15 ліпеня адбылася пешая пілігрымка Гродна – Адамавічы – Навумавічы. Вернікі прыбылі на форт № 2 – месца спачыну расстраляных падчас ІІ Сусветнай вайны жыхароў Гродна і Ліпска, каб ушанаваць памяць тых, хто ахвяраваў сваё жыццё. Там традыцыйна была адпраўлена св. Імша ў інтэнцыі загінулых. Сярод іх была і бл. Мар’яна Бярнацкая, якая нястомна імкнулася да святасці. Аддаючы жыццё за іншага чалавека, яна стала наступніцай самога Езуса Хрыста.
Дарога да святасці
Мар’яна з роду Чакала нарадзілася ў 1888 годзе ў Ліпску над Бебжай (Польшча). Ва ўзросце 20-ці гадоў выйшла замуж за Людвіка Бярнацкага. Пара мела шасцярых дзяцей, чацвёра з якіх памерлі адразу пасля нараджэння. У 1929 годзе, пасля смерці мужа, жанчына пасялілася ў свайго сына Станіслава, які праз 10 гадоў ажаніўся з Ганнай Шымчык. З той пары Мар’яна дзяліла сваю штодзённасць з маладым сужэнствам, праяўляючы да яго асаблівы клопат, мацярынскую любоў і зычлівасць.
Жыццё бласлаўлёнай было напоўнена верай, каханнем, малітвай, працай і цярпеннем. Шмат часу яна прысвячала Богу. Стварыцель быў найважнейшым, таму шукала Яго не толькі ў касцёле, але і за межамі святыні. Выключнай пашанай ахінала Маці Божую, якую старалася пераймаць. Рэгулярна ўдзельнічала ў марыйных набажэнствах. Праз заступніцтва Найсвяцейшай Маці ядналася з Яе Сынам.
13 чэрвеня 1999 года папа Ян Павел ІІ абвясціў бласлаўлёнымі Мар’яну Бярнацкую і іншых мучанікаў ІІ Сусветнай вайны. “Мы адзначаем перамогу тых, хто ў нашым стагоддзі аддаў жыццё для Хрыста. Аддаў зямное жыццё, каб атрымаць яго навечна ў Боскай хвале. Таму мы слушна імкнёмся па іх прыкладзе верна крочыць за Езусам”, – гаварыў Святы Айцец у гаміліі падчас беатыфікацыйнай урачыстасці.
Падзяка патомкаў за любоў і самаадданасць
Спадар Станіслаў Бетко, праўнук бл. Мар’яны, успамінае, што калі быў малым хлопцам, яго бабуля Ганна Бярнацкая і цёця Леакадзія Чаркоўская часта расказвалі пра яе. “Гэта была простая, ціхая, пакорная і працавітая жанчына, адданая сваім блізкім. Бог і родны дом былі для яе цэлым сусветам. Я ганаруся сваёй прабабуляй, – падкрэслівае спадар Станіслаў. – Гэта вялікі дар мець бласлаўлёную сваячку. Думаю, менавіта дзякуючы яе заступніцтву наша сям’я здаровая і жыве ў згодзе. Пасля глыбейшага роздуму магу зрабіць выснову, што мой род павінен распаўсюджваць культ бл. Мар’яны, сцвярджаючы, што няма большай любові, чым тая, калі хто складае сваё жыццё ў ахвяру”.
Падзяка патомкаў за любоў і самаадданасць
Спадар Станіслаў таксама адзначае, што члены яго сям’і моляцца праз заступніцтва бл. Мар’яны, у 2-ую суботу ліпеня прыходзяць на адпуст у яе гонар, устаноўлены ў Элцкай дыяцэзіі, адкуль сваячка родам. “Штогод стараюся прыязджаць у Беларусь, каб прыняць удзел ва ўрачыстасцях на месцы смерці цывільнага насельніцтва ля форта № 2 у Навумавічах. Такім чынам хачу ўшанаваць прабабулю і хаця б трохі наблізіць яе жыццё і мучаніцтва беларускім пілігрымам”, – гаворыць спадар Станіслаў.
Заступніца свекрывей
У Ліпску, дзе нарадзілася бл. Мар’яна, знаходзіцца каменны абеліск з памятнай табліцай: “Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх” (Ян 15, 13). Бласлаўлёнай Мар’яне Бярнацкай, дачцэ Ліпскай зямлі, якая 13 VII 1943 года з любові да бліжніх склала ў ахвяру сваё жыццё...”. А ў мясцовым санктуарыі Маці Божай Базыльянкі знаходзіцца абраз бласлаўлёнай, да якога прыбывае ўсё больш пілігрымаў, а асаблівым чынам свякрові, каб выпрошваць для сябе і блізкіх патрэбныя ласкі.
Як вотум удзячнасці за гераічны ўчынак імем бл. Мар’яны Бярнацкай названы Дом адзінокай маці ў Элку. Пра духоўнасць гэтай жанчыны гаворыцца ў малітоўніку “Я пайду за ёй”, выдадзеным для мам і свекрывей у 2014 годзе на сродкі мясцовага “Карытас”.
“Прыклад нашай бласлаўлёнай дыяцэзіянкі спрыяе таму, што бачым у ёй у першую чаргу заступніцу свекрывей, – адзначае біскуп. – Але мы не абмяжоўваем асаблівую ролю бласлаўлёнай, бачым яе і як заступніцу ўдоў, нявестак, сем’яў. Яна заўсёды абараняла здаровыя адносіны ў сям’і. Гэта вельмі важна, асабліва сёння, калі сямейныя каштоўнасці перажываюць глыбокі крызіс, калі атакі скіроўваюцца на само паняцце сужэнства як саюзу жанчыны і мужчыны, яго неразрыўнасць. Прасіце аб заступніцтве бл. Мар’яны, каб адносіны паміж членамі сем’яў станавіліся лепшымі, прыгажэйшымі, больш чулымі”, – заахвочвае ардынарый Элцкай дыяцэзіі.
25 лютага 2017 года рэліквіі бл. Мар’яны былі ўнесены ў санктуарый Маці Божай Зоркі Новай Евангелізацыі і св. Яна Паўла ІІ у Торуні (Польшча), дзе адбываюцца штомесячныя набажэнствы для жанчын.
Пра ахвярнае жыццё і гераічную смерць мужнай жанчыны да гэтага часу ўспамінаюць у шматлікіх гаміліях і канферэнцыях. Вернікі не перастаюць лічыць яе прыкладам для пераймання як у сямейным, так і ў парафіяльным жыцці.
Кс. Юрый Марціновіч і Кінга Красіцкая