У жыццё траіх пастушкоў увайшоў сам Бог і даручыў ім перадаць Пасланне, скіраванае ўсяму свету. Гіяцынта, Луцыя і Францішак не толькі асабіста стараліся выканаць пажаданні Марыі, але і ішлі да іншых, каб пераканаць людзей у сапраўднасці аб’яўленняў і заахвоціць іх да малітвы. Дзеці сталі здольнымі да гераічных ахвяр, складзеных з любові да Езуса за навяртанне грэшнікаў і адплату за грахі, здзейсненыя супраць Беззаганнага Сэрца Марыі. Іх хваляваў лёс грэшнікаў. Спачуванне да загубленых людзей узрасло яшчэ больш пасля таго, як Марыя паказала ім пекла.
Аднойчы Францішак і Гіяцынта пачулі ад Маці Божай, што ў хуткім часе адыдуць у неба. Прынялі гэта са спакоем, што сведчыла аб сталасці іх веры. А Луцыі Марыя сказала, што, згодна з жаданнем Пана Езуса, яна будзе жыць доўга, каб вучыць людзей годна ўшаноўваць Яе Беззаганнае Сэрца.
У хуткім часе пасля атрымання Паслання Францішак і Гіяцынта памерлі. У маі 2000 года былі беатыфікаваны папам Янам Паўлам ІІ. Літургічны ўспамін бласлаўлёных Гіяцынты і Францішка Марто – 20 лютага. А Луцыя далучылася да кармэлітак босых. Адышла ў вечнасць значна пазней, у 2005 годзе. Зараз працягваецца дыяцэзіяльны этап працэсу яе беатыфікацыі, які павінен у хуткім часе скончыцца.
Бласлаўлёная Гіяцынта Марто нарадзілася 11 сакавіка 1910 года ў Алжуштрэл (Партугалія). Ніколі ні на што не наракала і цешылася тым, што мела. Кожны вечар прасіла бацькоў і родных супольна памаліцца Ружанец. Запрашала да малітвы суседзяў. Заўсёды жадала шчасця іншым людзям. Аб’яўленні Маці Божай абудзілі ў дзяўчынцы глыбокую літасць і спачуванне да грэшнікаў з-за цярпенняў, якія чакалі іх пасля смерці. Таму часта малілася аб навяртанні і здзяйсняла епітым’ю ў іх інтэнцыі, што стала характэрнай рысай яе духоўнасці.
“Гіяцынта так моцна прыняла ў сваё сэрца ахвяры за навяртанне грэшнікаў, што не прапускала ніводнай нагоды для гэтага, – успамінала Луцыя. – Дзеці з двух сем’яў, якія жылі ў Мойта, хадзілі жабраваць. Аднойчы, ідучы на пашу са статкам, мы іх сустрэлі. Заўважыўшы дзяцей, Гіяцынта сказала: «Давайце аддадзім гэтым бедакам свой пасілак за навяртанне грэшнікаў». І пабегла, каб занесці яго. (...) Як толькі мы бачылі гэтых дзяцей, Гіяцынта аддавала ім наш дзённы пасілак. Прытым, з такой радасцю, нібы не адчувала яго адсутнасці”.
Па натуры дзяўчынка была вельмі жвавай. А падчас першага аб’яўлення ўважліва слухала Маці Божую, не прамовіўшы ні слова. “Аднойчы нас наведалі 2 ксяндзы, – узгадвае Люцыя, – задавалі пытанні. Параілі маліцца за Святога Айца. Гіяцынта запыталася ў іх, хто ён такі. Святары растлумачылі і звярнулі ўвагу, што той моцна патрабуе малітвы. З гэтага часу Гіяцынта ўзбудзіла ў сабе такую вялікую любоў да Святога Айца, што заўсёды, складаючы Езусу якуюсьці ахвяру, дадавала: «І за Святога Айца»”.
У снежні 1918 года Гіяцынта захварэла на іспанскі грып, у выніку чаго атрымала гнойную пнеўманію з мноствам ускладненняў. Падчас аперацыі 10 лютага 1920 года ёй выдалілі 2 рабры. Праз некалькі дзён дзяўчынка паведаміла сваім блізкім, што дрэнна сябе адчувае і хутка памрэ.
Да хворай прыбыў святар, каб выслухаць яе споведзь. Вечарам 20 лютага 1920 года гэтую маленькую кветку Прыгожая Панна правяла ў Неба.
Усведамляючы тое, што ўдзельнічае ў вялікіх Божых планах, малая дзяўчынка з адкрытым сэрцам прымала ўсе цярпенні і радасна ператварала іх у ахвяру адкуплення і малення за грэшнікаў. Была глыбока пераканана, што яны з’яўляюцца выратаваннем для тых, каму гэта больш за ўсё неабходна.
Бласлаўлёная Гіяцынта прыгадвае нам, што Пан Бог, багаты на міласэрнасць, патрабуе ад чалавека ахвяры як адкуплення за грахі. Вучыць, што пакуль мы не зменім сваё жыццё і не станем як дзеці, не ўвойдзем у Валадарства Нябеснае (параўн. Мц 18, 1–5).
кс. Юрый Марціновіч