Акрамя сакрамэнтаў, Касцёл мае таксама вялікае багацце сакрамэнталіяў. Гэта асаблівыя знакі, якія павінны наблізіць нас да Бога. Адным са звычаяў з’яўляецца благаслаўленне хлеба, вады і солі ў гонар святой Агаты.
Раней культ святой Агаты быў больш распаўсюджаны. Людзі верылі, што ад пажару іх дом абароніць хлеб св. Агаты. Яны кленчылі перад яе выявай і прасілі аб заступніцтве.
Успамін аб гэтым, калісьці паўсюдным, звычаі захаваўся між іншым у народных прыказках:
Дзе святая Агата,
Бяспечна там хата.
або:
Соль святой Агаты
Сцеражэ ад агню хаты.
Згодна са шматвекавой традыцыяй, таксама і ў наш час 5 лютага ў касцёла і капліцах благаслаўляюць хлеб, ваду і соль. Яны павінны аберагаць нас і нашы памяшканні ад небяспекі пажару, ад маланкі і іншага зла.
Вельмі часта асвечаны хлеб маці даюць дзецям, калі тыя пакідаюць родны дом, адпраўляючыся ў школу, ідучы ў войска ці едучы на працу за мяжой. Здараецца, што вадзіцелі змяшчаюць гэты хлеб у сваіх машынах.
Асвячаючы хлеб, ваду і соль у гонар гэтай святой, мы просім яе аб апецы над нашай маёмасцю. Малітва, якая ўзносіцца да яе ў хвіліны навальніцы з просьбай аб заступніцтве перад Богам, вельмі паспяховая.
Благаслаўленне хлеба, вады і солі належыць да так званых святых знакаў, якія павінны дапамагчы між іншым у нашым асвячэнні. Гэтыя сакрамэнталіі не з’яўляюцца магічнымі амулетамі, якія павінны ад чагосьці абараніць. Яны з’яўляюцца знакам блізкасці Бога.
Мы павінны кіраваць нашы думкі да Яго, непасрэдна або праз заступніцтва святой. Гэта павінна схіляць нас да таго, каб даверыцца Пану, як гэта рабілі святыя. Гэта наша сапраўдная сіла – давер Богу, які з’яўляецца фундаментам нашага жыцця.
Кс. Юрый Марціновіч