі алеямі (11,2). Яе постаць атачаюць легенды. Біблейскія тэксты ясна ўказваюць, што яна была сведкай уваскрасення Хрыста. Святы Лука піша, што яна была сярод жанчын, якія спадарожнічалі Езусу ў вандроўках па Галілеі (пар. Лк 8, 2-3). Гэты тэкст не ўказвае на тое, што ў групе жанчын былі распусніцы. Там былі жанчыны, якіх Езус вызваліў ад слабасці і ад злых духаў.
Пра яе ж чытаем, што Езус выгнаў з яе сем духаў (пар. Мц 6, 9: Лк 8, 2). Няма ўпэўненасці ў тым, што яна была распусніцай, але мы ведаем, што яна была сведкай уваскрасення Хрыста. Больш за тое, яна – па просьбе самога Езуса – скіравалася да апосталаў, каб паведаміць ім, што Ён уваскрос. Пазней яны сталі абвяшчаць гэтую праўду. Таму слушна, што яна была названа “апосталкай апосталаў”.
Чаму сёння яна можа быць прыкладам?
Адказваючы на гэтае пытанне, узгадаем фрагмент дэкрэту, у якім успамін святой Марыі Магдалены ўзводзіцца ў ранг свята. Там гаворыцца: “У нашы часы, калі Касцёл закліканы яшчэ больш засяродзіцца на годнасці жанчыны, на новай евангелізацыі і на вялікай таямніцы Божай міласэрнасці, здаецца слушнай рэччу, каб таксама постаць св. Марыі Магдалены яшчэ лепш была паказана вернікам”.
Вылучаюцца тры важныя элементы:
- годнасць жанчыны. Езус падчас сваёй дзейнасці ніколі не адкідваў жанчын, не адварочваўся ад іх. Наадварот, Ён дазваляў ім набліжацца да сябе. Ён найлепш ведае годнасць кожнага чалавека, у тым ліку кожнай жанчыны. І менавіта гэтаму Ён вучыў сваіх апосталаў і гэтаму вучыць сёння нас. Таксама Касцёл бачыць годнасць жанчын і цэніць іх уклад у сваё жыццё. Ставячы нам у прыклад св. Марыю Магдалену ў яе адносінах да Настаўніка, Касцёл жадае яшчэ больш падкрэсліць і заўважыць гэтую ролю жанчыны. Яна вучыць нас удзелу ў жыцці Хрыстовага Касцёла.
- новая евангелізацыя. Яна з’яўляецца абвяшчэннем керыгмы, значыць праўды аб тым, што Езус дзеля мяне памёр і ўваскрос. Марыя Магдалена была той, якая першай абвяшчала керыгму, прычым самім апосталам. Яна нічога не баялася, а адважна перадавала словы Пана. Таму яна для нас – прыклад абвяшчэння Евангелля.
- вялікая таямніца Божай міласэрнасці. Марыя Магдалена спазнала Божую міласэрнасць. Вызваленая ад злых духаў і слабасці, яна стала вучаніцай Езуса. Тая, якую Ён палюбіў, яна любіла да канца. Таму яна з’яўляецца для нас прыкладам адкрытасці на Божую міласэрнасць, але і вернага трывання пры Пану.
Таму святая Марыя Магдалена – прыклад для кожнай жанчыны ў Касцёле.
Кс. Юрый Марціновіч