Skip to main content

20 лютага – літургічны ўспамін благаслаўлёных фацімскіх пастушкоў

childrenf20 лютага адзначаецца літургічны ўспамін фацімскіх дзяцей – благаслаўлёных Францішка і Жасінты. Ім Маці Божая ў Фаціме перадала пасланне, у якім заклікала да навяртання і пакаяння.

 

Чаму літургічны ўспамін пастушкоў адзначаецца менавіта 20 лютага?

Гэты дзень абраны датай літургічнага ўспаміну благаслаўлёных фацімскіх пастушкоў, таму што 20 лютага памерла Жасінта – самая малодшая з тых, каму аб’явілася Панна Марыя. Літургічныя ўспаміны святых часта прыпадаюць на дзень іх смерці, у Каталіцкім Касцёле ён лічыцца днём нараджэння да вечнага жыцця. У выпадку Францішка і Жасінты было вырашана ўспамінаць іх у дзень смерці самай малодшай.

Якое значэнне мае гэты ўспамін для Касцёла і свету?

У дзень літургічнага ўспаміну Францішка і Жасінты мы дзякуем Богу за тое, што яны такім выключным спосабам перажывалі пакліканне да святасці. Гледзячы на гэтых дзяцей з сённяшняй перспектывы, мы заўважаем, што яны прымалі заданні, якія ставіла перад імі Божая Маці, такім чынам, што ўсё іх жыццё стала спаўненнем фацімскага паслання.

Успамін благаслаўлёных Францішка і Жасінты павінен быць таксама ажыўляючым імпульсам для нашага ўласнага паклікання да святасці, нашай гатоўнасці прымаць з даверам волю Бога і намеры Яго міласэрнасці.

Ён павінен быць заахвочваннем да малітвы і выразам веры ў заступніцтва гэтых дваіх Божых сяброў, праз якіх мы давяраем нашы радасці і смутак Богу.

Ці звязана пасланне, якое пастушкі пачулі ад Маці Божай і перадалі свету, з акрэсленым гістарычным перыядам?

Маці Божая перадала пастушкам пасланне ў асаблівым гістарычным кантэксце, і важна не згубіць гэтага кантэксту з-пад увагі. Менавіта гэты кантэкст з’яўляецца важным элементам фацімскага паслання, і яго разуменне дае нам ключ да прачытання паслання.

abiaulenni

Ужо шмат разоў падкрэслівалася, што сярод усіх аб’яўленняў Маці Божай Фаціма прадстаўляе пасланне найбольш прароцкае і палітычнае. Чытаючы “Успаміны сястры Люцыі” – самай старэйшай з візіянераў, – мы адкрываем позірк надзеі, які Бог скіраваў на мінулае стагоддзе, рэалістычны, але напоўнены надзеяй і міласэрнасцю позірк на драму часоў цярпення і граху.

Аднак гэта не азначае, што гэтае пасланне не адносіцца да нашых часоў. Фаціма – найперш паўтарэнне зместу Добрай Навіны. У фацімскім пасланні мы можам знайсці шмат евангельскіх заклікаў: да малітвы, навяртання, любові да Бога і даверу Яму жыцця…

Гэта дае надзею, што гэтае пасланне актуальна заўсёды, бо найважнейшае ў ім – знаходжанне сябе ў Божай любові і абавязак да яе.

Падчас аб’яўленняў Маці Божая прасіла пастушкоў чыніць ахвяры за грэшнікаў. Ці мае яшчэ сэнс гэтая просьба ў нашы часы?

Ахвяра – гэта тая рэчаіснасць, з якой нараджаецца жыццё. Нам дастаткова падумаць аб хвіліне нараджэння, каб зразумець, што дар жыцця патрабуе ахвяры ад іншага чалавека.

Ахвяраваць за грэшнікаў – значыць аддаць сваё жыццё Богу, за тых, якія аддаліліся ад Яго любові. Гэта значыць у глыбіні сэрца стаць удзельнікам адкупленчай місіі Езуса, каб сабраць усё і ўсіх у доме Айца.

Ахвяра, аб якой Маці Божая прасіла ў Фаціме, - форма адважнага прыняцця гэтай рэчасінасці, а таксама свайго роду практыкаванні, якія калісьці пастушкі, а сёння кожны з нас, павінны прымаць, каб удасканальвацца ва ўдзячнасці Богу за сваё жыццё і ахвяраванні яго за бліжніх.

На якім этапе знаходзіцца працэс беатыфікацыі сястры Люцыі і працэс кананізацыі Францішка і Жасінты?

Працэсы беатыфікацыі і кананізацыі звычайна працягваюцца вельмі доўга, бо патрабуюць паглыбленага вывучэння жыцця Божых слуг, а таксама веры з боку вернікаў у святасць гэтых асобаў.

Працэсы беатыфікацыі Францішка і Жасінты пачаліся ў 1952 г., а дэкрэты аб гераічнасці іх цнот былі падпісаны Папам Янам Паўлам ІІ толькі ў 1989 г. Яны адкрылі шлях да беатыфікацыі, якая адбылася ў 2000 г., пасля пацвярджэння першага цуду, здзейсненага праз заступніцтва пастушкоў.

Працэс беатыфікацыі Люцыі завяршыўся 13 лютага гг. на дыяцэзіяльным этапе. Патрабавалася вывучэнне больш чым 70 тысяч лістоў, якія атрымала і напісала сястра Люцыя ў час свайго жыцця. Згоду на распачацце працэсу яе беатыфікацыі выказаў Папа Бэнэдыкт XVI 13 лютага 2008 г., у трэцюю гадавіну яе смерці, хоць касцёльнае права патрабуе, каб прайшло мінімум пяць гадоў з часу смерці кандыдата да хвалы алтара.

Pope John Paul II and Sister Lucia

Калі казаць пра кананізацыю благаслаўлёных Францішка і Жасінты, не хапае толькі цуду, здзейсненага праз іх заступніцтва. Зараз вядзецца праца па даследаванні прыкладу іх жыцця і ўзбуджэння ў верніках веры ў тое, што двое дзяцей з Фацімы знаходзяцца ў любові з Богам.

Апрацаваў на аснове інтэрнэт-старонак кс. Юрый Марціновіч

Рэдагавана: 20 Лютага 2017